Што выбіраюць юнакі і дзяўчаты? 24.11.09, № 97
Што выбіраюць юнакі і дзяўчаты?
Ужо даўно ў свеце аксіёмай стала формула: хочаш быць паспяховым і карыстацца папулярнасцю — вывучы густы сваёй аўдыторыі. Таму на гэты раз мы вырашылі распытаць асіповіцкую моладзь пра яе прыхільнасці. Маладым людзям прапаноўвалася адказаць на наступныя пытанні: “Наколькі часта вы чытаеце “раёнку” і яе маладзёжную старонку?”, “Якіх тэм, матэрыялаў не хапае “На маладзёжнай хвалі”, каб зацікавіць менавіта вас?”
Віталь Нікалайчык, начальнік райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, 30 гадоў:
— Газету чытаю пастаянна, бо гэтага вымагае праца. Раскрыццё маладзёжнай тэмы, у прынцыпе, задавальняе, бо “АК” — грамадска-палітычная газета. Для таго ж, каб задаволіць сваю цікавасць, набываю спецыялізаваную прэсу. Хочацца, каб больш увагі на-дзялялася пытанням адпачынку. Напрыклад, за 100 кіламетраў ад Асіповічаў знаходзяцца Сілічы — добрае месца баўлення часу для маладой сям’і. Чаму б не распавесці пра яго, пра кошты, пра іншыя маршруты? Варта даваць і больш матэрыялаў забаўляльнага характару, гумару, каб можна было адпачыць.
Вера і Віктар Сямёнавы, мінскія настаўнікі, 24 і 28 гадоў:
— Пастаяннымі чытачамі “АК” сталі не так даўно. І тое, што мы бачым, нас больш чым задавальняе. Але цікава было б даведацца пра мясцовыя маладзёжныя субкультуры. У Iнтэрнэце такой інфармацыі не знойдзеш, бо гэта — эксклюзіў. Варта больш яскрава і эфектна паказваць, што ў Асіповічах ёсць пра каго пісаць.
Антон Осаў, студэнт, 17 гадоў:
— Перыядычна гартаю, асабліва люблю кінаафішу. Цяперашняя маладзёжная старонка мне даспадобы, бо ёсць пра што чытаць. Раю ўсім. Адзінае, хацелася б пабольш звестак пра людзей, якія займаюцца спортам. У клубе “Мускул” выдаюцца ролікавыя канькі на пракат, але далёка не ўсе пра гэта ведаюць. Я па-плечнік экстрэмальных відаў спорту, такіх як, напрыклад, паркур. Акрамя таго хочацца быць больш інфармаваным пра культурнае жыццё горада, гурты Асіповіччыны і г.д.
Аляксей Атрашэўскі, электраманцёр, 25 гадоў:
— Чытаю газету рэдка, бо мала знаходжу ў ёй цікавага. Хацелася б паболей матэрыялаў гістарычнага характару, звязаных як з Асіповіччынай, так і Беларуссю ўвогуле. Не стае аналітычных артыкулаў, прысвечаных дзейнасці гарадскіх арганізацый, прадпрыемстваў, райвыканкама, — як прадстаўнік сучаснай моладзі, хачу ведаць, што адбываецца навокал. Але, натуральна, што на адной “На молодёжной волне” ўся інфармацыя не змес-ціцца. Мо, тады варта больш месца выдзяляць на “будучыню нацыі”?
Алеся Высоцкая, беспрацоўны мастак-вітражыст, 20 гадоў:
— Павінна быць больш вялікіх фотаздымкаў, эмблем. Як мастак скажу, што гэта адразу прываблівае ўвагу, і матэрыял, лічы, прачытаны. Люблю хадзіць на разнастайныя выстаўкі, але інфармацыю, чамусьці, атрымліваю пераважна са слоў знаёмых ці аб’яў на слупах, а не з газеты. Напры-клад, вельмі невялікі працэнт асіпаўчан ведае, што, па-старому, у гарадскім Доме афіцэраў знаходзіцца музей, у якім, заўважце, нярэдка ладзяцца бясплатныя выставы розных альтэрнатыўных мастакоў. Акрамя таго моладзь можна заці-кавіць равеснікамі, суседзямі, знаёмымі і незвычайнымі матэрыяламі пра іх.
ПАДСУМУЕМ. Высветлілася, што 90% апытаных (50 чалавек) перыядычна чытаюць газету і, разам з ёю, мала-дзёжную старонку. І гэта нягледзячы на тое, што значная частка іх — студэнты і працоўныя, якія вучацца і робяць у іншых гарадах і маюць доступ да Iнтэрнэта і СМІ-канкурэнтаў. 12% (6 чалавек) перасталі чытаць “АК”, бо іх не задавальняў яе змест. Але і першыя, і другія спадзяюцца на пашырэнне маладзёжнай тэматыкі, уключэнне новых тэм у “рэпертуар” газеты.
Сучасную моладзь цікавяць не толькі матэрыялы азнаямляльнага і забаўляльнага характару, але і сур’ёзная аналітыка. Маладыя людзі імкнуцца ведаць больш пра жыццё сваёй малой радзімы. Акрамя таго, многія з іх гатовы су-працоўнічаць з газетай. І гэта толькі радуе!
Ганна МАЦКЕВІЧ.