СШ № 1 багатая не толькі на вучняў (зараз іх налічваецца 930), але і на колькасць дасягненняў у мінулым годзе
![СШ № 1 багатая не толькі на вучняў (зараз іх налічваецца 930), але і на колькасць дасягненняў у мінулым годзе](https://osipovichi-region.by/wp-content/uploads/2025/02/2025-02-13_00001-2.jpg)
Педагогі і вучні прынялі ўдзел у 44 конкурсах рознага ўзроўню. І даволі вынікова. Цэлы россып грамат, дыпломаў і іншых узнагарод папоўніў скарбонку ўстановы адукацыі. Тэматыка гэтых конкурсаў разнастайная. Напрыклад, адкрыты рэспубліканскі конкурс малюнка “Выбары вачамі дзяцей”, абласны этап рэспубліканскай спартыўна-патрыятычнай гульні “Зарнічка”, раённы этап рэспубліканскага конкурсу праектаў “Энергамарафон”, ІІІ Рэспубліканскі конкурс дзіцячых творчых работ “Дзеці аб мэтах устойлівага развіцця”, абласны конкурс “Знайдзі сваё прызванне ў прафесіі”, абласны конкурс па крэатыўным праграмаванні на візуальнай мове Scratch… І на ўсіх вучні дэманструюць высокі ўзровень падрыхтоўкі па прадметах, шырокую эрудыцыю, крэатыўнасць і творчую накіраванасць. Таксама вучнямі СШ № 1 было атрымана сем дыпломаў розных ступеняў у раённых конкурсах работ вынаходніцкага характару.
Ва ўстанове працуе рэсурсны цэнтр па падрыхтоўцы навучэнцаў да алімпіяд, здачы цэнтралізаванага экзамену і тэсціравання па шасці дысцыплінах. Педагогі Уладзімір Паркалаў, Алена Пышная, Ларыса Прэдчанка, Алена Хальцова, Вольга Хмара і Святлана Пышная штогадова рыхтуюць прызёраў другога этапу рэспубліканскай алімпіяды, а намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Аксана Кашкова на рэспубліканскім узроўні падзялілася абагульненым вопытам работы рэсурснага цэнтра па профільным навучанні. За тры апошнія гады школа выпусціла 16 медалістаў.
Вопыт педагогаў СШ № 1 вядомы па ўсёй краіне. Так, настаўнік-метадыст Уладзімір Паркалаў чытае курсы лекцый ў Акадэміі адукацыі і Магілёўскім інстытуце падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі кадраў, распаўсюджваў свой вопыт ён і сярод калег з Брэстчыны. Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Вольга Хмара таксама выступала са сваімі напрацоўкамі ў абласным цэнтры. Педагогі школы дзяліліся вопытам на міжнародных навукова-практычных канферэнцыях, друкавалі напрацоўкі ў часопісах. Настаўнік французскай і англійскай моў Анастасія Другакова заняла першае месца сярод маладых спецыялістаў Асіповіччыны, а настаўнік гісторыі і геаграфіі Алена Хальцова стала прызёрам рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар, адукацыя, інтэрнет”.
У цэнтры ўвагі педагогаў — патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення. У школе працуе мемарыяльны пакой імя Героя Савецкага Саюза Барыса Дзмітрыева, у якім праходзіць шмат мерапрыемстваў гістарычнай накіраванасці. Ажыццяўляецца ўзаемадзеянне з вайсковай часцю 12147. На базе школы летась быў створаны ваенна-патрыятычны клуб “Волат”, які ўзначальвае кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Уладзімір Шор.
А яшчэ тут працуе STEM-цэнтр, накіраваны на развіццё ў дзяцей мыслення новага тыпу і навыкаў, неабходных для жыцця ў высокатэхналагічным грамадстве. Таксама на базе школы функцыянуюць профільныя і дапрофільныя класы, якія дапамагаюць будучым выпускнікам вызначыцца з выбарам прафесіі.
Навучальны год у зеніце. Наперадзе чакае шмат цікавых, насычаных і пазнавальных мерапрыемстваў, накіраваных на развіццё дзяцей, раскрыццё іх патэнцыялу.