Спагада, дабрачыннасць і міласэрнасць 8.12.09, № 101
Спагада, дабрачыннасць і міласэрнасць
вось рысы, якія заўсёды складалі асноўную характарыстыку беларуса. Ва ўсе часы нашы людзі стараюцца і, па меры магчымасці, дапамагаюць тым, каму жывецца цяжэй. Клапоцяцца пра іх як дзяржава — па даных Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні толькі сёлета прайшлі курс медыцынскай рэабілітацыі 35 падлеткаў і 45 дарослых, так і звычайныя людзі — больш за паўтара дзесятка індывідуальных прадпрымальнікаў выдаткавалі свае грашовыя сродкі для набыцця падарункаў дзецям, якія маюць фізічныя недахопы.
Напярэдадні Дня інвалідаў Рэспублікі Беларусь у раёне прайшла вялікая колькасць мерапрыемстваў, акцый, сустрэч, канцэртаў мастацкай самадзейнасці, гасцямі якіх паўсюль сталі людзі, якім сапраўды патрэбна дапамога — дарослыя і дзеці з абмежаванымі магчымасцямі.
3 снежня ў раённым Цэнтры культуры адбылася сустрэча кіраўніцтва райвыканкама з членамі грамадскіх аб’яднанняў інвалідаў. На сустрэчу з імі прыйшлі намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Шаўлюга, начальнікі аддзела ідэалагічнай работы, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму Ганна Землянухіна, Тамара Бурак і Віктар Шыльцаў, дырэктар установы “Асіповіцкі РЦСАН” Ірына Асіпчук, намеснік галоўнага ўрача ЦРБ Аліна Зэйдэль, загадчыца аддзялення рэабілітацыі райпаліклінікі Ірына Пастэрняк.
Намеснік старшыні райвыканкама яшчэ раз нагадаў пра тое, што на абарону правоў і інтарэсаў інвалідаў у нашай краіне накіравана значная колькасць Законаў, якія і вызначаюць палітыку дзяржавы ў дачыненні да людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Адказныя асобы адказалі на шматлікія пытанні, якія хвалявалі прысутных. Шчыра вітаў усіх старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускае тава-рыства інвалідаў” Сяргей Кузьмін, які ўручыў Ганаровую грамату арганізацыі дырэктару унітарнага прадпрыемства “Тэхпрам” Івану Цімчанку (на здымку).
Святочны настрой пажылым людзям стварыў цудоўны канцэрт, які падрыхтавалі ўдзельнікі мастацкай сама-дзейнасці РЦК.
***
Даўно ўжо стала традыцыйным віншаванне дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці напярэдадні Міжнароднага дня інвалідаў прадстаўнікамі ЦКРНіР, ЦТДзіМ, аддзела адукацыі райвыканкама. Амаль сто дзяцей загадзя атрымалі запрашальныя білеты на святочнае мерапрыемства, якое прайшло на базе гімназіі 28 лістапада. Забаўляльную праграму з гульнямі, песнямі, танцамі пад назвай “День рождения на крыше” падрыхтавалі артысты з ЦТДзіМ. Больш за гадзіну вясёлыя героі Карлсан, Малыш і іншыя стваралі добры настрой, і гэта ў іх цудоўна атрымалася. А каб такі настрой доўжыўся не адзін дзень, запрошаныя напрыканцы свята атрымалі салодкія пачастункі вагою амаль у два кілаграмы. Вялікі дзякуй за гэта прадпрыемствам і арганізацыям, а таксама асобным людзям, якія імкнуцца дапамагчы дзецям з абмежаванымі магчымасцямі і выступілі ў якасці спонсараў. Такая па-сапраўднаму добрая, шчырая сустрэча стане для дзяцей светлым успамінам у іх асаблівым жыцці.
***
“Будзь здаровы — жыві цікава” — так называлася спартыўнае свята, якое прайшло 3 снежня ў Асіповіцкай спецшколе-інтэрнаце. Паглядзець на спаборніцтвы каманд “Асілкі” і “Дружба” прыйшлі выхаванцы і работнікі спецшколы, а таксама шматлікія госці — прадстаўнікі ФСК “Алімпія”, СШ № 1, спонсарскіх аб’яднанняў і прадпрыемстваў “ГОРО”, ТДА “АБГ-Сервіс”, ААТ “Макі”. Камандам — сюды уваходзілі вучні СШ № 1 і спецшколы, настаўнікі і медработнікі — давялося паўдзельнічаць у самых розных эстафетах. Аб тым, што “іспыты” былі цікавымі, гавораць іх назвы: “пагрузка і разгрузка кавуноў”, “снайпер”, “матэматычная эстафета”. Паміж конкурсамі, каб даць магчымасць удзельнікам адпачыць, а журы — падвесці вынікі, былі музычныя паўзы, якія запаўняў сваімі іскрамётнымі танцамі калектыў ЦТДзіМ “Імпульс”. Да-спадобы прыйшліся камандам падарункі аддзелаў фізічнай культуры, спорту і турызму, моладзі райвыканкама і БРСМ.
Хутчэй за ўсё, гэты дзень для выхаванцаў спецшколы быў адным з самых запамінальных і шчаслівых дзён года. Прычына чаму не толькі спартландыя, але і майстар-клас навучэнцаў-цырульнікаў ліцэя № 8 (многія хлопчыкі і дзяўчынкі зрабілі сабе новыя прычоскі — чым не дзіцячая радасць?), і канцэрт вакальнага гуртка ЦТДзіМ, якім кіруе Мікалай Забаўскі. Вечарам жа вучняў спецшколы чакала забаўляльна-дыскатэчная праграма.
Няхай дзён, багатых на цікавыя падзеі, будзе як мага больш!