Лямпа, якая не баіцца ветру, і прас з рэгулюемай заслонкай: што захоўваюць жыхары Свіханава

Народная назва лямпы, якую вы бачаце на здымку, — кажан. Яна працуе на газе і мае закрыты кнот, што дазваляе ёй гарэць нават пры моцным ветры. Сваю назву атрымала з-за характэрнай формы, якая пры складанні нагадвае сілуэт гэтага лятучага звярка.
Прымяняліся паўсюдна, пакуль іх не выцісніла электрычнасць. І нават у другой палове мінулага стагоддзя, калі ў кожным доме і ва ўсіх арганізацыях было электрычнае асвятленне, захоўваліся такія ліхтары, з якімі зручна было працаваць пуцявым абходчыкам, выкарыстоўвалі іх вахтавыя рабочыя, маракі і турысты. Сельскім жыхарам таксама такія асвятляльныя прыборы дапамагалі выконваць хатнія справы і не заблукаць на вуліцы ў цёмны час. А зараз месца гэтай патрэбнай, але грувасткай рэчы занялі кампактныя, лёгкія і зручныя кішэнныя ліхтарыкі.
Побач з кажаном прымясціўся прас — таксама прадмет даўніны. Дадзеная мадэль для свайго часу лічылася “крутой”, бо паддувала з рэгулюемай заслонкай і труба забяспечвалі стабільную цягу пры гарэнні. Такая канструкцыя дазваляла адмовіцца ад шматлікіх бакавых адтулін, праз якія на бялізну часта траплялі іскры і попел.
Зараз нават цяжка сабе ўявіць, як з дапамогай такіх распаленых жалезных “монстраў” вагой кілаграмаў пяць удавалася выпрасоўваць пышныя доўгія спадніцы і льняныя кашулі, бо ўсе даўно прывыклі да зручных сучасных прасаў, парагенератараў, адпарывацеляў і іншай тэхнікі.
Дзве гэтыя рэчы знаходзяцца ў доме жыхароў Свіханава Людмілы і Віктара Галіеўскіх. Зараз імі, зразумела, ніхто не карыстаецца, а захоўваюць у памяць аб бацьках, якім лямпа і прас служылі доўгі час.
Кацярына Іванова
