ІІІ Усебеларускі народны сход прайшоў 20 гадоў таму. Яго дэлегат Жанна Марчанка захоўвае не толькі памяць аб удзеле, але і праграму форума, запрашэнне, буклеты і фотаздымкі

Да УНС краіна падышла з дастойнымі вынікамі, выканаўшы важнейшыя паказчыкі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2001-2005 гады. Усё, аб чым дамаўляліся на ІІ Усебеларускім народным сходзе, рэалізавана і ўвасоблена ў жыццё.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў сваім дакладзе звяртаў увагу, што выпрацаваны курс развіцця краіны аказаўся правільным. Гэта пацвярджаюць высокія тэмпы эканамічнага росту.
Згодна з асноўнымі вынікамі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны за пяцігодку, жыццёвы ўзровень насельніцтва значна павысіўся, змянілася да лепшага структура спажывецкіх расходаў. У краіне не толькі захавалі, але і ўмацавалі сістэму дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкі розных катэгорый насельніцтва.
Валавы ўнутраны прадукт працягваў стабільна расці. У 2005 годзе на развіццё эканомікі і сацыяльнай сферы дзяржава накіравала амаль у два разы больш сродкаў, чым у пачатку пяцігодкі. Капітальныя ўкладанні і інвестыцыі, якія накіроўваюцца ў сельскую гаспадарку, павялічыліся амаль у чатыры разы, прамысловасць і транспарт — у два разы, жыллёвае будаўніцтва — амаль у паўтара раза.
У новай пяцігодцы на першы план выстаўлялася задача кардынальнага павышэння якасці жыцця людзей. Яе рашэнне не зводзілася толькі да росту заробкаў. Размова ішла таксама аб жыллі, адукацыі, даступнай медыцынскай дапамозе, дзіцячых садах, гарантаваных рабочых месцах, бяспецы грамадзян і інш. Было вызначана, што новы этап дзяржаўнага будаўніцтва будзе праходзіць пад лозунгам “Дзяржава для народа, для чалавека”.
Удзельнікі III Усебеларускага народнага сходу адобрылі Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2006-2010 гады і прынялі адпаведную рэзалюцыю. У ёй выказана падтрымка прапанаваным кіраўніцтвам краіны дзяржаўным прыярытэтам, у ліку якіх усебаковае гарманічнае развіццё чалавека на аснове павышэння рэальных грашовых даходаў, інавацыйны шлях развіцця эканомікі, энерга- і рэсурсазберажэнне, нарошчванне экспартнага патэнцыялу на аснове павышэння канкурэнтаздольнасці айчыннай прадукцыі, развіццё аграпрамысловага комплексу і сацыяльнае адраджэнне вёскі, жыллёвае будаўніцтва, сацыяльна-эканамічнае развіццё малых і сярэдніх гарадоў.
7 лютага 2006 года газета “Асіповіцкі край” паведаміла, што на раённым сходзе ўпаўнаважаных былі зацверджаны прозвішчы 18 кандыдатаў у дэлегаты УНС, вылучаных працоўнымі калектывамі. У іх ліку і Жанна Марчанка.
Вось што яна ўспамінае:
— Я з сям’ёй пераехала ў Асіповічы з Казахстана ў канцы 1990-х гадоў. І хоць мела прафесію выхавальніка, працаваць пайшла на хлебазавод: туды, дзе была вакансія. Далучылася да самай пачэснай і паважанай спакон вякоў справы, асвоіла работу пекара і цестамеса.
Да мяне ў калектыве ставіліся з павагай, працу маю цанілі. І тым не менш стала прыемнай нечаканасцю, што маю кандыдатуру прапанавалі для ўдзелу ў вышэйшым прадстаўленчым органе народаўладдзя.
На сход усе ехалі ў прыўзнятым настроі. Я пазнаёмілася з іншымі ўдзельнікамі дэлегацыі раёна. Душой кампаніі была Антаніна Францаўна Сцяпанава. І зараз рада сустрэчам з тымі, з кім разам удзельнічалі ў рабоце сходу.
Безумоўна, усе былі ўражаны выступленнем Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі — харызматычнага кіраўніка, таленавітага палітыка і цікавага чалавека. З асаблівай увагай слухала ўсё, што датычыцца развіцця сельскай гаспадаркі краіны і перапрацоўчай галіны, у якой задзейнічана. Дарэчы, і зараз мяне цікавіць гэта тэма, бо працую зменным майстрам вытворчага ўчастка Бабруйскага камбіната хлебапрадуктаў і маю непасрэднае дачыненне да забеспячэння харчовай бяспекі краіны.
У 2006-2010 гг. Беларусь узяла курс на праграмнае абнаўленне эканомікі, мадэрнізуючы не асобныя прадпрыемствы, а цэлыя галіны. За наступную пяцігодку, у прыватнасці, было мадэрнізавана больш за 320 прамысловых прадпрыемстваў, укаранёна звыш 500 новых тэхналогій. Беларусь заняла першае месца ў будаўніцтве жылля на аднаго жыхара сярод краін СНД, апярэдзіўшы і шэраг іншых краін свету.
Ксенія БЕЛЬСКАЯ
