Майстар атэлье і прыёмшчыца заказаў Дома быту № 2 Ірына Кірыкава: «Знаходжу агульную мову з кожным кліентам»

Ірына Кірыкава працуе майстрам атэлье і прыёмшчыцай заказаў Дома быту № 2 камбіната бытавога абслугоўвання. Мае стасункі з кліентамі і знаходзіць агульную мову з кожным з іх. Расказвае, што зараз паступае больш заказаў не на пашыў, а на рамонт вопраткі: штосьці перашыць, звузіць ці падкараціць, памяняць фасон. Напрыклад, у жніўні бацькі нярэдка просяць падагнаць школьную форму дзецям.
Прапаноўвае Дом быту і гатовае адзенне: спартыўныя касцюмы, штаны, камізэлькі. Аднак найбольшай папулярнасцю, прычым на працягу ўсяго года, карыстаецца пасцельная бялізна. Яе шыюць у вялікай колькасці. Дарэчы, майстры прыслухоўваюцца да пажаданняў кліентаў. Напрыклад, могуць памяняць у камплекце навалкі ці пашыць неабходнага памеру.
У якасці сваёй прадукцыі бытавікі ўпэўнены, бо вырабляюць яе вопытныя швачкі з якасных тканін айчыннай вытворчасці. Таму Ірына Васільеўна ахвотна прапаноўвае асіпаўчанам і гасцям горада неабходны тавар, ствараючы ім добры настрой.
Іна Заскевіч
