Пра вопыт, давер, дапамогу

Першае месца работы, на якое калісьці накіравалі выпускніцу Бабруйскага медвучылішча Вольгу Вавілонскую, стала для яе пастаянным, адзіным і лёсавызначальным. А стабільнасць і наогул якасць яе асобы.
Юная жыхарка гарадскога пасёлка Парычы Светлагорскага раёна з дзяцінства марыла быць медсястрой, таму, стаўшы дыпламаваным спецыялістам, з натхненнем прыступіла да работы ў Дараганаўскай участковай бальніцы. Хутка выйшла замуж. Год працавала палатнай медсястрой, а затым атрымала павышэнне. І вось ужо сорак чацвёрты год Вольга Баранава — старшая медсястра.
Профіль медустановы праз некаторы час змяніўся: зараз гэта бальніца сястрынскага догляду. Тут знаходзяцца людзі сталага веку, якія не могуць самастойна жыць і абслугоўваць сябе, таму патрабуюць асаблівай увагі. Многія з іх маюць І і ІІ групу інваліднасці.
Вольга Іванаўна курыруе работу медперсаналу, заказвае і атрымлівае лекі і сродкі догляду, адказвае за захаванне санітарна-эпідэмічнага рэжыму. Нярэдка ёй даводзіцца суправаджаць пацыентаў у раённую паліклініку на прыём да ўрача вузкай спецыяльнасці, каб атрымаць кансультацыю і назначэнне. У выпадку неабходнасці афармляе хворых у сацыяльныя пансіянаты або дамы-інтэрнаты. Выконвае і абавязкі дыетсястры: складае меню ў адпаведнасці са станам здароўя пацыентаў. А яшчэ мае стасункі з іх роднымі, якія наведваюцца ў бальніцу.
Нягледзячы на загружанасць, Вольга Іванаўна заўсёды знойдзе час пагутарыць з пацыентамі, сказаць патрэбнае слова, супакоіць. Не раз здаралася ёй і аказваць неадкладную дапамогу да прыезду доктара, калі стан здароўя кагосьці з пастаяльцаў пагаршаўся.
Медык адзначае, што, на шчасце, ёсць арганізацыі і людзі, якія бескарысліва аказваюць дапамогу ўстанове аховы здароўя. Кожны такі візіт стварае станоўчы настрой пажылым людзям, бо, напрыклад, прадстаўнікі Чырвонага Крыжа аказваюць матэрыяльную дапамогу, свяшчэннаслужыцелі праводзяць духоўныя гутаркі, работнікі культуры прывозяць цікавыя праграмы.
Працаваць у бальніцы сястрынскага догляду нялёгка, і толькі чалавек высокага ўзроўню эмпатыі можа з разуменнем ставіцца да скарг, беспадстаўных капрызаў ці агульнай апатыі пацыентаў.
Яна з душой выконвае сваю высакародную справу, забяспечваючы землякам годнае жыццё нават ва ўмовах слабага здароўя і рухомых абмежаванняў.
А ў свабодны ад работы час Вольга Іванаўна любіць пагуляць па лесе, які акружае аграгарадок, назбіраць грыбоў, пагаспадарыць у агародзе — тыповыя клопаты вясковага жыхара.
Іна Заскевіч.
