Чарговы поспех 31.12.09, № 108
Чарговы поспех
Абласны конкурс рэканструкцыі традыцыйнага ручніка, які праходзіў у сярэдзіне снежня ў Магілёўскім краязнаўчым музеі імя Раманава, прынёс чарговую ўдачу творчай групе нашага цэнтра народных рамёстваў і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У тым ліку і Аляксандры Рыбак. (У мінулым годзе яны былі лепшымі ў конкурсе “Традыцыйны беларускі касцюм”).
Набожнік, прадстаўлены ў секцыі “Этнаграфічныя тканіны Падняпроўя”, заняў ганаровае першае месца: у аснову работы быў пакладзены ўзор ручні-ка, які належаў жыхарцы вёскі Майсеевічы Г.А.Сашчэка (зараз ён знаходзіцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі). Для больш дасканалага адлюстравання мясцовага каларыту пры стварэнні ручніка, які прызначаўся для ўпрыгожвання абразоў і бажніц, былі здзейснены экспедыцыйныя вандроўкі ў музеі Дараганаўскай СШ, СШ № 3, а таксама ў Ясень. Папрактыкавацца ж, патанчыць сваё майстэрства і густ было над чым. Саша змагла пры вышыўцы перадаць своеасаблівы стыль старадаўняга арнаменту, выкарыстаўшы традыцыйныя чырвоны і чорны колер нітак. Дапоўнілі яго карункамі і махрамі. У гэтым ёй дапамаглі бібліятэкар Таццяна Дубовік (вязанне кручком) і дырэктар ЦНРіДПМ Людміла Саламянкова (махры). Усё разам і дапамагло стварыць выразную дэкаратыўнасць набожніка, падкрэсліць яго самабытнасць і індывідуальнасць. Што і прынесла заслужаную ўзнагароду.
