Шоу па-асіповіцку 4..12.09, № 100.
Шоу па-асіповіцку
Першая “Міс Беларусь” была абраная ў 1988 годзе. Гэты прэстыжны тытул тады заваявала спявачка Анжэліка Агурбаш. У Асіповічах жа конкурс прыгажосці гарадскога маштабу адбыўся толькі праз 21 год, і гэтая падзея выклікала сярод насельніцтва рэзананс: асіпаўчане доўга абмяркоўвалі не толькі запамінальнае відовішча, але і яго вынікі.
Пяць месяцаў у рэжыме чакання
Ідэя правесці конкурс “Міс Асіповічы” з’явілася ў начальніка аддзела па справах моладзі райвыканкама Ларысы Волкавай ужо даўно. Аднак каб рэалізаваць праект па-сапраўднаму ярка і цікава, патрабавалася каманда аднадумцаў. У сакавіку райкам БРСМ правёў адборачны тур. Патрабаванні да фігуры і знешнасці дзяўчат не прад’яўлялі, адзінае — яны павінны былі падыходзіць пад узроставы цэнз: ад 16 да 28 гадоў. Хоць умовы першага конкурсу прыгажосці былі вельмі дэмакратычнымі, жадаючых па-ўдзельнічаць у ім знайшлося нямнога. Усяго ў аргкамітэт паступіла 18 заявак, сярод якіх толькі адна была з раёна. З усіх прэтэндэнтак адабралі сямёрку мацнейшых, якія найбольш цікава змаглі сябе падаць. Як аказалася, усе гэтыя дзяўчаты маюць прамое дачыненне да сферы адукацыі — вось такі феномен асіповіцкай прыгажосці.
Першапачаткова фінал конкурсу планавалі правесці ў ліпені, аднак з-за іншых неадкладных мерапрыемстваў прыйшлося перанесці яго ажно на лістапад. Каб падарыць асіпаўчанам гэта шоу, райкам БРСМ і аддзел па справах моладзі правялі грунтоўную падрыхтоўку, да арганізацыі падключылася мноства народу. Аддзел культуры райвыканкама займаўся тэхнічным афарм-леннем і дапамог з памяшканнем. Творчыя калектывы МПЦ “Ровесник”, клуба чыгуначнікаў, цэнтра творчасці дзяцей і моладзі пры аддзеле адукацыі адказвалі за канцэртную праграму. Хлебазавод і малочны камбінат падрыхтавалі для прыгажунь прэзенты. Вопратку для дэфіліравання прадставіла гаспадыня салона праката “Архідэя” Наталля Марчанка. Яна ж сама падабрала касцюмы для кожнай з іх.
На працягу месяца з фіналісткамі займалася мастацкі кіраўнік узорнага калектыву “Лялька” Людміла Богук. Багатым сцэнічным досведам маглі пахваліцца толькі дзве канкурсанткі. Тым не менш выкладчыцы было няцяжка працаваць і з менш вопытнымі дзяўчатамі: яны праяўлялі цікаўнасць да заняткаў і стараннасць. Людміла не толькі вучыла сваіх падапечных прыгожа рухацца, але і псіхалагічна рыхтавала іх да конкурсу. Важна было настроіць дзяўчат на тое, каб кожная з іх не баялася адчуць сябе на сцэне каралевай.
Доўгачаканы фінал адбыўся 20 лістапада ў раённым Цэнтры культуры. Пра само мерапрыемства ў горадзе было вядома даўно, аднак ніхто не чакаў такога аншлага. Усе білеты раскупілі хутка, і зала РЦК нават не змагла змясціць усіх жадаючых.
— Было радасна пабачыць, што ў нас багата прыхільнікаў прыгажосці, — адзначыла Ларыса Волкава. — Думаю, тут спрацавалі не толькі афішы і абвесткі, але і “народнае ра-дыё”. Кожная ўдзельніца мела вялікую групу падтрымкі. За паўгадзіны да пачатку ўбачыла на ганку РЦК жанчыну, якая размаўляла па мабільніку. Выпадкова пачула кавалачак з той размовы. Асіпаўчанка з годнасцю заяўляла: “Сёння ў нашым горадзе будзе сапраўднае шоу!”. І гэта было яшчэ да пачатку мерапрыемства…
Шоу патрабуе працягу
Прэтэндэнткі на званне “Міс Асіповічы” павінны былі праявіць сябе ў сямі конкурсах: візітцы, дэфіле ў дзелавых касцюмах, вячэрніх і вясельных сукенках, бліц-апытанні, аратарскім майстэрстве і мадэліраванні беларускага сучаснага нацыянальнага касцюма. Апошні быў прымеркаваны да Года роднай зямлі.
Аніводная ўдзельніца не засталася без намінацыі: Маргарыта Дзяргаева атрымала тытул “Міс Грацыя”, Хрысціна Ільіна — “Міс Экстравагантнасць”, Таццяна Сядова — “Міс Інтэлігентнасць”, Юлія Шульгіна — “Міс Чароўнасць”, Людміла Кавалёва — “Міс Пяшчота”. Ія Васільчук стала “Віцэ-міс”, а першай “Міс Асіповічы” абралі Юлію Нямцову. Зялёнавокая бландынка скарыла суддзяў сваёй грацыяй, мяккасцю і стрыманасцю. Ва ўсіх конкурсах яна атрымлівала толькі высокія балы.
— Сама ніколі б не рашылася на ўдзел у такім конкурсе, — прызналася пераможца. — Мяне абраў калектыў дзіцячага садка № 10, дзе працую. Дзякую маёй сям’і за моцную падтрымку. Прыехалі нават родныя з далёкага Слоніма. У стрэсавых сітуацыях, як правіла, застаюся спакойнай, аднак падчас конкурсу мяне аж падкідвала ад хвалявання… А перамогу прысвячаю свайму тату.
Конкурс “Міс Асіповічы” стаў знакавай падзеяй у жыцці нашага горада. Магчыма, сакрэт яго поспеху заключаецца ў тым, што арганізатары зрабілі добрае шоу на “мясцовым матэрыяле”. Сёння рэгіянальнае вельмі часта саступае месца глабальнаму. Мы лепш ведаем пра падзеі ў чужой краіне, чым у суседнім горадзе, і падчас думаем, што ў нас нічога цікавага не адбываецца. Відові-шча, арганізаванае па ініцыятыве райкама БРСМ і ад-дзела па справах моладзі, вы-клікала ў землякоў не толькі розгалас, але і праявы местачковага патрыятызму: “І мы можам ганарыцца таленавітымі і прыгожымі дзяўчатамі!”
Старшыня раённага Савета дэпутатаў і, па сумя-шчальніцтву, старшыня журы Аляксандр Пузік адзначыў: “Поўную залу могуць сабраць у Асіповічах не толькі зоркі эстрады. У гэтым можна было пераканацца 20 лістапада ў РЦК. Аказваецца, мы і самі можам зрабіць добрае шоу. Варта падтрымліваць новыя і нестандартныя праекты. Конкурс “Міс Асіповічы” будзе традыцыйным. Мабыць, у наступным годзе ён пройдзе ў большым памяшканні, каб усе жадаючыя маглі патрапіць на гэта свята прыгажосці”.
Вольга ЖАРНАСЕК.
