Асіповічы: коратка аб розным

КАЛЯ 10 ТЫСЯЧ ЖАНОЧЫХ КАПЕЛЮШОЎ выпусціла летась ТАА “Меліна-стыль” — прыкладна 80% ад усёй колькасці вырабляемай тут прадукцыі. За дзень адна капялюшніца можа дэкарыраваць, у залежнасці ад складанасці дызайну, ад 10 да 100 галаўных убораў. Зараз на прадпрыемстве ідзе работа над летнім асартыментам, лінейка якога будзе налічваць каля 25 мадэляў.
323 ЖЫХАРКI АСIПОВIЧЧЫНЫ стаяць на ўліку па цяжарнасці ў гінекалагічным аддзяленні райпаліклінікі. Дарэчы, трое з будучых мам чакаюць двойні. Па меркаванні асіповіцкіх гінеколагаў, сакрэт нараджэння здаровых дзяцей просты: трэба заўсёды прытрымлівацца здаровага ладу жыцця, а цяжарнасць — планаваць.
“АВЕЛIН”, “КЛАСІКА” — так называюцца асноўныя лініі бялізны, якая выпускаецца на прыватным ВУП “Відэлія”. За месяц мясцовымі майстрыхамі шыецца 32 тысячы штук карсетных вырабаў. Цікава, што чыста жаночае адзенне вырабляецца жаночым калектывам: сярод васьмі дзясяткаў працаўнікоў “Відэліі” толькі адзін мужчына.
АДДЗЕЛ УНУТРАНЫХ СПРАЎ райвыканкама абралі месцам працы і службы 24 жанчыны, з якіх 8 — афіцэры. Найбольшая колькасць прадстаўніц прыгожага полу — 5 чалавек — у інспекцыі па справах непаўналетніх.
МIЖНАРОДНЫ ФЕСТЫВАЛЬ УСХОДНЯГА ТАНЦА I ЛАЦІНА-ШОУ “ЗАЛАТЫ БІСЕР”, які прайшоў у сталіцы ў суботу, прынёс удачу танцавальнай школе Дзіяны Шатанавай: выступленне юных асіпаўчанак Юлі Сакалоўскай, Ксеніі Агафонавай, Лізы Логвінавай, Насці Лукашэвіч і Лізы Крэхалёвай адзначана Дыпломам I ступені ў намінацыі “юніёры”. Дарэчы, выходзілі на сцэну дзяўчынкі пад № 566, а сабраў фестываль каля сямі соцень удзельнікаў.
БОЛЬШАСЦЬ КУРСАНТАЎ прыватнага УП “Асіповіцкая аўтамабільная школа” ДТСААФ — жанчыны. Яны складаюць прыкладна 60% ад агульнай колькасці тых, хто вырашыў навучыцца вадзіць аўто.