Аляксандр Хмара 37 гадоў з гонарам носіць чыгуначную форму і работай сваёй ганарыцца

У вагоннае дэпо прыйшоў у 1989 годзе слесарам-рамонтнікам службы галоўнага механіка. Пасля таго як адслужыў у арміі, хлопец вярнуўся на работу, да якой ужо паспеў прывыкнуць. Прадпрыемства ў той час займалася рамонтам кантэйнераў і абслугоўваннем абсталявання, і малады работнік з ахвотай вывучаў патрэбную інфармацыю, праяўляючы цікавасць да ўсяго новага. Кіраўніцтва адзначыла гэту акалічнасць, таму Аляксандр хутка стаў брыгадзірам участка па рамонце і вырабе шаблонаў, створаным пры лабараторыі метралогіі, якая ў той час функцыянавала ў вагонным дэпо. Справа ў тым, што для праверкі і рэгуліроўкі памераў і форм вагонаў і іх элементаў, а таксама кантролю тэхнічнага стану работнікам вагоннай гаспадаркі неабходна вялікая колькасць шаблонаў. Для праверкі параметраў адных толькі калёсных пар трэба мець пад рукой камплект з паўсотні шаблонаў. Не абысціся без гэтых прыстасаванняў і пры аналізе работы аўтасчэпкі, тармазной сістэмы і г.д.
Участак, на якім працавала пяць чалавек, хутка забяспечыў шаблонамі сваё прадпрыемства, што прынесла значны эканамічны эфект, сталі паступаць заказы на выраб і рамонт і з іншых чыгуначных падраздзяленняў. Дарэчы, шаблоны, вырабленыя пад кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле Аляксандра Хмары, выкарыстоўваюцца ў дэпо і сёння, праходзячы штогадовую паверку чыгуначнымі метролагамі.
Калі дэпо перайшло ў разрад эксплуатацыйных, гэты ўчастак быў ліквідаваны, а Аляксандр Генадзьевіч узначаліў пункт тэхнічнага абслугоўвання вагонаў, у якім налічвалася больш за сотню чалавек. Пад яго началам працавалі аглядчыкі-рамонтнікі вагонаў, слесары па рамонце рухомага саставу, слесары-інструментальшчыкі. Рухомы састаў быў з досыць працяглым тэрмінам эксплуатацыі, таму рамонту патрабавалася шмат. Але паступова парк пачаў абнаўляцца, што не магло не радаваць.
Амаль чвэрць стагоддзя Аляксандр Генадзьевіч узначальваў ПТА. У сферы яго ўвагі знаходзіліся тэхнічнае абслугоўванне, безадчэпачны і адчэпачны рамонт рухомага саставу, а рабіць гэта неабходна беспамылкова, каб забяспечыць безаварыйны рух цягнікоў.
У мінулым годзе яго назначылі начальнікам цэха эксплуатацыі Магілёўскага вагоннага дэпо, структурным падраздзяленнем якога стала Асіповіцкае вагоннае дэпо. І зараз у яго распараджэнні знаходзіцца ўжо чатыры пункты тэхнічнага абслугоўвання — акрамя мясцовага, гэта Бабруйскі, Слуцкі і на станцыі Калій. Пасля адкрыцця летась Нежынскага горна-абагачальнага камбіната аб’ём грузаперавозак праз нашу станцыю значна ўзрос, што станоўча адбіваецца на выніках работы ўсяго чыгуначнага вузла.
Работа Аляксандра Генадзьевіча не раз адзначалася на розных узроўнях. Ён узнагароджаны нагрудным знакам “За добрасумленную працу на Беларускай чыгунцы” ІІІ ступені, мае ганаровыя граматы і падзякі аддзялення, яго фатаграфія змяшчалася на Дошку гонару ў Магілёве.
Аляксандр Хмара ахвотна перадае свае веды і вопыт маладой змене. Яго непакоіць, што зараз назіраецца спад цікавасці да работы на чыгунцы сярод выпускнікоў школ. Хацелася б, каб маладыя людзі разумелі: чыгунка — гэта не проста рэйкі і цягнікі, а велізарны, жывы арганізм, які патрабуе адказных і таленавітых спецыялістаў. Яна дае чалавеку ўпэўненасць у заўтрашнім дні і магчымасць сапраўднага прафесійнага росту.
Іна Заскевіч
