Адказвае ўчастковы інспектар міліцыі

— Сын марыць стаць участковым інспектарам. А ў чым заключаецца служба гэтых супрацоўнікаў?
Кірыл К.
Старшы лейтэнант міліцыі Сяргей Бялянаў:
— У ліку задач участковага — забеспячэнне спакою і бяспекі грамадзян на даручаным адміністрацыйным участку, спыненне магчымых парушэнняў закона, ажыццяўленне кантролю за асобамі, якія знаходзяцца на ўліку, праблемнымі кватэрамі і многае іншае. Супрацоўнік рэгулярна праводзіць пакватэрны абход, сустракаецца і гутарыць з жыхарамі, разглядае іх заявы і дапамагае знайсці рашэнне праблем. Кожны інспектар павінен наладзіць цесны кантакт з насельніцтвам, дакладна ведаць профільнае заканадаўства, якасна праводзіць прафілактычныя мерапрыемствы. Пратаколы, пісьмовыя адказы, часам нават матэрыялы для будучай крымінальнай справы — таксама частка працы. І тым прафесія і прыцягвае: не стамляешся ад аднастайнасці.
