Карэспандэнты раёнкі адправіліся ўслед за тэхнікай ААТ “ВязаўніцаАгра” — убачыць, як нарыхтоўваецца адзін з галоўных кампанентаў зімовага рацыёну буйной рагатай жывёлы

Восеньскі дзень кароткі, неўзабаве пахаладае. Каб паспець закласці ў траншэі сілас, механізатары працуюць на мяжы магчымасцей.
На адным з палёў гаспадаркі сустракаем механізатара Уладзіміра Мяцельскага і вадзіцеля аўтамабіля Рамана Іўчыка. Вопытныя аграрыі працуюць разам не першы сезон, таму іх дзеянні даведзены да аўтаматызму. Уладзімір Іванавіч — за рулём кормаўборачнага камбайна, Раман Раманавіч вядзе МАЗ з высокабартавым прычэпам. Іх тандэм у полі — гэта добра наладжаны механізм. Камбайн скошвае кукурузу, МАЗ рухаецца побач, прымаючы зялёную масу на хаду. Каб шнэк трапляў дакладна ў кузаў, вадзіцель пастаянна кантралюе хуткасць і адлегласць да камбайна. Галоўнае не спяшацца, але і не марудзіць, інакш маса страціць вільготнасць.
Каб камбайн працаваў без перапынкаў, на полі пастаянна курсіруе транспарт. У адной звязцы з Раманам Іўчыкам на адвозцы зялёнай масы — механізатар Валерый Ганчаронак і вадзіцель Аляксандр Чыгілейчык. Яны ідуць следам адзін за адным, каб зялёны паток трапляў у траншэі хутка і рытмічна. Работаюць без разрываў: пакуль адзін грузавік едзе да ямы, другі ўжо займае месца каля камбайна. Канвеерная сістэма дазваляе трымаць высокі тэмп і не губляць каштоўныя хвіліны, пакуль сонца і вільготнасць спрыяюць збору.
Усяго для “царыцы палёў” у сельгаспрадпрыемстве адведзена амаль 2 800 гектараў зямлі, з якіх больш за дзве тысячы — на сілас і зялёны корм. Да ўборкі прыступілі ў пачатку верасня, па даных на сераду, тут ужо назапашана чатыры тысячы тон сіласу. Першая траншэя цалкам запоўнена і накрыта плёнкай, уся ўвага перакінулася на другую — менавіта туды безупынна вязуць свежую масу.
Калі яе чарговая порцыя трапляе на край траншэі, у справу ўступае трэці фронт — трамбовачны. Тут працуе механізатар Міхаіл Рыбакоў. Яго “Амкадор” не спыняецца ні на хвіліну: ён раз за разам праязджае па свежай кукурузнай рэзцы, утрамбоўваючы яе ў шчыльны пласт. Галоўнае — выгнаць паветра, каб сілас не закіс і не сагрэўся, тады і кармавая каштоўнасць застанецца найвышэйшай. Трактар рухаецца павольна, але ўпэўнена: спачатку ўздоўж, потым упоперак, потым па дыяганалі.
Усяго на палях гаспадаркі цяпер задзейнічана дзесяць адзінак тэхнікі: два камбайны скошваюць кукурузу, “Амкадор” трамбуе масу, сем машын і трактароў — на адвозцы. Тэмп зададзены высокі — давесці агульны аб’ём сіласу да 30 тысяч тон!
Алена Суета
