Брадзішча і Засялечча. У суладдзі з прыродай

У “Еўраопт” — на матаблоку, дом з рублём, адзіны мужчына на ўсю акругу, былая база паляўнічых — чым здзівілі Брадзішча і Засялечча?
Абедзве гэтыя вёскі не маюць аўтобуснай сувязі з горадам. Іх насельнікі могуць пабываць у райцэнтры або з’ездзіць у Бабруйск толькі па чыгунцы. Ды і то да яе трэба яшчэ дабрацца. Прычым з Брадзішча — на аднайменную станцыю, а вось з Засялечча — бліжэй да Татаркі.
Стараста абедзвюх вёсак — Наталля Гулевіч. Да яе першай і накіроўваемся.
— У Брадзішчы зараз шэсць пастаянных жыхароў, — паведамляе жанчына. — Усім за семдзесят. А жывём так… Старшыня Вяззеўскага сельвыканкама Уладзімір Чыгілейчык пастаянна на сувязі, калі трэба памяняць ліхтар ці расчысціць ад снегу вуліцу — вырашае пытанне без прамаруджвання. Па панядзелках і чацвяргах да нас заязджае аўталаўка Клічаўскага райста, наведваецца і паштовая машына — прывозіць пенсію, тое-сёе з тавараў. А калі неабходна штосьці акрамя таго, што яны прапаноўваюць, едзем у Татарку. Там працуе магазін “Еўраопт”, а па пэўных днях прыязджаюць прыватныя прадпрымальнікі, якія прапаноўваюць запатрабаваныя харчовыя і прамысловыя тавары.

Цікава, што да рабочага пасёлка зручней усяго дабірацца на матаблоку, які належыць Анатолю Кузьмічу — адзінаму мужчыне ў акрузе.
Анатоль Уладзіміравіч займаецца пчалярствам, ён з вялікай пашанай ставіцца да гэтых працавітых насякомых. Расказвае, што яны ўжо даўно пачалі сезон, збіраюць мёд з арэшніку, вярбы, вольхі. З цікавасцю назірае за ляснымі жывёламі, а тыя адчуваюць сябе на вуліцы як дома. Лес падышоў да дамоў цеснай сцяной, і дзікія звяры ўжо лічаць вёску лясной палянай: ласі абгрызаюць кару яблынь, вольна бегаюць зайцы, заходзяць казулі, нярэдкімі гасцямі сталі і зубрыха з зубранём.
Да гутаркі падключыліся яшчэ дзве жыхаркі: Кацярына Сямашка і Соф’я Ілатоўская. Калі хтосьці наведваецца ў вёску, збіраюцца ўсе, хто можа.


Цікава, што ўсе гэтыя людзі ў маладыя гады з’язджалі ў іншыя мясціны, шукалі сябе, працавалі ў розных сферах, а калі пайшлі на пенсію, вярнуліся на малую радзіму, дзе займаюцца падсобнай гаспадаркай, ходзяць у лес, атрымліваюць асалоду ад стасункаў з прыродай.
Прагульваемся па адзінай брадзішчанскай вуліцы, якая носіць назву Цэнтральная. Зацікавіла адна закінутая пабудова, што стаіць воддаль ад дарогі. На выцвілай шыльдачцы чытаем: “Карытненская прыпісная паляўнічая гаспадарка Асіповіцкага райсавета таварыства паляўнічых і рыбаловаў”. Калісьці тут збіралася нямала паляўнічых, якія прыязджалі не толькі з нашага раёна. Кінулася ў вочы сабачая будка, што прымкнула да будынка. Незвычайная, двухпакаёвая.

