Конкурс «Містэр Асіповічы — 2014»: шасцёра смелых

Мужчынскія конкурсы прыгажосці для Беларусі даволі рэдкія: калі жанчына проста павінна быць прыгожай, то ад мужчыны падобнага, як правіла, не патрабуе ніхто. Ён, на думку грамадства, павінен быць моцным, смелым, упэўненым у сабе і акуратным.
У Асіповічах з гэтым сцвярджэннем спрачаюцца ўжо не ўпершыню: пакуль ідзе падрыхтоўка да першага такога конкурсу рэспубліканскага ўзроўню, у раённым Цэнтры культуры кампетэнтнае журы ўжо ў трэці раз выбірала «Містэра Асіповічы». Прэтэндэнты на высокі тытул, зразумела, павінны валодаць не толькі знешняй прывабнасцю, але і ўнутранай прыгажосцю, быць харызматычным і ўсебакова развітым і мець творчую індывідуальнасць: мала проста выйсці і паказаць сябе.

Смельчакоў з поўным наборам узгаданых якасцей аказалася шасцёра, і два тыдні з дапамогай харэографа Яўгеніі Мацкевіч, педагога па вакале Веранікі Кузьміч, гукарэжысёра Андрэя Касьянава, арганізатараў Таццяны Сазановіч, Таццяны Логвін, Мікалая Самусевіча яны рыхтаваліся да барацьбы за званне “Містэр Асіповічы-2014”.
4 красавіка ў прасторнай зале РЦК быў поўны аншлаг: наперадзе, па словах вядучых, гледачоў чакалі два часы задавальнення для жанчын і рэўнасці для мужчын. Дзяўчыны з груп падтрымак некаторых удзельнікаў конкурсу актыўна віскаталі, крычалі і пляскалі ў далоні, калі ўбачылі сваіх любімчыкаў у дзелавых і спартыўных касцюмах. Вядома, паказ элегантных касцюмаў з дэфіле дзяўчат у купальніках не параўнаць, але, пагадзіцеся, не кожны дзень прыгажуны цешаць вока, апрануўшыся ў касцюм з гальштукам.
Акрамя забаўляльнага і кулінарнага конкурсаў, якія перамяжоўваліся выступленнямі артыстаў мас-тацкай самадзейнасці, у поўнае захапленне гледачоў прывяла «Візітоўка», дзе маладыя людзі распавялі пра сябе неверагоднымі спосабамі: танцам з пастановачных відэа, з дапамогай мультыплікацыйных герояў, тэатралізаванай пастаноўкай, прэзентацыяй фота з сямейнага архіва. Самая відовішчная і прыгожая частка — творчая — таксама парадавала: былі і дэкламацыя вершаў, і песні на рускай і французскай мовах, і танцы, і філасофскі маналог. Выдатную фізічную форму канкурсанты прадэманстравалі “ўжывую” ў забаўляльным конкурсе і відэазапісы спаборніцтва па плаванні, загадзя праведзенага ў нашым басейне.
Рашэнне журы конкурсу пад старшынствам начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Iрыны Раманчук, куды ўвайшлі і «Місіс-2013» і «Містэр-2012» Вольга Аліферовіч і Раман Сярчэня, было аднагалосным: тытул «Містэр Асіповічы-2014» па праве належыць Віталю Падцярэбу, старшаму майстру ААТ «ПМК № 95 «Вадбуд» (чацвёрты злева), а «Віцэ-містэра» — кіраўніку тэатральнай студыі Яўгену Чысцякову. Самы старэйшы ўдзельнік Аляксей АтрашэўскI — зараз «Містэр Абаянне», Антон БаравIк – «Містэр Знаходлівасць», Максім Бурак — «Містэр Спорт», Аляксей ТарапацкI — «Містэр Стыль». Усе ўдзельнікі атрымалі падарункі ад аддзела ідэала-гічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, ААТ «Асіповіцкі хлебазавод» і БРСМ. I, натуральна, дыпломы, якія пацвярджаюць іх новыя званні пераможцаў у баталіі высакароднасці, мужнасці, галантнасці і крэатыўнасці.
24-гадовы Віталь Падцярэба — творчая асоба, член асацыяцыі маладых навукоўцаў, кандыдат у майстры спорту па лёгкай атлетыцы і спартыўным арыентаванні і вялікі аматар танцаў.
— На сцэну выходзіў і раней, — дзеліцца ён уражаннямі. — У ВНУ быў членам каманды КВЗ, але ў падобным мерапрыемстве ўдзельнічаў упершыню, і, скажу шчыра, гэта нялёгкая праца. Але і задавальненне вялікае. Сілы ўдзельнікаў былі пры—кладна роўнымі, таму да самага канца захоўвалася інтрыга. Калі мяне назвалі новым «Містэрам«, адчуў сапраўдны эмацыйны выбух! Хлопцы, якія ўдзельнічалі ў конкурсе, вельмі ўдзячныя арганізатарам і ўсім, хто дапамагаў у яго падрыхтоўцы і правя—дзенні. Асобны дзякуй непараўнальным вядучым Ганне Калодка і Юліяне Вараўка і, канечне, публіцы. Дзякуючы агульным намаганням атрымалася сапраўднае шоу, якое, упэўнены, надоўга запомніцца і ўдзельнікам, і гледачам.
Алена ЛЕПЛЯНIНА-КУБАР.

