Зараз у раёне працуе дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Алег Дзячэнка
Графік на наступныя тры дні насычаны: запланаваны сустрэчы з шэрагам калектываў Асіповіччыны, круглыя сталы, сёння з раніцы праведзены прыём грамадзян і прамая лінія.
Першай адбылася сустрэча з працоўным калектывам УКП ЖКГ. Як заўсёды, гутарка атрымалася цікавай і змястоўнай. “Планы на будучыню” — так можна было б абагульнена назваць тэму шчырай размовы. Абмяркоўвалі многае, пачынаючы з таго, што 2025-ты — Год добраўпарадкавання, а гэта значыць, роля камунальных служб будзе асаблівай. Як падкрэсліў дырэктар УКП ЖКГ Дзмітрый Кулакоўскі, добра было б, каб землякі праяўлялі больш ініцыятыў у плане добраўпарадкавання, бо гэта, як ні круці — справа агульная і, па вялікім рахунку, залежыць ад кожнага жыхара.
Асноўнай жа тэмай абмеркавання стала электаральная кампанія. Алег Віктаравіч расказаў аб яе этапах, а ўсе яны праходзяць у дакладнай адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам і існуючымі міжнароднымі нормамі. Працэс прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі максімальна дэмакратычны — парламентарый прывёў шэраг аргументаў. Таксама Алег Дзячэнка нагадаў важнасць удзелу ў галасаванні кожнага, хто валодае такім правам. Дэпутат перакананы: беларусы разам зробяць правільны выбар.