Ідзём далей. Дамоў тут нямнога. Адзін з іх абнесены шчыльнай агароджай. Далей — плот з камянёў. У двары за ім завіхаюцца дачнікі, якія прыехалі, каб падрыхтаваць дом да цёплага сезона.
Ёсць, канечне, і “раскіданыя гнёзды” — пакінутыя гаспадарамі сядзібы.
Дом пад нумарам 1 менавіта такі. Па іроніі лёсу на паўразбураным будынку захавалася таблічка, якая паведамляе: “Маёмасць застрахавана. Галоўнае ўпраўленне дзяржаўнага страхавання СССР”. Такія размяшчаліся на дамах да 1991 года і служылі знакам таго, што маёмасць знаходзіцца пад абаронай дзяржавы. Маёмасці ўжо няма, той дзяржавы — таксама, а шыльдачка і цяпер як новая…

Праязджаем кіламетры чатыры. Вёска Засялечча. Зараз у ёй пражывае толькі тры чалавекі.
Сёстры Тамара і Валянціна Касьян жылі ў Брагінскім раёне. Пасля Чарнобыльскай трагедыі бацька сясцёр цяжка захварэў, яны з матуляй пераехалі ў Засялечча, тут і жылі да апошніх дзён. А дочкі, калі пайшлі на заслужаны адпачынак, таксама адна за адной перабраліся са сталіцы ў вёску і цяпер усю цёплую частку года жывуць “на прыродзе”. Акуратненькі вясковы домік, уздоўж паркана рад туй, у палісадніку яркія крокусы. Ва ўсім відаць гаспадарчая рука.

— Садзім агарод, ходзім у лес, — расказвае Тамара Пятроўна. А на пытанне, ці не страшна заставацца, калі, як цяпер, сястра адпраўляецца на нейкі час у горад, толькі пасміхаецца: маўляў, чаго тут баяцца? Ды і прыгажосць якая наўкол, калі расцвітуць сады, зазелянее трава.
Яшчэ адна жыхарка — 95-гадовая Валянціна Ласюкова — жыве на другім канцы Засялечча. Яе хата размешчана нібы на покуці: у яе ўпіраецца вуліца. Валянціна Аляксееўна — самая паважаная жыхарка тутэйшых мясцін і адзіная, чый лёс цалкам звязаны з малой радзімай.

Нарадзілася яна на хутары каля Брадзішча. Перажыла нямала. У часы Вялікай Айчыннай яе разам з іншымі дзецьмі акупанты ганялі на прымусовыя работы: чысціла бульбу, прыбірала казарму. Тата памёр ад тыфу, гэта трагедыя, відаць, і выратавала, калі фашысты выбіралі падлеткаў у якасці донараў для салдат вермахта: хтосьці сказаў, што дзяўчынка таксама заразілася тыфам, гэта і вызначыла яе лёс.
Пасля вайны працягваць вучобу Валянціне не было магчымасці. Чатырнаццацігадовая дзяўчынка разам з іншымі адраджала разбураную фашыстамі гаспадарку. Працавала ў калгасе, а потым гадоў 20 санітаркай у бальніцы. Нягледзячы на ўзрост, бабуля Валя і цяпер па меры магчымасці корпаецца ў двары і агародзе. Заўсёды рада гасцям.
Хат у вёсцы нямнога. Некаторыя з іх чакаюць гаспадароў на летнія месяцы.
Уразіў адзін дом: дзверы адчынены, шыб няма. У пакоях стаяць шафа і ложак, вецер раскідаў па падлозе прадметы адзення, у кутку месціцца нейкі посуд. Захаваліся і прадметы побыту: рубель, якім качалі бялізну, і два кашы. Асабліва запомніўся сшытак па матэматыцы Святланы Маўлютавай з надпісам “ХІ пяцігодка” (а гэта 1981-1985 гады). Дзе цяпер тая дзяўчынка, якая прыгожым почыркам пісала радочкі лічбаў? Бясспрэчна адно: куды б ні закінуў яе непрадказальны лёс, у сэрцы ўсё роўна жывуць успаміны пра малую радзіму. І такія маленькія, ціхія вёсачкі, як Брадзішча ці Засялечча,
здолелі вырасціць не адно пакаленне годных людзей, якія знайшлі сябе ў “вялікім свеце”.

…Выязджаючы на дарогу да Татаркі, апошні раз акідваем позіркам сціплую засялецкую вуліцу. І ўзнікае думка: у кожнага населенага пункта свой лёс. Ні радасны і не благі, а проста свой, непаўторны.
Іна Заскевіч.
