Чаму вёску Дрочава перайменавалі ў Ягаднае? Гісторыя паходжання назвы і ўспаміны старажылаў

Чаму вёску Дрочава перайменавалі ў Ягаднае? Гісторыя паходжання назвы і ўспаміны старажылаў

Пісьменства непарыўна звязана з мовай. Родная ж мова — культурны код і падмурак нацыянальнай самасвядомасці, якая аб’ядноўвае людзей у адзіны народ і звязвае пакаленні. Таму так прыемна, калі ўспаміны землякоў пра свой род, яго выбітных прадстаўнікоў, перажытыя прыгоды і блізкія сэрцу мясціны захоўваюцца менавіта на роднай мове.

Крыху пра этымалогію

Сёння гэтая вёска мае іншую назву — Ягаднае. З гісторыі яе перайменавання і хацелася б пачаць.

Навука этымалогія вывучае паходжанне слоў і іх з’яўленне ў мове. Разумееце, да чаго я хілю? Так-так, усё да таго ж: адкуль пайшла назва вёскі Дрочава і што яна азначае. На маё пытанне нямногія старажылы вёскі паціскалі плячамі ды адказвалі: «А хто яго ведае?» А мне вельмі хацелася «ведаць», і вось што выведаў.

Напачатку ХIХ стагоддзя мясцовасць, дзе ўзнікла вёска, была пакрыта густымі лясамі. Першыя пасяленцы спачатку павінны былі высекчы сабе месца пад будаўніцтва, потым ссекчы зрубы пад жыллё і гаспадарчыя пабудовы. Натуральна, на месцах будоўлі заставаліся трэскі, пілавінне і іншыя адыходы дрэваапрацоўкі. На беларускай мове яны называліся «драчыны» (слова аднакарэннае з «драніцамі», якія ішлі на пакрыццё дахаў). Дык вось іх было настолькі многа, што яны ўяўлялі суцэльнае «дрочава». Вось так вобразна мы дайшлі і да паходжання назвы вёскі.

Але новы час прыносіць з сабой новыя словы. Назва вёскі, утвораная ад састарэўшага тэрміну, праз стагоддзе пачала рэзаць вуха. Падобныя метамарфозы ў тапаніміцы маюць месца, калі жыццё мяняецца імкліва. А ў Беларусі ўся першая палова ХХ стагоддзя — суцэльныя перамены.

Сястра Аліна ўспамінала, што ягад у навакольных лясах было вельмі шмат. Ссыпаючы поўныя жмені чарніц у вялікія вёдры, мясцовыя дзяўчаты разважалі пра тое, як было б добра, калі б вёску перайменавалі ў Ягаднае. Так і здарылася ў 1964 годзе.

А вось паходжаннем імён і прозвішчаў, гісторыяй іх узнікнення займаецца іншая навука — антрапаніміка. І яна сцвярджае, што род Зубовічаў вядомы на беларускіх землях са спрадвечных часоў. Напрыклад, у дакументах Мінскага ваяводства згадваюцца возны Марцін Зубовіч (1618 г.) і яго сын Іван Зубовіч (1652 г.). Хаця ў перапісе войска Вялікага княства Літоўскага прозвішча з’явілася яшчэ раней: у 1528 годзе там значыліся баяры Валынскай зямлі Андрэй і Міхно Зубовічы, баярын Семілішскага павета Троцкага ваяводства Павел Зубовіч.

Аляксандра і Павел Зубовіч

Прозвішча беларускага паходжання ўтворана ад мянушкі Зуб. Так называлі «зубатага», то бок зухаватага і вострага на язык чалавека, якому «палец у рот не кладзі — адкусіць». Успамінаючы ўспыхлівы характар дзеда Паўла, цалкам пагаджуся з гэтым тлумачэннем.

