У Асіповічах з’явіўся “Трон”

Iнтэрв’ю з нагоды
Прыемна адзначаць пазітыўныя змяненні, якія адбываюцца ў жыцці горада і землякоў. І адкрыццё ў дзень вясновага жаночага свята на першым паверсе ўсім вядомай “Пралескі” більярд-бара “Трон” таксама можна аднесці да такіх падзей. Новы бар — гэта не толькі 11 дадатковых працоўных месцаў, але і новае слова ў сістэме грамадскага харчавання Асіповічаў.
Ва ўтульнай зале наведвальнікаў сустракаюць два сталы для гульні ў більярд. Месца адпачынку прызначаецца для пэўнага кола візіцёраў, таму няма патрэбы адводзіць плошчу пад танцпол — дыскатэкі тут не будзе. А вось ненавязлівая музыка — калі ласка. Пасадачных месцаў 30. Можна заказаць столік на дваіх, а можна і з кампаніяй размясціцца за вялікім сталом у асобнай кабінцы. Мэбля — толькі натуральная, зробленая з сасны, так бы мовіць, у вясковым стылі, дзе пэўная брутальнасць гарманічна спалучаецца з грунтоўнасцю і своеасаблівай прыгажосцю. На кожным століку — керамічныя наборы для спецый, зробленыя пад заказ у “Белмастацтвакераміцы”, побач — металічныя званочкі, якія паклічуць за вас афіцыянта. Два вялікія тэлевізары надаюць кафэ дадатковую функцыянальнасць: зручна прыйсці, напрыклад, футбольным фанатам ці паглядзець з сябрамі матчы чэмпіянату свету па хакеі, які пройдзе ўжо зусім хутка ў краіне. Дарэчы, скарыстацца інтэрнэтам тут таксама ёсць магчымасць.
Асобныя дэталі ўдакладніла гаспадыня бара Наталля Пахоменка:
— Чаму “Трон”? Гэта сугучна з назваю ўзначальваемага прыватнага прадпрыемства “ТронГрад”. Ну і, згадзіцеся, трон — месца, якое дастаўляе чалавеку пэўную асалоду. Чаму б і не? Ну а калі сур’ёзна, то кропка грамадскага харчавання патрабавала нямала намаганняў і выдаткаў, таму чакаем, што яна апраўдае мэты, дзеля якіх і была створана. Па-першае, нам хацелася, каб гэта было месцам параўнальна ціхім і ўтульным, для пэўнай катэгорыі людзей, якія ведаюць толк у адпачынку — інтэр’ер садзейнічае задушэўным размовам і цёплым сустрэчам. Па-другое, маем мэту накарміць смачнай карыснай ежай і землякоў, і гасцей горада. Упор у меню робіцца на нацыянальную кухню. Пералік страў не надта шырокі — каля паўсотні найменняў, аднак гарантуем, што ўсё заяўленае заўсёды будзе ў наяўнасці. Ёсць і свае “фішкі”: напрыклад, калі вы заказваеце комплексны абед альбо проста боршч з пампушкамі, то ў якасці бонуса вам пададуць асарці са шпіку.
— А як наконт фірменных страў?
— Абавязкова! Гэта салата “Трон” з курыцай, сухарыкамі, а астатнія інгрэдыенты — сакрэт, прыходзьце і спрабуйце. Маем і свой рэцэпт лёгкага, адцененага міндалём соусу. Дарэчы, і соус, і спецыі заўсёды будуць на стале. Наогул, стараемся задаволіць густ любога наведвальніка. Напрыклад, тыя ж варэнікі могуць быць не толькі з самым разнастайным начыннем, але і па-рознаму прыгатаваныя: паравыя, смажаныя, вараныя — як душа пажадае. Хочаце кваску альбо кампоту? Таксама калі ласка. А ў халодную пару года будзем варыць глінтвейн.
— Зразумела, што кухня адметная. Што гэтаму садзейнічае?
— Закуплена новае французскае, італьянскае абсталяванне, і гэта дазваляе не толькі без праблем захоўваць санітарныя нормы, але і рыхтаваць, напрыклад, піцу. Немалое значэнне, мяркую, мае прафесіяналізм каманды. Шэф-повара, напрыклад, запрасілі са сталіцы. Ён, дарэчы, удзельнік Першай кулінарнай школы “Oede”. Спадзяюся, што сакрэтамі майстэрства, якіх у яго нямала, падзеліцца і з другімі “тронаўцамі”.
— Які рэжым работы мае ўстанова?
— Працуем штодня з 12 да 24 гадзін, а ў пятніцу, суботу і нядзелю — да трох ночы. Перапынку на абед няма. “Трон” ніколі не будзе зачыняцца на спецабслугоўванне: калі чалавек вырашыў паабедаць у нас, у яго гэтая магчымасць абавязкова павінна быць.
— Месцазнаходжанне більярд-бара вельмі зручнае…
— І гэтым абавязкова скарыстаемся. Паставім на цёплы сезон вынасныя столікі, каб тыя ж матулі, якія гуляюць з дзецьмі побач у парку, маглі прыйсці сюды са сваімі сынамі-дачушкамі і заказаць марожанае, малочны кактэйль альбо ліманад з пірожным, зрабіць прыемны перапынак, адпачываючы ад спёкі. Папрацуем і над дызайнам тэрыторыі.
— А якія яшчэ ёсць планы ў прадпрыемства “ТронГрад”?
— Марым змяніць “Пралеску” карэнным чынам. Напрыклад, на другім паверсе зрабіць боўлінг, на трэцім — гасцініцу больш як на 30 нумароў. Для гэтага трэба правесці адпаведную экспертызу. Хацелася б, каб “Пралеска” стала своеасаблівым цэнтрам, дзе можна і спыніцца, і цікава правесці час. Словам, каб наш горад стаў яшчэ больш гасцінным і прывабным.
Гутарыла Валянціна КОРБАЛЬ.