Залатыя гады і выпрабаванні лёсу. 90 гадоў адзначыла нядаўна жыхарка аграгарадка Каўгары Зоя Шульга

“А што пра мяне пісаць? Я ж не вядомая асоба! Самае звычайнае жыццё пражыла”, — такімі словамі пачалася наша з ёй гутарка.
Ужо каля трох дзясяткаў гадоў Зоя Якаўлеўна пражывае на Асіповіччыне, хаця яе малая радзіма пасёлак Папанін Лоеўскага раёна.
У тыя краі калісьці трапіў яе дзед. Пасля сталыпінскай рэформы ён змог набыць зямлю і пасяліцца на хутары, з якога пазней сям’я перабралася ў пасёлак, што атрымаў імя знакамітага даследчыка Арктыкі.
Бацькі Зоі працавалі ў калгасе, гадавалі шасцярых дзяцей — чатырох дачок і двух сыноў. 19 чэрвеня 1941 года нашай гераіні споўнілася шэсць гадоў.
— На тым і скончылася маё дзяцінства, — уздыхае жанчына. — Праз тры дні пачалася вайна, бацька пайшоў на фронт, а матуля ў гэтыя страшныя гады бараніла нас усімі сіламі ад небяспекі, якая праследавала пастаянна. Выкапала ў агародзе зямлянку і, калі чула страляніну, бегла разам з намі ў сховішча.
Ад рэдакцыі. Лоеўшчына была вызвалена ад акупацыі пасля цяжкіх кровапралітных баёў, якія ішлі з 27 верасня па 21 лістапада 1943 года (частка Гомельска-Рэчыцкай наступальнай аперацыі Чырвонай арміі).
Асабліва азвярэлі фашысты, калі пад ударамі савецкіх войскаў вымушаны былі пакідаць захопленую тэрыторыю. Адступаючы, акупанты хапалі і гналі з сабой мірнае насельніцтва. Маці сабрала дзяцей і кінулася з імі ўкрывацца на балота. Палеская дрыгва не раз ратавала мясцовых жыхароў. Зберагла і ў той раз. Прачэсваючы лес, ворагі падыходзілі так блізка, што, калі меншая сястрычка пачынала хістаць лазовую галінку, сыпаліся кулі. У само балота фашысты баяліся лезці, а людзям там давялося хавацца некалькі дзён.
Спаць у хмызняку без трывалай глебы пад нагамі, харчавацца дарамі лесу і размаўляць толькі шэптам было вельмі цяжка, але малыя разумелі, што іншага выйсця няма. І калі старэйшы брат пад прыкрыццём цемры выбіраўся на поле і выкопваў там крыху бульбы, якую днём запякалі, для сям’і было свята.
Зоіным родным пашанцавала выйсці з балот цэлымі. Вярнуўшыся дадому, дзеці радаваліся магчымасці гучна гаварыць і нават крычаць, разводзіць агонь і гатаваць ежу, жыць у роднай хаце.
Хутка стала працаваць школа. Зоя са старэйшай сястрой пайшлі вучыцца, а брат, як старэйшы мужчына ў сям’і, вымушаны быў займацца гаспадаркай, каб даць сёстрам магчымасць атрымаць адукацыю.
Тата ў 1945-м атрымаў сур’ёзнае раненне, доўга лячыўся — у Польшчы, потым Украіне. Па новаму вучыўся хадзіць, а пасля няўдалага падзення дактарам прыйшлося пачаць лячэнне нанова.
Дадому салдат вярнуўся няскора. Шмат чаго адбылося за гэты час. Жонка набыла цялушку, якую з цягам часу сталі запрагаць у плуг. Уся сям’я перахварэла тыфам і малярыяй. Дзяўчынкі скончылі па чатыры класы. Хоць было цяжка, брат загадаў ім працягваць навучанне — у далейшым абедзве сталі педагогамі, — а сам скончыў школу фабрычна-завадскога навучання і пачаў працаваць на судабудаўнічай верфі ў Рэчыцы.
Зоя Якаўлеўна ўзгадвае, што ў старшыя класы хадзіла за 15 кіламетраў: тыдзень жыла там на кватэры, а на выхадныя ішла дадому. Пераадольвала 11 балацянак — нізіны, запоўненыя вадой. Пры кожнай магчымасці бегла басанож — ногі мёрзлі, але абутак зберагаўся. Затое дома атрымлівала вялікі бохан пахучага хлеба і збан малака, якія забірала з сабой.
Пасля сярэдняй школы дзяўчына паступіла ў Гомельскі педінстытут. Давялося здаваць шэсць экзаменаў. Прычым па якіх дысцыплінах будуць іспыты наперад не ведала, таму захапіла ўсе падручнікі — добры выйшаў стос!
У час вучобы прыняла ўдзел ва ўборцы хлеба ў Казахстане. Там атрымала першыя грошы, на якія купіла гадзіннік: урок, не ведаючы часу, правільна не падрыхтуеш і не правядзеш. А яшчэ пшаніцы для сям’і зарабіла.
Пасля заканчэння гісторыка-філалагічнага факультэта маладая настаўніца працавала на Віцебшчыне, выйшла замуж, а затым разам са сваім выбраннікам пераехала ў Дражна Старадарожскага раёна, дзе жылі яго бацькі. Па прафесіі Аляксандр быў аграномам, і яму ўсюды знаходзілася работа, а вось вакансій па спецыяльнасці Зоі не было, таму аддзел адукацыі накіраваў яе завучам у базавую школу вёскі Краі, да якой ад Дражна амаль паўсотні кіламетраў. Гэта зараз там пражывае каля шасці дзясяткаў жыхароў, а ў той час толькі школьнікаў налічвалася больш за 200.
Ад рэдакцыі. Да 1965 года Дараганаўскі сельсавет уваходзіў у Старадарожскі раён Мінскай вобласці.
Хутка і новы будынак школы быў узведзены, а потым і двухпавярховы дом. Адну з кватэр у ім атрымалі і Зоя з Аляксандрам, бо датуль яны кватаравалі ў мясцовых бабулі з дзядулем, якія і сыноў Леаніда і Віктара гадаваць дапамагалі, калі тыя з’явіліся на свет. Уласнае жытло здалося раем: цэлыя тры пакоі на чацвярых, а потым пяцярых, чалавек, бо пазней нарадзілася дачушка Наталля.
Калі школа ў Краях закрылася, Зоя Якаўлеўна перайшла ў Дараганаўскую санаторна-лясную, там яна адпрацавала 24 гады…
Пра работу, вёску, сям’ю, дзяцей ветэран педагагічнай працы гатова расказваць шмат. Бо ўсё гэта — часцінкі яе жыцця. Яркага, напоўненага мноствам падзей, нялёгкага, але сумленнага, вынікі якога навідавоку — вось яны на здымках, яе ўнукі і праўнукі, якімі бабуля ганарыцца.
А сцвярджала, што расказаць нечага…