Магазин на колесах
У адзін з апошніх дзён мінулага года райспажыўкааперацыя Магілёўскай вобласці атрымала 30 новых аўтамагазінаў. Чатыры былі перададзены ў Глускае райста, і адна з іх дасталася Асіповіцкаму ўчастку.
— Новыя машыны аснашчаны сучасным халадзільным абсталяваннем і сістэмай маніторынгу маршрутаў. Гэта зробіць дастаўку спажыўцам свежага мяса, рыбы, малочнай і іншай прадукцыі больш аператыўнай і палепшыць якасць задавальнення патрэб насельніцтва аддаленых населеных пунктаў, — адзначае перавагі новай тэхнікі старшыня праўлення Глускага райста Алена Булатоўская. — Аўталаўкі не прыносяць вялікага прыбытку. Аднак наша таварыства — сацыяльна арыентаванае, важная задача яго дзейнасці — выкананне сацыяльных стандартаў. Таму даехаць да кожнага жыхара рэгіёна — наш абавязак. Многія насельнікі маленькіх вёсачак не маюць іншай крыніцы набыцця тавараў першай неабходнасці, і аўталаўка для іх — сапраўдная палачка-выручалачка.
На Глушчыне працуе пяць аўталавак, жыхароў Асіповіччыны абслугоўваюць тры. Адна з іх ужо выпрацавала рэсурс, вось яе і замянілі.
Каб пазнаёміцца з работай новага магазіна на колах, адправіліся ў адзін з першых яго рэйсаў разам з прадаўцом Вольгай Усковай і вадзіцелем Уладзімірам Канавальчыкам.
На адной хвалі
Вольга працуе ў райста ўжо дзевяць гадоў, але папярэдні час яе рабочым месцам былі стацыянарныя крамы ў аграгарадку Ясень і на аднайменнай станцыі. І вось ужо чатыры месяцы яна ездзіць у аўтамагазіне. Уладзімір жа вандруе на аўталаўцы паўтара дзясятка гадоў, таму дасканала вывучыў і дарогі ў населеныя пункты, і іх жыхароў.
Першы пункт маршруту — вёска Паплавы, дзе да машыны выйшлі дзве жанчыны. Нібы даўнія сябры сустрэлі яны сваю Волечку, як ласкава называюць жыхары прадаўца, якая таксама ведае кожнага. І таму тавар прапануе менавіта той, што патрэбны.
— Ганна, ты капусту сёлета квасіла?
— Не.
— Тады вазьмі вось такую паспрабуй! Смачная!
— Давай! І яшчэ кілбасы, толькі мяккай, з салам.
— А блінчыкі не жадаеш пакаштаваць? Гатовыя, з начынкай. Падсмаж і еш.
— Узваж кіло!
Падобным чынам Вольга Аляксандраўна гутарыла з многімі. Зразумела, што людзі сталага веку нешта могуць і забыць купіць, таму прадавец стараецца нагадаць, што яшчэ смачненькага сёння можна набыць. І наадварот, калі ў адной з вёсак сустрэла жанчыну, якая тыдзень таму аўдавела, не дакучала той лішнімі пытаннямі і размовамі. Усё індывідуальна.
— Наша прадаўшчыца самая лепшая, — дзеліцца пакупніца Ганна Высокава. — Цудоўна нас абслугоўвае. Усё раскажа, падасць тавар, пацікавіцца здароўем. Выказваем ёй падзяку! І прадукты тут дзешавейшыя, чым у прыватнікаў. Таму заўсёды чакаем магазін райста.
Новае аўто ў старых рэаліях
— Летам людзей значна больш, — расказвае Уладзімір Мікалаевіч, вырульваючы з вясковай вуліцы на гасцінец. — Прыязджаюць дачнікі, якія прывыклі да асартыменту тавараў гарадскіх крам, таму і купляюць шмат. Да таго ж на вясковых вуліцах з’яўляюцца дзеці, а гэтыя гарэзы любяць розную смакату. Улічваем попыт, таму ў летні час загружаемся больш грунтоўна.
А тым часам заязджаем у Свіханава. Робім два прыпынкі. Жыхары атаварваюцца, з інтарэсам разглядаючы перасоўную краму.
— Якая ў вас машына прыгожая! — хваляць некаторыя. — А вось тут бы яшчэ і кручочак прыладзіць, каб сумкі вешаць, як было ў старой!