З дзедам у Дрочава

Бацькі майго дзеда, Стэфан і Марыя Зубовіч, здаўна жылі на хутары недалёка ад дарогі Асіповічы-Дараганава. Хутар дзеда Стэфана (або Сцяпана, як запішуць потым у імёнах па бацьку яго дзяцей) стаяў на гэтым месцы яшчэ з ХІХ стагоддзя. У сям’і было дзевяць дзяцей: Алена, Міхаіл, Віктар, Аляксандра, Павел, Кацярына, Наталля, Марыя і Цімафей. Потым на хутар пачалі перасяляцца з іншых мясцін, і ўтварылася вёска Дрочава. Не ведаю, ці варта лічыць Стэфана заснавальнікам гэтай вёскі, але тое, што магіла прадзеда стала першай на дрочаўскіх могілках, я даведаўся з успамінаў сваёй матулі.

Нядзіўна, што тут засталіся жыць родзічы, і мы з дзедам Паўлам хадзілі іх наведаць. У першы раз гэта адбылося, калі мне было гадоў шэсць. Тым не менш вандроўка запомнілася, бо здавалася незвычайнай прыгодай. Ішлі мы «паўз канаву», як ён казаў тады, каб зрабіць 12-кіламетровую адлегласць да вёскі карацейшай. Гэта цяпер ведаю, што дзедава канава называецца каналам Халадцова і што ён быў выкапаны ў другой палове ХІХ стагоддзя для сплаву лесу з Пцічы ў Свіслач праз рэчку Сінюю, якую інакш як Сінькай мясцовыя жыхары не называлі. Але галоўная асаблівасць гэтага канала заключаецца ў тым, што ён, маючы падвойны ўклон, цячэ ў два розныя бакі. Гэтую яго асаблівасць вучоныя назвалі мудрагелістым словам «біфуркацыя». А тады гэта была жывапісная канава з празрыстай журлівай вадой, у якой плавалі пячкуркі і ў якую так прыемна было апусціць стомленыя ад доўгай хадзьбы босыя ногі.

У вёсцы жыў старэйшы брат майго дзеда Віктар. У яго былі сыны Коля і Саша, якія працавалі на чыгунцы. Пазней я бачыў здымак Мікалая Зубовіча сярод лепшых машыністаў станцыі Асіповічы ў кнізе «Памяць» Магілёўскага аддзялення Беларускай чыгункі. У складзе паравознай брыгады лакаматыва Эр №744-32 «Камсамольскі» ён доўгі час быў лідарам сацыялістычнага спаборніцтва.

У пачатку вёскі жыла старэйшая дачка дзеда Анця. У яе былі дзеці: Клара ад першага мужа Тараненкі, Лёня ад другога — Рэўтава, Ліда, Ларыса і Віця ад трэцяга — Тамковіча. Падчас апісваемых падзей ужо не было і яго.

Калі з фермы прыбягала (не прыходзіла — прыбягала) Анця, яна прыносіла ў хустцы сабраныя па дарозе грыбы чырвонагаловікі, даставала з печы чыгун з духмянымі і сытнымі шчамі ды яшчэ адзін з бульбай. А яшчэ мы з глыбокай талеркі елі вялікімі лыжкамі варэнне з буякоў з хлебам, проста са слоіка запівалі малаком. Смаката!

У сярэдзіне вёскі жыла бабуля Базыліха — сястра маёй бабулі Сашы. Мужа яе звалі Базыль, адсюль і мянушка. Але ж мы яе называлі ласкава — бабуля Базылішка.

Шмат пазней, калі прыйшоў сумны час развітвацца з тымі, хто адышоў у іншы свет, даведаўся, што Лёню насамрэч звалі Аляксей, Анця па пашпарце была Антаніна, а ў Базыліхі імя было Вольга. Але ў памяці яны засталіся пад тымі імёнамі, як да іх звярталіся пры жыцці.

Як з’елі Орліка

Мой дзед вельмі любіў коней. Можа быць, свайму Орліку ён надаваў больш увагі, чым варта было. Але як па-іншаму ставіцца да асноўнага памочніка ў сям’і, на якога ўскладаецца ўсё самае цяжкае і неабходнае: ворыва, перавозка грузаў і «пасажыраў». І нават выратаванне жыцця вершніка, калі спатрэбіцца.

