Краіна адзначыла Дзень Перамогі і Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь. А разам з усёй краінай — і жыхары Асіповіччыны

Распачалася раніца 9 Мая ўрачыстымі мерапрыемствамі ў розных населеных пунктах раёна. Так, мітынг прайшоў у знакавым месцы — на мемарыяльным комплексе ў в. Бозак. Прыняў у ім удзел старшыня райсавета дэпутатаў Уладзімір Рыжанкоў. На Дараганаўшчыне работнікі культуры сумесна з сельвыканкамам арганізавалі цікавую акцыю: з аформленага па-святочнаму кузава грузавіка на чыгуначнай станцыі сустракалі і праводзілі цягнікі легендарнай «Кацюшай». Увогуле свой адметны святочны план падрыхтавала кожная ўстанова культуры.
Ну а самая маштабная праграма праходзіла на працягу дня ў райцэнтры. Стартавала ўрачыстасць, прысвечаная 81-й гадавіне Вялікай Перамогі і Дню Дзяржаўнага флага, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь, на плошчы Леніна. Падзяліць свята разам з усімі накіраваліся сотні асіпаўчан. Атмасфера адпавядала моманту: сцягі, транспаранты, кветкі, рознакаляровыя шары.
Многія землякі прыйшлі на шэсце з партрэтамі сваякоў, ваяваўшых у Вялікую Айчынную, каб прыняць удзел у рэспубліканскай акцыі «Беларусь памятае. Памятаем кожнага». Разам з асіпаўчанамі і гасцямі горада кіраўніцтва раёна і прадстаўнікі старэйшага пакалення, дэлегацыі працоўных калектываў, вайскоўцы, моладзь, школьнікі — урачыстасць сабрала ўсіх.

Першым асіпаўчан і гасцей раёна павіншаваў старшыня райвыканкама Геворг Мелканян. Ён падкрэсліў, што сёння мы — спадчыннікі народа-пераможцы, таму абавязаны памятаць, што адказнасць за лёс свайго краю, роднай Беларусі таксама на нас. З цягам часу яшчэ больш трывалай павінна станавіцца памяць аб тых, хто не дажыў да Дня Перамогі. Подзвіг герояў назаўжды застанецца найвялікшым прыкладам самаахвярнай любові да Радзімы. У завяршэнне кіраўнік раёна пажадаў усім міру, стабільнасці, упэўненасці ў заўтрашнім дні, шчасця і дабрабыту.
Таксама да землякоў звярнуўся з прамовай старшыня савета ветэранаў Міхаіл Слесарэнка. Ад маладога пакалення выступіла член маладзёжнага Савета пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь Віялета Аляшкевіч.
Адзін з галоўных момантаў дня — цырымонія ўскладання кветак і вянкоў на мемарыяльным комплексе «Алея Герояў». Як заўсёды, урачыста і кранальна.
Нікога не пакінулі абыякавым словы глыбокай падзякі за шчаслівае жыццё ў мірнай краіне, шчымлівыя душу мелодыі, тэматычныя музычна-тэатральныя кампазіцыі. Асіповічы памятаюць!

Затым святкаванне перамясцілася ў гарадскі парк. Тут прайшла канцэртная праграма «У славу Перамогі!». А вы ведаеце тры галоўныя словы, на якіх трымаецца свет? Памятаць, кахаць і жыць. Так сцвярджалі вядучыя. А адзін з захавальнікаў памяці — альбом з фотаздымкамі. І якраз 9 Мая выдатная нагода пагартаць дома ўсім разам пажаўцелыя ад часу старонкі.
Канцэртныя нумары былі рознымі, але аб’яднаныя агульнай святочнай тэмай. Пастаноўкі з глыбокім сэнсам, пранікнёныя вершы і песні, харызматычныя вядучыя і артысты — дзея на сцэне ўключала ўсё, каб крануць сэрца гледача.

У парку на працягу дня працавалі шматлікія тэматычныя пляцоўкі, інсталяцыі. Можна было апынуцца на завадской прахадной, у палявым шпіталі і прыфрантавым лесе, на палявой пошце, салдацкім прывале. Паглядзець на ваенную і выратавальную тэхніку, паўдзельнічаць у інтэрактыўнай гульні і спартыўнай актыўнасці, паспрабаваць уху і салдацкую кашу.
З падворкамі, народнымі промысламі, выставамі прадпрыемстваў і ўстаноў азнаёміліся прадстаўнікі ўлады на чале са старшынёй райвыканкама Геворгам Мелканянам і старшынёй райсавета дэпутатаў Уладзімірам Рыжанковым. І ўсюды цікавіліся станам спраў, навінкамі вытворчасці і творчай дзейнасці, перспектывамі.
Пад вечар на пляцоўцы РАС ДТСААФ прайшлі паказальныя выступленні секцыі па аўтамотаспорце, якія таксама сабралі нямала аматараў. Такі цікавы і з асаблівым драйвам спартыўны занятак мае шмат прыхільнікаў у нашым горадзе.
Не былі расчараваныя гледачы і вячэрняй праграмай на эстрадзе ў парку. Прайшоў канцэрт ваеннага аркестра 51 гвардзейскай артылерыйскай брыгады, а затым святочную эстафету працягнула праграма з удзелам выканаўцаў і творчых калектываў раёна.

У 22.55 асіпаўчане далучыліся да рэспубліканскай акцыі «Спяём «Дзень Перамогі» разам». Вядомы ўсім твор у агульным выкананні атрымаў новае гучанне і новую моц.
А завяршылася 9 Мая працяглым салютам, які ярка расквеціў мірнае неба над роднымі Асіповічамі. Свята атрымалася! І вялікі дзякуй за гэта арганізатарам, установам культуры, самадзейным артыстам і ўсім, хто гэты дзень прысвяціў ушанаванню памяці.
Больше фото и видео в нашем телеграм-канале
Валянціна КОРБАЛЬ.
