У сельгаспрадпрыемствах раёна распачаўся пашавы перыяд

Выпасаюцца зараз на сакавітай траве 22 гурты кароў, а гэта 4 491 галава дойнага статка — 100% да запланаванага, дзевяць гуртоў цялушак — 1 916 галоў, што нават больш, чым меркавалася першапачаткова.
Арганізоўваўся выпас паэтапна, першыя гурты выйшлі на пашу напрыканцы мінулага месяца. На ўсіх тэрыторыях, прызначаных для пасьбы, устаноўлены электраагароджы, у наяўнасці тут бочкі з вадою, соль і мел, мінеральныя дабаўкі.
Свежае паветра, сонца (нават калі пакуль і не асабліва песціла), высокая спажыўная вартасць і жыццёвая сіла маладой травы ўжо далі станоўчы вынік: вытворчасць малака ўзрастае штодня. Так, напрыклад, калі 1 мая ў агульным па раёне было атрымана 54 тоны малака, то ўжо 18 чысла — амаль 61 тона.
Больш малака, прыкладна на 25%, сталі даваць і рагулі на МТФ № 9 “Каменічы” ААТ “ВязаўніцаАгра”, дзе днямі пабывалі журналісты “АК”. Адзін з гуртоў выпасае Міхаіл Паркалаў. На ферме ён працуе жывёлаводам чатыры гады, а на летні сезон разам са статкам перамяшчаецца на пашу, каб да-глядаць кароў ужо на адкрытай прасторы.
Як расказала галоўны заатэхнік гаспадаркі Наталля Дрозд, перыяд выгану кароў асабліва важны. Перад выхадам на кругласутачную пасьбу каровы ўзважваюцца для наступнага маніторынгу, праходзяць супрацьмаскітную апрацоўку. Спрыяльны гэты час як для паляпшэння малочных паказчыкаў, так і для агульнага аздараўлення жывёлы. Згодна з такім меркаваннем і загадчык фермы Вольга Гурская. Увогуле, арганізаваць догляд, працэс даення ў палявых умовах — справа агульная для працаўнікоў жывёлагадоўлі. І паспяховасць усяго сезона вялікага малака ў многім залежыць ад першых яго тыдняў.