Такое не забываецца

Такое не забываецца

Сёння — Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў

Жыхарка Каменіч Надзея Раманаўна Шкурына бачыла вайну вачыма малалетняга вязня. Ёй давялося амаль адзінаццаць месяцаў працаваць на карысць фашысцкай Германіі. Што перажыла маленькая 12-гадовая беларуская дзяўчынка ў варожай краіне?

— Мяне забралі 10 мая 1944 года. Немцы ў нашай мясцовасці пабылі толькі напачатку вайны. А потым было ціха, бо тут размяшчалася партызанская зона. Толькі налёты цярпелі.

Пачулі аднойчы пра іх чарговы візіт на сяло і пачалі ўцякаць. Забегла да суседзяў у двор, каб схавацца. За хатай у іх быў склеп. Мяне туды таксама пусцілі, як і многіх суседзяў. Прасядзелі там ціхенька да самага змяркання. Тады чуем, што нешта на вуліцы неспакойна стала. Адна жанчына, якая трапіла да фрыцаў, у адчаі накіравала фашыстаў да нашага сховішча. Яны грукалі, крычалі, каб вылазілі, а то будуць кідаць гранаты. Мы павыходзілі. Потым усіх пагналі па дарозе з вёскі. Калі праходзілі міма маёй хаты, не дазволілі забегчы дадому.

Пехатою дайшлі да Свіслачы, дзе размяшчаўся нямецкі гарнізон. Там нас пакідалі ў хлеў. Прыйшлі немцы з перакладчыкам, пытаюцца, хто хоча працаваць у асіповіцкай сталоўцы. Разам з родным дзядзькам і другімі знаёмымі з вёскі згадзілася. Нас пасадзілі на машыны, у тым ліку — і палонных партызан. У горадзе ўчынілі допыт. Не памятаю ўжо, што адбылося, але не прынялі нікога на работу. Потым старэйшыя сказалі, што паедзем у Германію, бо ўжо і фатаграфавалі на нямецкія дакументы.

Пакуль чакалі, што з намі будзе далей, перабіралі бульбу. Пасля пасадзілі ў цягнік і павезлі. Нехта, памятаю, тады праспяваў: “Няма яйка, няма гусь. Да свідання, Беларусь”. Ехалі да Варшавы. Спыніліся ў перасылачным пункце. Там усіх чысцілі, мылі, а затым змясцілі ў нейкія печы — усё для таго, каб не было ніякай інфекцыі і заразы. Мусіць, дзён дзесяць прайшло, як прыехалі “купцы”, якія набіралі людзей на прадпрыемствы. Мяне і яшчэ чалавек пяцьдзясят забраў паляк. На вуліцы незнаёмыя людзі кідалі нам кавалкі і нават цэлыя булачкі смачнага хлеба. Мы вельмі ўдзячны ім былі.

Працавалі на заводзе ў горадзе Брэслаў (цяперашні Вроцлаў — аўт.).  Няцяжкая работа, але ўвесь час знаходзіліся ў дыму. Нешта там кляпалі, рэзалі бляшаныя лісты — рабілі з жалеза нейкія рэчы для фронту. Старэйшых дзяўчат паставілі за апараты на зварку. Перад Новым годам да нас прыслалі жанчыну, якая працавала ў нямецкай сям’і, дапамагала па гаспадарцы сталым людзям і за гэты час навучылася крыху размаўляць па-нямецку. Калі не хапала людзей на заводзе, іх таксама прыганялі сюды. Жылі ў драўляным двухпавярховым бараку, пад страхой якога былі зроблены спальныя пакоі.

Аднойчы нас сабраліся кудысьці вывезці. Пакуль стаялі на трамвайным прыпынку, вырашылі з сяброўкамі ўцячы. Горад увесь гарэў, з усіх бакоў чуліся стрэлы. Выкарыстаўшы зручны момант, селі ў трамвай, даехалі да канца, выйшлі, а куды ісці — не ведаем. Насустрач — незнаёмыя хлопцы, размаўляюць па-руску. Кінуліся да іх. Iм якраз патрэбны былі дзяўчаты, каб дапамагаць па кухні. Памятаю, схаваем у кішэню па некалькі бульбін, потым на печачках-буржуйках прыгатуем ды і пад’ядзім.

Горад той знаходзіўся, як гаварылі старэйшыя, у акружэнні. Нас ганялі і пад бомбамі, і пад кулямі, і праз барыкады нейкія праходзілі. Разам было шмат лю-дзей розных нацыянальнасцей. Спалі — хто на сталах, хто на падлозе. Неяк пайшла праведаць сяброўку, вяртаюся і бачу, што ўсе бягуць уніз па лесвіцы. I чутна, што бамбяць зусім блізка. Тады ў свой пакой пабегла: там засталіся іншыя дзяўчыны, з якімі разам працавалі і вельмі пасябравалі. Як толькі дабегла да дзвярэй — узрыў. Яшчэ хвіліна, і ўскочыла б у памяшканне і загінула. Але пашчасціла. Нешта балюча ляснула па плячах. Памацала рукой, ёсць кроў ці не, і пабегла з астатнімі.

Шостага мая 1945 года вызвалілі горад. Калі вярталіся дадому, адшукала зямлячак і трымалася іх, каб не згубіцца…

Пасля вайны Надзея Раманаўна засталася жыць у роднай вёсцы. Працавала ў калгасе. Нарадзіла і выхавала траіх дзяцей. Дачакалася ўнукаў і праўнукаў. Яны — частыя госці ва ўтульным доме бабулі. I радуецца жанчына таму, што ім выпала жыць пад мірным небам, гуляць з лялькамі, уволю есці, вучыцца і працаваць на карысць роднай краіны.

Ніна ВІКТОРЧЫК.

Последние новости

Общество

В питомнике Осиповичского опытного лесхоза выращивают несколько десятков видов растений

22 августа 2025
Читать новость
Общество

Прямая телефонная линия с управляющим делами Осиповичского райисполкома

22 августа 2025
Читать новость
Общество

НЕТ домашнему насилию

22 августа 2025
Читать новость
Общество

26 августа состоится очередная сессия Осиповичского районного Совета депутатов

22 августа 2025
Читать новость
Образование

Завяршаецца прыём дакументаў у Асіповіцкі дзяржаўны каледж

22 августа 2025
Читать новость
Общество

Гороскоп на 21 августа для всех знаков зодиака

22 августа 2025
Читать новость

Рекомендуем