Ураджай-2010: У новым годзе — працаваць па-новаму! 12.01.10, " 2
Ураджай-2010
У новым годзе —
працаваць па-новаму!
Шмат надзённых пытанняў абмяркоўвалася на нядаўняй сельскагаспадарчай нарадзе кіраўнікоў гаспадарак, спецыялістаў упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, кіраўніцтва раёна. Яно і зразумела: пачаўся апошні год пяцігодкі, і ад таго, як ён пройдзе, залежыць выкананне або “завал” прагнозных паказчыкаў.
Каб дасягнуць запланаванага, трэба вельмі пастарацца: за папярэднія гады назапасіўся не толькі станоўчы вопыт, але і недапрацоўкі. У сваім выступленні старшыня райвыканкама Пётр Шукаловіч падкрэсліў, што працаваць “на ўсе сто” трэба з першага дня года. Менавіта зараз, у зімовы перыяд, можна — і трэба! —зрабіць добрую закладку будучага ўраджаю. Варта якасна падрыхтаваць тэхніку пад веснавую сяўбу, падумаць аб павелічэнні пасяўных плошчаў, выбраць для пасеву тыя культуры, якія дадуць большую аддачу. Прыйшоў час прааналізаваць і якасць працы спецыялістаў на месцах. Гэта зусім не значыць, што чакаецца скарачэнне працоўных месцаў, трэба проста па-новаму, у аптымальным рэжыме наладзіць работу, шукаць розныя рэзервы. А яны не заўсёды вымяраюцца ў матэрыяльным эквіваленце. На гэтую зіму назапашана шмат кармоў, але ў некаторых гаспадарках усё роўна надоі не вельмі радуюць. Значыць, справа не ў кармах, а ў адносінах да працы і яе арганізацыі. Нямала клопатаў прыносяць ужо нязвыклыя для нас 20-градусныя маразы. У такі перыяд таксама важна пра-вільна дзейнічаць.
Размову працягнула першы намеснік начальніка райсельгасхарчу Ганна Яцко. Яна паведаміла, што на сёння ў кандыцыйнай норме 98,9% насеннага зерня. Для атрымання добрага ўраджаю важна пасеяць не толькі дабротнае насенне, але і граматна ўнесці ўдабрэнні. Ганна Іосіфаўна выказала меркаванне, што трэба перагледзець структуру зерневых палёў, больш увагі звярнуць на пшаніцу. Пры жаданні можна знайсці шляхі зніжэння кошту пасяўнога матэрыялу.
Галоўны спецыяліст аддзела механізацыі Валянцін Карповіч расказаў, як у гаспадарках ідзе рамонт тэхнікі. Прагучалі заўвагі наконт несвоечасовых за-явак, разлікаў. Хаця ёсць і станоўчыя пункты: “закрыты” план па здачы металалому, амаль усе гаспадаркі выканалі мэтавыя паказчыкі па энергазберажэнні.
Аналіз працы ў жывёлагадоўлі за мінулы год зрабіў намеснік начальніка райсельгасхарчу Сяргей Сідарэнка. Прагучалі прапановы па аптымізацыі працэсу атрымання малака і мяса, — і яны падрабязна будуць разгледжаны ў хуткім часе на абмеркаванні формы № 24.
…2010 год — Год якасці. Самы час зрабіць крокі на шляху да павышэння якасці працы, атрымліваемай прадукцыі, жыцця наогул.
Валянціна КОРБАЛЬ.