Настаўнікі, з перамогай!

На мінулым тыдні завяршыўся абласны этап конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”, у якім удзельнічалі і 3 педагогі з нашага раёна.
I выступленне кожнага было выніковым: у намінацыі “Музыка, выяўленчае мастацтва, працоўнае навучанне, фізічная культура і здароўе, дапрызыўная падрыхтоўка” настаўнік фізічнай культуры і здароўя Ясенскага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа Максім Мікуліч заняў першае месца, самую вялікую колькасць балаў сярод выхавацеляў дашкольнай адукацыі набрала і Вікторыя Гяч з дзіцячага ясляў-сада № 10 “Расінка”, а настаўніца біялогіі з гімназіі Жанна Маціеўская стала лаўрэатам і атрымала Дыплом III ступені.
Такому поспеху педагогаў спрыяла іх выдатная падрыхтоўка, кампетэнтнасць, крэатыўнасць і імкненне паказаць, што ў навучальных установах Асіповіччыны працуюць сапраўдныя прафесіяналы.
Праз пэўны час Максім Мікуліч і Вікторыя Гяч разам з іншымі пераможцамі будуць прадстаўляць Магілёўшчыну на завяршальным рэспубліканскім этапе конкурсу педмайстэрства. Упэўнены, што і ў сталіцы яны пацвердзяць званне лепшых.