Такі выпадак адбыўся марозным лютым 1942 года. У вёску нечакана прыйшлі немцы. Звычайна ў такіх выпадках дзеці хаваліся ў склепе пад падлогай. Але ў гэты раз дзед вырашыў не рызыкаваць і наказаў сваёй малодшай дачцэ — маёй маці — скакаць на Орліку ў лес і пераначаваць там.

Трэба растлумачыць: у мамы ў дзяцінстве былі чорныя кучаравыя валасы, і яна была падобная на яўрэйку, што ў акупацыі было раўназначна смерці. Таму без лішніх слоў яна прывычна ўзлезла на каня і, трымаючыся за грыву, па знаёмых лясных сцежках забралася глыбока ў пушчу. Там, пад вялікай елкай, якая апусціла свае цяжкія ад снегу галіны да самай зямлі, яны пераначавалі. На шырокай спіне Орліка, згарнуўшыся клубочкам і ўкрыўшыся паўфутрам, было цёпла, мякка і бяспечна. А на непрыемнасці, што спадарожнічалі такому начлегу, дзеці ваеннага часу навучыліся не звяртаць увагі.

Аднойчы партызаны прыйшлі да дзеда за Орлікам. Конь з вазком ім спатрэбіўся для перавозкі карыснага грузу са знойдзенага ў багне збітага самалёта. Далі пры гэтым распіску, што конь да гаспадара абавязкова вернецца.

Калі абумоўлены час прайшоў, дзед адправіўся ў лес. Партызаны яму адказалі, што вярнуць Орліка не могуць, таму што яны яго… з’елі! Але праз некалькі дзён прыгналі яму іншага каня. А яшчэ праз непрацяглы час паліцаі пазналі ў новым дзедавым набыцці ўгнанага ў старасты суседняй вёскі біцюга. І дзеда за сувязь з партызанамі пасадзілі ў бабруйскую турму.

Бабуля Саша

Цяпер прыйшоў самы час расказаць пра спадарожніцу майго дзеда бабулю Сашу. Аляксандра Ніканораўна Зубовіч, народжаная Маеўская, жыла ў вёсцы Дойнічава Глускага раёна ў вялікай i дастаткова заможнай польскай сям’і. На пытанне ўнучкі, маёй старэйшай сястры: «Дзядуля, а як ты хадзіў да бабулі на спатканне?» з усмешкай адказваў: «Ну, хадзіў. Праз лес за 40 кіламетраў. Калі прыходзіў, то бацькі яе не пускалі — трэба было глядзець за гаспадаркай. А яна ім адказвала: «Вось надзену зараз лапці, няхай вам будзе сорамна». Пры гэтых словах бабуля ўмешвалася ў размову: «Ат, супакойся!»

Пасаг дзяўчыны складаўся не толькі з коўдр ды падушак. Было нешта больш каштоўнае, старанна прыхаванае на чорны дзень. Пра гэта не гаварылася ўголас, але па ўскосных намёках можна было здагадацца, што быў пэўны запас залатых царскіх чырвонцаў. І вось гэты чорны дзень настаў…

Парылася бабуля ў куфры, прыхавала каштоўнасці ў патаемных месцах свайго адзення і пайшла ратаваць мужа.

У бабруйскай турме дзеда разам з іншымі зняволенымі ганялі на расчыстку разбураных дамоў. Разам з баландой давалі эрзац-каву — цёплы напой з жалудоў і ячменю. Выклікалі на допыты, дзе следчы спрабаваў дакапацца да яго сувязяў з партызанамі. На вачах дзеда застрэлілі маладога хлопца, які скарыстаўся момантам, калi вартаўнік уступiў у ажыўленую гутарку, кінуўся да плоту і паспрабаваў уцячы.

