У Асіповічах ушанавалі пераможцаў алімпіяд па вучэбных прадметах

Бывае, што і халодны студзеньскі дзень становіцца цёплым і яркім ад эмоцый і прыемных хваляванняў. Такая абстаноўка і панавала ў актавай зале гімназіі ў час ушанавання пераможцаў абласнога і раённага этапаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах.
Першым вітаў лепшых вучняў намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Шаўлюга. Ён не толькі шчыра павіншаваў школьнікаў, але і выказаў спадзяванне, што і новыя вяршыні, якія сустрэнуцца на шляху асваення ведаў, будуць паспяхова пераадолены.
Спачатку на сцэну пад гучныя апладысменты запрашаліся пераможцы абласной алімпіяды і іх настаўнікі. Толькі першыя месцы ў 10-класніка СШ № 3 Яўгенія Аўдзейчыка. У раёне гэта матэматыка, фізіка і інфармататыка, у вобласці — матэматыка. А падрыхтавалі вучня педагогі Валянціна Куцік, Таццяна Мурадава і Таццяна Александрова.
Асобна варта сказаць пра гімназістаў, якія ў раённым этапе заваявалі 26 дыпломаў розных “гатункаў” і 6 — у абласным. Калі браць толькі перамогу ў Магілёве, то гэта 10-класнікі Лізавета Лагімахава з Дыпломам ІІ ступені па грамадазнаўстве і Павел Герман з аналагічнай узнагародай па гісторыі (настаўніца ў абоіх — Наталля Лук’яненка). Моцныя тут і 9-класнікі: Аляўціна Балвановіч і Дзіяна Бондар лепшыя па рускай мове (Таццяна Амбрушкевіч), Паліна Батура стала другой па абслугоўваючай працы (Інэса Няверка), Анастасія Ляшчынская трэцяя па беларускай мове і літаратуры (Наталля Ганчаронак).
Добра паказалі сябе і вучні СШ № 2: Андрэй Шаруба з 9 класа заняў 2 месца па фізіцы (Надзея Сасава), а 11-класніца Надзя Яроміна — трэцяе па англійскай мове (Наталля Іванова). Вучаніца 10 класа гэтай жа школы Паліна Пінчук атрымала Дыплом ІІІ ступені па грамадазнаўстве, а яе аднагодак Ягор Масалкоў — заахвочвальны водгук па гісторыі (Неаніла Цыганок). Такі ж водгук атрымала і Анастасія Гасціла з СШ № 1 па французскай мове (Галіна Варац).
Годна паказалі свае веды і сельскія школьнікі. Так, вучань выпускнога класа Руслан Ахмедаў з Вяззеўскай СШ заняў 3 месца ў вобласці па тэхнічнай працы (Аляксандр Ляўкоў), заахвочвальныя водгукі атрымалі 9-класнік Павел Бушкоў з Ялізаўскай СШ па беларускай мове (Галіна Быкава), па матэматыцы — Аляксей Куксар з 11 класа Дараганаўскага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа (Наталля Фаламеева).
У эпіцэнтры ўрачыстасці — на сцэне — вялася і цікавая гутарка. Напрыклад, настаўнік-метадыст Таццяна Амбрушкевіч падзялілася сакрэтам “культывавання” алімпіяднікаў: бярэш вучня ў 5 класе, даеш яму ўрадлівую глебу сваёй навукі, пільна даглядаеш, своечасова і рэгулярна падсілкоўваеш новымі ведамі. Праходзіць час — і вось пара росквіту! Гімназістка Ганна Булойчык, якая ў тройцы лідараў на раённай алімпіядзе па матэматыцы і фізіцы, падзялілася, што чэрпае сілы для авалодвання дакладнымі навукамі ў творчасці: дзяўчынка наведвае тэатральны калектыў ЦТДіМ, дзе і рэалізуе рамантычныя імкненні сваёй асобы.
Напрыканцы мерапрыемства далі наказ вучням, якія ўвайшлі ў зборную вобласці і будуць абараняць гонар Магілёўшчыны на рэспубліканскім узроўні. Гэта Жэня Аўдзейчык, Аляўціна Балвановіч, Дзіяна Бондар, Ліза Лагімахава і Павел Герман. Спадзяёмся, праз некаторы час будзем віншаваць іх з чарговай вікторыяй.
Падарункамі таленавітым школьнікам і педагогам сталі не толькі дыпломы і грашовыя прэміі, але і прыгожыя нумары, падрыхтаваныя выхаванцамі ЦТДіМ, СШ № 4 і дзіцячай школы мастацтваў № 1.
Валянціна КОРБАЛЬ.