“Белдзяржстрах” сёння прадастаўляе сваім кліентам больш за сотню варыянтаў паслуг па 97 відах добраахвотнага і абавязковага страхавання

Кампаніяй пастаянна распрацоўваюцца і ўкараняюцца новыя страхавыя прадукты. Гэта ў агульным. А як абстаяць справы канкрэтна ў прадстаўніцтве па Асіповіцкім раёне, даведаліся ў гутарцы з выконваючым абавязкі дырэктара Людмілай Хамянок:
— Сёння калектыў аб’ядноўвае 27 чалавек, у тым ліку 13 штатных агентаў страхавых. У чым спецыфіка нашай работы? Мы не толькі прапануем страхавальнікам сучасныя інструменты пэўнай фінансавай абароны, але нярэдка першымі пасля ратавальнікаў прыходзім на дапамогу людзям у крытычных абставінах: пасля разгулу стыхіі, пажараў, аварый. Таму калі кліент тэлефануе свайму агенту ў пазаўрочны час, адразу становіцца зразумелым: у чалавека штосьці здарылася. І добра, калі гэта проста неабходнасць працягнуць тэрмін дзеяння страхоўкі на аўто. Часцей усё ж праблемы больш значныя.
— Атрымліваецца, што ў любы час агент страхавы павінен прыйсці на дапамогу?
— Па вялікім рахунку так. Хаця афіцыйны графік работы ў нас таксама існуе, а офіс адчынены з 8 да 18 гадзін. З нядаўняга часу, каб кліентам было зручна, працуем мы і ў выхадныя дні з 8 да 17 — размеркавана дзяжурства. А ўвогуле кожны агент сам рэгламентуе свой час. Калі чалавеку выгадна, каб да яго страхаўшчык прыйшоў увечары, то спецыяліст сустрэнецца з ім. Ад аб’ёмаў выкананай работы ў значнай меры залежыць і заробак. Зарплата ў нас, між іншым, вышэй за сярэднераённую.
— А хто можа патрапіць у вашу каманду?
— Спецыяльных навыкаў не патрабуецца: усяму навучым на месцы. Навічкоў адпраўляем на спецыяльныя курсы ў абласны цэнтр, плюс можна павысіць кваліфікацыю ў сталіцы. Сёлета, дарэчы, прыйшла да нас малады спецыяліст Марына Анісава пасля заканчэння Мінскага дзяржаўнага фінансава-эканамічнага каледжа. Увогуле, калі скласці абагульнены партрэт агента страхавога, то гэта жанчына сярэдняга ўзросту, якая ўжо гадоў 10-15 працуе на сваёй пасадзе.
— Якімі якасцямі павінен валодаць супрацоўнік “Белдзяржстраха”?
— Адказнасць, мэтанакіраванасць, надзейнасць, скрупулёзнасць, камунікабельнасць, спагадлівасць да людзей, уменне хутка рэагаваць на сітуацыю.
— Дарэчы, наконт сітуацый. Думаецца, многім землякам запомніўся сёлетні ліпеньскі ўраган, а вашым працаўнікам тым больш. Ведаем, што работы было вельмі шмат.
— Сапраўды, прыйшлося нясоладка. Выязджалі на абследаванні, афармлялі дакументы без выхадных і да позняга вечара, каб людзі маглі ў аптымальныя тэрміны атрымаць фінансавую падтрымку. Звярнулася 123 грамадзяніны, выплаты склалі 73,6 тысячы рублёў. Працавалі і з юрыдычнымі асобамі. Там чакаюцца кампенсацыі на мільёны рублёў. Варта адзначыць работу ў гэты перыяд вядучых спецыялістаў Алы Буцько, Святланы Пеевай, Дзмітрыя Лабанка, спецыяліста І катэгорыі Святланы Асаула.
Калі аналізаваць выплаты ў агульным, то за студзень-кастрычнік землякам выплачана 635 тысяч рублёў: па добраахвотным страхаванні — 385, у тым ліку па маёмасці грамадзян — 266; абавязковым страхаванні — 250 тысяч, з якіх па страхаванні адказнасці ўладальнікаў транспарту — 196 тысяч.
— Увогуле якая ж нагрузка атрымліваецца на кожнага агента?
— Увесь раён падзелены на 18 участкаў. Кожны з агентаў мае замацаваную тэрыторыю як у горадзе, так і ў сельскай мясцовасці. На кожнага прыходзіцца каля 1 060 кватэр, 375 домаўладанняў плюс больш за 800 дагавораў аб страхаванні дамашняй маёмасці. Таму, зразумела, у рабоце павінна быць дакладная сістэма: своечасова наведаць або патэлефанаваць страхавальнікам, каб нагадаць аб тэрмінах дагавору, своечасовай аплаце, плюс пошук новых кліентаў. З цягам часу пералік паслуг пашыраецца ў адпаведнасці з рэаліямі. Нашым калегам нават трыццаць гадоў назад яшчэ цяжка было б уявіць, што прадметам страхавання стануць банкаўскія карты, партатыўныя ўстройствы, мабільныя сродкі перамяшчэння, рэпрадуктыўнае здароўе. Не кажучы ўжо пра тых, хто працаваў на страхавой ніве сотню гадоў таму.
— З якім настроем калектыў сустракае прафесійнае свята?
— Зразумела, з пазітывам. Многія атрымаюць заахвочванні. Падзяка “Белдзяржстраха” чакае Яўгенію Плышэўскую, прадстаўніцтвам будуць узнагароджаны Кацярына Малык, Наталля Буцько, Аксана Чыгілейчык, Наталля Калеснік, Наталля Зыкава. Увогуле, усе нашы працаўнікі накіроўваюць свае сілы, веды і прафесіяналізм на задавальненне патрэб землякоў у абароне жыцця, здароўя і дабрабыту праз якасныя і даступныя паслугі страхавання.