Жанчына з бульвара Капуцынаў 22.01.10, № 5
Вам ніколі не хацелася зазірнуць туды, адкуль на вялікі экран льецца святло кінапраектара? Там, у акенцы над верхнімі радамі крэслаў асіповіцкай кіназалы, можна ўбачыць абаяльнага кінамеханіка — Ірыну Джалдыбаеву. Пры сустрэчы знаёмыя пытаюцца, ці паказвае яна фільмы і сёння. Так, паказвае. Новыя карціны, як і раней, пастаўляюцца ў кінатэатр на бабінах, таму справа чалавека з бульвара Капуцынаў працягвае сваё існаванне ў ХХI-м стагоддзі…
Пухаўчанка Ірына бегала глядзець фільмы ў суседнюю вёску Навасёлкі з самага дзяцінства. Гэтае захапленне і паўплывала на выбар будучай прафесіі: дзяўчына паступіла ў Мінскае вучылішча кінамеханікаў. Упершыню яна наведалася ў наш горад падчас практыкі, куды пасля вучобы і атрымала размеркаванне.
Каб даведацца таямніцы “кінамеханічнай кухні”, варта зазірнуць у тэхнічны пакой “Радзімы”. Тут на фільмаправерачным стале Ірына ўважліва праглядае плёнкі перад паказам: яны павінны быць без палосак і надколаў. Двухгадзінная стужка запісваецца на 6 бабінах і важыць 12 кілаграмаў. Дэманструецца яна з дапамогай двух праектараў. Як толькі плёнка на адным апараце канчаецца, трэба імгненна ўключаць другі — інакш фільм абарвецца. За сеанс кінамеханік перазараджае свае апараты па 5-6 разоў…
Жыве Ірына адносна далёка ад “Радзімы” — у пасёлку Савецкі. Пэўны час ёй было праблематычна дабірацца дадому ўвечары пасля працы, нават думала пра звальненне. Не жадаючы згубіць рэдкага спецыяліста, дырэктар кінатэатра перанёс апошні сеанс на гадзіну раней.
За 26 гадоў працы Ірына перагледзела больш за 2,7 тысячы карцін, аднак перавагу аддае індыйскаму кіно. Яна сама рабіла “постэры” любімых герояў: з пашкоджаных плёнак выразала слайды і раздрукоўвала выявы Аметаба Бачана ды іншых актораў вялікім фарматам. Асабліва папулярнымі індыйскія фільмы былі ў 80-я гады. Асіпаўчане тады стаялі ў чэргах за білетамі па некалькі гадзін, у “Радзіму” ішлі нават бабулькі, нярэдка ставілі дадатковыя крэслы. Ад азіяцкіх “мыльных опер” усе гледачы разам з кінамеханікам заліваліся слязьмі…
У нашы дні кіно больш не карыстаецца такой папулярнасцю. Калі сёння на сеанс прыйдзе 30 чалавек, гэта ўжо лічыцца добрым паказчыкам. Людзі старэйшага ўзросту ходзяць на карціны даволі рэдка. З 4 кінамеханікаў у “Радзіме” засталася толькі адна Ірына. Тым не менш жанчына ўпэўнена, што яе прафесія не знікне:
— Не магу сабе ўявіць горад без кіно. Асіпаўчане ўжо “насыціліся” хатнім відэа і паціху вяртаюцца да нас. Мне самой нецікава глядзець стужкі дома: занадта проста ставіцца дыск у DVD-прайгравальнік, экран у тэлевізара вельмі маленькі… У кінатэатр людзі ідуць не толькі дзеля прагляду фільма, але і за стасункамі. Тут можна завесці цікавыя знаёмствы, нават знайсці сабе пару…
Пра незвычайную мару Ірыны Джалдыбаевай расказала яе калега. Кінамеханіку вельмі хацелася б атрымаць запрашэнне ў кіно, каб зноўку стаць звычайнай глядачкай. Апошні раз яна хадзіла на фільм “па білету” ажно 20 гадоў таму…
Вольга ЖАРНАСЕК.