У суботу ў Крычаве адбыўся абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2025”

У гэты дзень Крычаў аб’яднаў усе рэгіёны Магілёўшчыны і стаў сапраўдным цэнтрам прыцягнення для тых, хто шануе працу і дасягненні сельскіх працаўнікоў. Ужо з самай раніцы на фестывалі чакалі наведвальнікаў падворкі раёнаў, на якіх шырока былі прадстаўлены ўнікальныя традыцыі і рамёствы, а таксама інтэрактыўныя пляцоўкі, дзе кожны мог прыняць удзел у займальных майстар-класах і актыўнасцях.

На працягу дня працавалі разнастайныя тэматычныя лакацыі: «Дажыначны кірмаш» з выставамі-прэзентацыямі, якія адлюстроўвалі аграпрамысловы патэнцыял, турыстычныя, культурныя і іншыя брэнды, гандлёвыя рады, выставы з лепшымі ўзорамі сельскагаспадарчай тэхнікі, паказальныя выступленні і выставы аварыйна-выратавальнай тэхнікі, аўтамабіляў ДАІ і шмат іншага.
Адметным яшчэ з адной нагоды стаў дзень для саміх жыхароў Крычава: тут была адкрыта новая паліклініка, якая дасць магчымасць значна палепшыць медабслугоўванне насельніцтва, у тым ліку і бліжэйшых раёнаў.
Першая ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання прайшла ў Крычаўскім раённым Цэнтры культуры. Гэта мерапрыемства было асабліва хвалюючым для асіповіцкай дэлегацыі: на сцэну выклікаліся ў тым ліку нашы землякі.

Падзякай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь ўзнагароджаны вадзіцель ААТ «ВязаўніцаАгра» Раман Іўчык, Падзякай Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта адзначана праца вадзіцеляў гэтай жа гаспадаркі Івана Жуковіча і Уладзіміра Олешкевіча, Ганаровую грамату прэзідыума Магілёўскага абласнога камітэта Беларускага прафсаюза працаўнікоў аграпрамысловага комплексу атрымаў трактарыст-машыніст ААТ «Ясеньскае» Андрэй Кавальчук.
Пасля палудня на галоўнай сцэне Крычава распачалася асноўная ўрачыстасць са святочным канцэртам «Слава людзям, што працуюць на зямлі!». Асаблівыя пачуцці — і гонар, і захапленне — выклікаў парад караваяў ад усіх рэгіёнаў вобласці, дзе асіповіцкі сімвал ураджаю і павагі да працы хлебаробаў быў першым.
Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Крутой зачытаў прывітальнае слова Аляксандра Лукашэнкі ўдзельнікам і гасцям свята. «У гэты дзень мы ўшаноўваем лепшых аграрыяў нашага самага ўсходняга рэгіёна, якія ў чарговы раз пацвердзілі свой высокі прафесіяналізм, даказалі любоў і адданасць роднай зямлі, — гаварылася ў віншаванні. —
Дзякуючы дакладнай арганізацыі работы і адказным адносінам да ўсіх тэхналагічных працэсаў вяскоўцы Магілёўскай вобласці пераадолелі знакавую мяжу мільён тон збожжавых і зернебабовых культур, кукурузы, рапсу. Гэта дазволіла ўнесці значны ўклад у агульнарэспубліканскі каравай, а значыць, і ў харчовую бяспеку краіны».
Дзмітрый Крутой уручыў Падзякі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Ганаровыя граматы Адміністрацыі Прэзідэнта лепшым прадстаўнікам аграрнай галіны і прамысловасці Прыдняпроўскага краю.
— Гэтае свята — даніна павагі людзям, чыя праца, самааддача і адданасць роднай зямлі забяспечваюць харчовы суверэнітэт і дабрабыт нашай Беларусі! — адзначыў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка. — Нягледзячы на складаныя ўмовы надвор’я, жніво-2025 было завершана з годнымі вынікамі. Доля Магілёўскага рэгіёна ў агульнарэспубліканскім караваі склала 14%. Намалочана каля 1 мільёна 300 тысяч тон збожжа, што на 42% больш, чым у 2024 годзе. Гэта добры вынік, але мы вартыя большага. І гэта не проста лічбы. За імі стаіць штодзённая карпатлівая праца.
Губернатар адзначыў, што поспех быў дасягнуты дзякуючы агульным намаганням. У жніве па традыцыі аб’ядналіся ўсе: аграрыі, сілавікі, ратавальнікі і работнікі прадпрыемстваў.
Увогуле, шмат цікавага і нават незвычайнага можна было ўбачыць на сельскагаспадарчым фэсце. Напрыклад, Магілёўскі мясакамбінат прэзентаваў вялізны далікатэс — мясны хлеб «Панскі». Паўтарамятровы выраб зрабілі з мяса птушкі, а яго вага склала больш за 200 кілаграмаў. А замест зерня з камбайна сыпаліся… цукеркі! Дарэчы, гэта была ў тым ліку «Энергія малака», якую выпускае філіял «Асіповіцкі» ААТ «Бабушкина крынка».
Без перабольшвання, па-дворак нашага раёна карыстаўся ў гасцей «Дажынак» вялікай папулярнасцю. Наведвальнікі з задавальненнем знаёміліся з вырабамі асіповіцкіх рамеснікаў, удзельнічалі ў майстар-класах, гульнях, дэгуставалі прадукцыю нашых перапрацоўчых прадпрыемстстваў — а пачастункаў было шмат, і ўсе — смачныя і карысныя. Далучыўся да перапрацоўшчыкаў і доследны лясгас. А каля імправізаванай сажалкі з жывой рыбай ААТ «Рыбгас «Свіслач»» увогуле стаяла ледзь не чарга тых, хто імкнуўся паспрабаваць рыбацкую ўдачу.

Нямала было жадаючых сфатаграфавацца з «Плёнам Цёткі» — так называлася конкурсная работа нашых майстроў раённага цэнтра народных рамёстваў. Мабыць, кожны верыў, што «цётка» прыносіць дабрабыт. І нездарма: талент і ўмелыя рукі могуць перадаваць асаблівую энергетыку.

На працягу дня на нашым падворку ствараў святочны настрой сваімі бадзёрымі і лірычнымі творамі, тэатралізаванымі выступленнямі, гульнёвай праграмай народны ансамбль народнай песні «Чыстыя крыніцы» Вязаўніцкага СДК.
Увогуле, абласное свята атрымалася каларытным, цёплым, шчодрым і шчырым.