Асіповічы: коратка аб розным

ВАДАПРАВОД працягласцю 3.437 метраў праведзены ў прыватным сектары рабочага пасёлка Ялізава. Камунікацыя ўжо гатова да эксплуатацыі, і жыхары больш за сотню дамоў будуць мець “сваю ваду” пасля заключэння адпаведных дагавораў з ДУКВП “Водаканал”. У калонках, якіх тут пастаўлена 16, вада ужо ёсць.
196 ГАНАРОВЫХ ГРАМАТ райвыканкама I 138 Падзячных лIстоў яго старшыні атрымалі землякі на працягу мінулага года за сваю плённую працу.
ГАСЦІНІЦА “АСIПОВIЧЫ” за 2013 год прыняла 4.928 чалавек, з якіх 4.219 — жыхары Беларусі, 709 — замежныя грамадзяне (486 — з краін СНД). Усяго было прадастаўлена 11.450 койка-сутак. Сярод дадатковых паслуг акрамя чаю-кавы папулярнасцю карысталіся більярд і трэнажоры. У цэлым установа спрацавала з большай рэнтабельнасцю, чым у 2012 годзе.
КАЛЯ ПАЎСОТНI ЧАЛАВЕК наведвае штодня гандлёвую кропку РУП “Магілёўмедтэхніка” магазін “Оптыка” № 4 па вуліцы Сумчанкі. Часцей за ўсё тут набываюцца акуляры з дыоптрыямі ў межах +1 — +3 — з узростам у людзей часта развіваецца дальназоркасць. Не менш папулярныя кантактныя лінзы і растворы для іх, а таксама прыборы для вымярэння ціску і артапедычныя сцілкі.
СТАНОЎЧЫ ПРАГНОЗ на азімыя даюць спецыялісты дзяржрай-інспекцыі па насенняводству, каранціну і абароне раслін. Праведзеныя раней даследаванні паказалі, што культуры ўвайшлі ў зіму ў добрым стане. Зараз вышыня снегавога покрыва ў сярэднім 12-14 сантыметраў, тэмпература глебы — мінус 5, прамерзла яна прыкладна на 5 сантыметраў, і гэтыя паказчыкі таксама дазваляюць меркаваць, што зімовы перыяд засеяныя палі перажывуць без страт.
ПАСЯБРАВАЛI З ХОЛАДАМ — такі вывад можна зрабіць зыходзячы з таго, што за перыяд параўнальна высокіх маразоў у райбальніцу дастаўлены толькі адзін чалавек з пераахаладжэннем. А вось галалёдзіца, якая была ў снежні, стала прычынай траўм амаль у трох дзясяткаў.
ДЗВЕ ЦІКАВЫЯ ВЫСТАВЫ праходзяць зараз у раённым гісторыка-краязнаўчым музеі. Першая адчынена для прагляду па вуліцы Iнтэрнацыянальнай і прысвечана творчасці мясцовай мастачкі Алены Ерашэвіч, якая прадставіла на агляд больш за 30 работ, выкананых маслам і акрылам. Другая размешчана ў галерыі ў МПЦ “Равеснік” і дэманструе праваслаўныя іконы. Iх у фондах налічваецца звыш 60, а ўвазе гледачоў прапануецца 57. Абедзве экспазіцыі працягнуцца да канца студзеня.