На Асіповіцкім вытворчым участку ААТ “Бабруйскі КХП” зараз гарачая пара

Сюды за многія кіламетры з усёй вобласці і нават з-за яе межаў цягнуцца патокі грузавых машын.
У кузавах — каштоўная сыравіна для будучага каравая: жыта, пшаніца, ячмень і авёс. Ад таго, наколькі зладжана працуе мясцовы элеватар, залежыць, колькі хлеба патрапіць на сталы жыхароў не толькі Магілёўшчыны, але і сталіцы.
Перад вытворчай пляцоўкай адначасова збіраецца да пяці машын. Спецыялісты вытворча-тэхналагічнай лабараторыі аператыўна праводзяць адбор проб, каб вызначыць якасць зерня, пасля чаго ўстанаўліваюць яго «статус»: харчовае або кармавое. Ад гэтага рашэння залежыць, на якую кропку выгрузкі накіруецца машына.
— Загружанасць змены розная, але мы працуем стабільна, — гаворыць дырэктар Асіповіцкага ВУ ААТ «Бабруйскі КХП» Іна Зайцава. — За суткі прымаем у сярэднім да дзвюх тысяч тон. Аб’ёмы ў нас вялікія: элеватарная ёмістасць адначасовага захоўвання складае каля 130 тысяч тон. Зерне паступае добрае, засекі запаўняюцца раўнамерна. На нашым участку працуе 170 чалавек, і кожны ўносіць уклад у агульны вынік.
Аднак проста запоўніць сховішча — мала. Перш чым адправіцца на захоўванне, ураджай праходзіць строгі тэхналагічны ланцужок. Пасля кантролю ў лабараторыі зерне даводзяць да кандыцыі ўстойлівага захоўвання.
Але і гэта не фінал. Запасы на працягу ўсяго года пастаянна знаходзяцца ў руху. Бо, каб ураджай захаваўся, зерне праходзіць складаную тэхналогію сушкі, размяркоўваецца па адсеках, яго пастаянна «варочаюць» для праветрывання і ахалоджвання. Праца тут ідзе кругласутачна, бо дзяржзаказ — гэта гарантыя харчовай бяспекі і стабільныя пастаўкі мукамольным прадпрыемствам па ўсёй краіне. Таму спажыўцы могуць быць спакойныя: хлеб на сталах будзе свежым, смачным і зробленым са збожжа, якое прайшло строгую праверку.
Алена Суета