Як бабулі Сашы ўдалося вызваліць мужа з турмы, яна нікому не расказвала. Вядома толькі, што вярнуліся ў вёску яны разам. Больш пра “залаты запас” не ўспаміналі…

Сярод ваўкоў

У пасляваенныя гады вяскоўцам даводзілася лічыцца з небяспечным суседствам лясных драпежнікаў, якіх развялося вельмі шмат. Зімні голад і холад гналі звярэй да чалавечага жылля, і начны вой прабіраў да глыбіні душы нават дарослых. А што тут гаварыць пра дзяцей! Мама расказвала, як у адну з такіх начэй ваўкі настолькі блізка падышлі да хаты, што зазіралі ў вокны. Нібыта ведалі, што бацькі паехалі ў суседнюю вёску, а службовы карабін, які заўсёды вісеў на сцяне, дед забраў з сабой. Страх перад мільгаценнем шэрых ценяў на белым іскрыстым пад поўняй снезе прымусіў дзяўчынак-сястрычак сабраць па ўсёй хаце падушкі і заткнуць імі вокны. І яшчэ доўга дрыжэць ад страху ў чаканні бацькоў.

У адзін з восеньскіх дзён дзед сядзеў на драбіне і займаўся рамонтам саламянага даху. Раптам пачуў адчайны крык: на суседнім агародзе мацёры ваўчышча накінуўся на жанчыну, схапіў і, ужо нерухомую, пацягнуў у бок лесу. «Клава, нясі карабін!» — закрычаў дзед і скаціўся па слізкай саломе на зямлю. Дачка сарвала са сцяны стрэльбу, дзед, не прыцэльваючыся, некалькі разоў стрэліў. Воўк кінуў сваю здабычу і пабег да лесу. Цяпер ужо нішто не перашкаджала прыцэліцца і прыкончыць драпежніка. Дзед, былы ўлан, умеў страляць трапна i хутка. Суседку, без прытомнасці, у парванай адзежы і залітую крывёю, ён на кані адвёз у бальніцу.

Шмат гадоў пазней мой брат успамінаў жанчыну ў стракатай сукенцы з лясёнкай за плячамі, якая прыходзіла ў горад з вёскі прадаваць ягады ды грыбы.

(Cяляне, якiя працавалi ў калгасе, доўгi час атрымлівалі за сваю працу натуральную плату, прычым толькі восенню — па выніках збору ўраджаю. Разлічвалася яна па так званых працаднях і была, шчыра кажучы, вельмі сціплай. Таму сяляне і займаліся продажам дароў лесу).

Дык вось гэтая жанчына заходзіла ў наш дом на вуліцы Чкалава і інакш як ратавальніца да мамы не звярталася. У вочы кідаліся глыбокія рубцы ад грудзей да падбародка, якія сведчылі пра страшныя перанесеныя раны. На жаль, ні яе імя, ні прозвішча брат не запомніў. І толькі шмат пазней ад маці свайго вучня, якая аказалася жыхаркай вёскі Дрочава, я даведаўся, што яе звалі Марыя Кашэвіч.

Юрый Абмоiн.

Последние новости

Культура

Что посмотреть на неделе в Осиповичах? Афиша кинотеатра «Родина»

16 сентября 2026
Читать новость
Общество

Вчерашним студентам и учащимся гарантирован минимальный размер больничного

16 сентября 2026
Читать новость
Общество

Горячая линия по вопросам качества технического обслуживания жилых домов и благоустройство дворовых территорий

16 сентября 2026
Читать новость
Армия

На полигоне «Осиповичский» с 18 сентября по 31 декабря 2026 года, ЕЖЕДНЕВНО, включая выходные и праздничные дни, будут проходить боевые стрельбы подразделений Вооруженных Сил Республики Беларусь

16 сентября 2026
Читать новость
Общество

Гороскоп на 16 сентября для всех знаков Зодиака

16 сентября 2026
Читать новость
Общество

Единство и командный дух: как прошёл VI областной турслёт «Белой Руси» в Чаусском районе

15 сентября 2026
Читать новость

Рекомендуем