Выправіць такі сэрвісны недахоп нескладана, вытворцы абавязкова ўнясуць змены ў камплектацыю для павышэння камфорту пакупнкоў. Але не трэба забываць, што аўталаўка на шасі МАЗа — даволі спецыфічнае месца работы. Каб забірацца ў кабіну і асабліва выходзіць з яе (а рабіць гэта дружнаму экіпажу даводзіцца шмат разоў за дзень), трэба пэўны спрыт — машына досыць высокая. Яшчэ яна доўгая і шырокая, таму ў некаторых населеных пунктах вадзіцелю, каб развярнуцца, даводзіцца праявіць усё сваё майстэрства: вуліцы вузенькія, зарослыя абапал дрэвамі і кустамі. Але грувасткасць гэта толькі адзін, так бы мовіць, адваротны бок медаля.
— Затое новая аўталаўка куды больш умяшчальная, — запэўнівае прадавец. — Аснашчана асобнымі халадзільнікамі. Тут захоўваецца рыба, у гэтым — мяса. А вось паглядзіце, які цудоўны халадзільнік для малочнай прадукцыі. І колькі відаў малака, смятаны, сыру мы прапаноўваем! Таксама ёсць магчымасць памыць рукі, што немалаважна.
У кожнага свой густ
Паліцы ў машыне размешчаны зручна. Тавары, якія на іх раскладзены, пакупнікі бачаць добра, ды і фарміруецца прапанова пад іх патрэбы. Дарэчы, а ці істотна адрозніваецца попыт сучасных сяльчан ад жыхароў горада? Хтосьці набірае поўную торбу свіных і курыных костак, каб падкормліваць сабак ды катоў. Некаторыя ахвотна набываюць хурму, лімоны, апельсіны. Дарэчы, вадзіцель адзначае, што бульбу, капусту, моркву вяскоўцы бяруць цэлымі сеткамі, бо агароды зараз садзяць далёка не ўсе. Многія пытаюцца пра замарожаную рыбу, якой Вольга прапаноўвае пяць відаў.
— Вельмі паважаю нашага прадаўца, — разважае жыхарка Мязовічаў Вольга Сашчэка. — Усе прадукты прывозіць свежымі. Ветліва абслугоўвае. А зараз і на новай машыне будуць дастаўляцца тавары, што яшчэ больш прыемна. Купіць тут можна ўсё, што трэба. А калі чаго няма, можам заказаць.
Як тлумачыць прадавец, жыхары населеных пунктаў тэлефануюць, калі хочуць заказаць тавар, які не адносіцца да групы штодзённага ўжытку. Часцей людзі аддаюць перавагу звыкламу асартыменту, хаця калі-нікалі набываюць, напрыклад, торты, аліўкавы алей, соевы соус.
Маршрут пабудаваны
…Прыемна ехаць на новай машыне па вясковай вуліцы. Адно засмучае: дарогі не ўсюды добрыя. Вадзіцель адзначае, што найбольш праблемныя ўчасткі ў раёне вёсак Вярхі, Перарожкі, Дземенка. Радуецца, што зіма сёлета амаль без снегу — гэта спрашчае работу, як і тое, што стан мясцовых дарог застаецца ў фокусе дзяржаўнай увагі. Паступова гэтая праблема будзе вырашана.
З Мязовічаў аўтамагазін накіроўваецца ў Крынку, робячы шэсць прыпынкаў на розных яе вуліцах. На ўездзе ў кожны населены пункт вадзіцель цісне на клаксон: паведамляе жыхарам, каб выходзілі на шопінг. Хаця сігнал не ўсім патрэбны. Некаторыя загадзя збіраюцца на “гандлёвай плошчы”, каб абмяняцца навінамі, паразважаць аб жыцці-быцці, а затым і прадуктамі закупіцца. Дарэчы, пры аплаце на сяле ў прыярытэце наяўны разлік. Тэрміналы ў аўтамагазіне, канечне, ёсць, але сувязь можа не працаваць, дык не пакідаць жа людзей, якія жывуць у аддаленых вёсках, без прадуктаў!
На маршруце, у якім значыліся Канцы, Вялікі Бор, такіх паселішчаў нямала, і ён у экіпажа аўталаўкі лічыцца даволі складаным.
— Затое якая прырода ўдалечыні ад горада! — захапляецца Вольга Аляксандраўна. — У навакольных лясах вельмі многа вавёрак. Колькі раз назіралі за імі ў паездках. Частыя спадарожнікі — казулі. Яны па-гаспадарску, не спяшаючыся, там і сям гуляюць па палях, пераходзяць дарогу. А нядаўна адна пакупніца расказвала, што рысь загрызла яе сабаку. Так што назіраем за жывёльным і раслінным светам ва ўсіх яго праяўленнях.
Абслугоўванне вёсак на адным маршруце займае цэлы рабочы дзень аўталаўкі, але бывае і ўвесь светлавы. Экіпаж у складзе Вольгі Усковай і Уладзіміра Канавальчыка працуе на трох маршрутах, на кожным з якіх іх заўсёды чакаюць пакупнікі.