Гарачая пара зараз не толькі ў аграрыяў, але і ў перапрацоўшчыкаў. І пераканаліся ў гэтым, наведаўшы Асіповіцкі вытворчы ўчастак ААТ “Бабруйскі КХП”

Прыняць зерне ў сельгаспрадпрыемстваў, дапрацаваць сыравіну і вырабіць прадукцыю — задача стратэгічнай важнасці. Сёлетні дзяржзаказ складае 29 780 тон збожжа. У тым ліку жыта групы А — 8 600 тон, пшаніцы 3 і 4 класаў — 10 400, ячменю 1 класа — 5 000 тон, аўса 3 класа — 5 000 тон, плюс 780 тон грэчкі. Заданне канкрэтна для Асіповіцкага раёна — 1 100 тон ячменю, 1 000 — пшаніцы, 300 — жыта, 280 — аўса.
— Жніво ў гаспадарках з кожным днём набірае тэмпы. Да нас будуць дастаўляць дары ніў амаль з усіх раёнаў Магілёўшчыны. Першым пачаў адпраўляць зерне Кіраўск. Днямі сустракалі машыны таксама з Магілёўскага, Круглянскага, Бялыніцкага раёнаў. Ужо прынята больш за 800 тон зерня. Акрамя таго, дзяржзаказ для вытворчага ўчастка з бліжэйшых гаспадарак прымае ўнітарнае прадпрыемства “Горацкі элеватар”, — расказала пра старт нарыхтоўчай кампаніі дырэктар прадпрыемства Іна Зайцава. — Датычна Асіповіччыны, дзяржаўныя засекі будуць папаўняць усе нашы сельгаспрадпрыемствы: чакаем ад ААТ “ЖорнаўкаАгра” 830 тон збожжа, “ВязаўніцаАгра” — 755, “Авангард-Ніва” — 400, “Асіповічыаграпрамтэхзабеспячэнне” — 350, ”Ясеньскае” — 290. Прыме ўдзел у выкананні дзяржзаказу і прыватны аграбізнес, напрыклад падворак “Шыпы”. І хоць заданне тут не вельмі вялікае — 55 тон, — аднак такі ўклад таксама важны.
У сваю чаргу захоўваем зерневыя запасы для Мінскага КХП, булачна-кандытарскай кампаніі “Дамачай” і іншых партнёраў. Асаблівая ўвага надзяляецца хлебапрадуктам дзяржаўнага матэрыяльнага рэзерву, якога плануецца трымаць каля 20 тысяч тон.
Закладка новага ўраджаю — сумесная праца многіх падраздзяленняў. Плануем распачаць перапрацоўку збожжа сёлетняга ўраджаю ў верасні. І ўжо ў першым восеньскім месяцы збіраемся вырабіць з новага зерня 1 000 тон жытнёвай мукі і 500 — пшанічнай, 600 тон аўсяных круп і 300 — ячных, а таксама па дзесяць тон грэцкіх і аўсяных шматкоў.
Разуменне прыярытэтнай на сёння задачы ёсць у кожнага звяна. У першую чаргу камандзіраваныя вадзіцелі, прывёзшы зерне, звяртаюцца да спецыялістаў візіровачнай лабараторыі. За суткі праз гэтую кропку праходзіць нямала машын. Пакуль паток не такі насычаны, але з кожным днём ён становіцца ўсё больш інтэнсіўным. Таму са ўчарашняга чысла прыёмка сыравіны ажыццяўляецца кругласутачна. З прыборамі для вызначэння вільготнасці і натуральнай вагі сыравіны спецыялісты спраўляюцца адмыслова. Ячмень, а менавіта гэта культура зараз на парадку дня, дастаўляецца добры, вільготнасцю каля 13 працэнтаў. Пакуль якасць новага ўраджаю прымальная, адпавядае стандартам.
Галоўнае, каб дажджы не ўнеслі свае карэктывы ў справу. Увогуле, на вытворчым участку заўсёды ідуць насустрач партнёрам-аграрыям, пры неабходнасці ўжо на месцы даводзячы зерне да кандыцыйных норм.
Узмоцнены рэжым у гэты перыяд і на элеватарна-складской гаспадарцы. Вядуцца работы па прыёмцы, ачыстцы, сушцы і захаванні збожжа. Пасля заключэння вытворча-тэхналагічнай лабараторыі зерне накіроўваецца на патрэбны элеватар у адпаведны сілас. Пасля таго як машына з зернем узважваецца і рэгіструецца, у вызначанай кропцы машыніст зернепагрузачных, разгрузачных машын выгружае транспарт, і збожжа адпраўляецца па зададзеным маршруце. Далей апаратчыкі апрацоўкі збожжа даводзяць яго да патрэбных параметраў якасці згодна з тэхналагічнай схемай. Менавіта зладжаная работа гарантуе паспяховасць справы.