Интервью с председателем Свислочского сельсовета Алексеем Третьяковым. Осиповичский район

Свіслацкі сельсавет у першую чаргу ўнікальны незвычайным контурам тэрыторыі: ён мае выразную клінападобную форму. А яшчэ ў яго вельмі высокі турыстычны патэнцыял. Аб мясцовым каларыце, асаблівасцях інфраструктуры гутарылі са старшынёй сельвыканкама Аляксеем Трэцьяковым.
— Сельсавет аб’ядноўвае 14 населеных пунктаў, у якіх пражывае больш за 1 150 чалавек. Вёскі пераважна невялікія — у дзевяці налічваецца менш за паўсотню жыхароў. Якім чынам атрымліваецца наладзіць тут жыццё так, каб насельнікі не адчувалі сябе забытымі?
— Сапраўды, гэта не так і проста. Перш-наперш патрабуецца арганізаваць забяспечанасць прадуктамі харчавання. Для гэтага задзейнічаны аўталаўкі рай-спажыўтаварыства і прыватных прадпрыемстваў “ІП «Касцевіч»” і “ТРАНСсаваш”. Дарэчы, пад графік аўталаўкі зручна праводзіць і сустрэчы з грамадзянамі: людзі ідуць за прадуктамі, абмяркоўваюць мясцовыя навіны, заадно можна з імі пагутарыць, параіцца, даведацца, якія існуюць праблемы, якая патрабуецца дапамога.
Без затрымак ажыццяўляецца і паштовае абслугоўванне: перасоўным аддзяленнем сувязі дастаўляецца карэспандэнцыя, у мабільным пункце можна ўнесці плату за тэлефон, газ, электрычнасць і, зноў жа, набыць тут неабходныя тавары — паштавікі забяспечваюць дастаткова шырокі асартымент.
Медыцынскае абслугоўванне арганізавана на фап у Свіслачы і Красным. У апошні, дарэчы, патрабуецца медыцынскі работнік, чакаем маладога спецыяліста. Будзем думаць, як стварыць належныя ўмовы і, у першую чаргу, забяспечыць жыллём.
— А з якімі праблемамі часцей за ўсё звяртаюцца жыхары вёсак да старшыні сельсавета?
— Тут як ва ўсіх: пытанні па лініі ЖКГ, дарогі, асабліва вясною і ўвосень, зімой — уборка снегу, летам — скошванне травы. Час ад часу ўзнікаюць зямельныя “дылемы”: для беларусаў гэты рэсурс заўсёды быў запатрабаваным. Дастаўляюць пэўны клопат бадзяжныя сабакі, тым больш што на тэрыторыі сельсавета ёсць аб’екты жывёлагадоўлі. Асаблівага клопату патрабуюць грамадскія калодзежы, якіх на нашай тэрыторыі 75, часткова іх ужо ўдалося адрамантаваць. Аднак хочацца нагадаць землякам, што знешні выгляд калодзежа — гэта адно, а якасць вады — іншае. Ваду з калодзежаў лепш выкарыстоўваць для тэхнічных патрэб, бо яна недастаткова актыўна вычэрпваецца, як гэта было раней, значыць, не так хутка аднаўляецца.
— Чым адметны год 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў для жыхароў сельсавета?
— Асаблівая ўвага надаецца помнікам, месцам пахавання воінаў. На тэрыторыі сельсавета літаральна нядаўна актыўна вяліся пошукавыя работы на месцах магчымых пахаванняў байцоў часоў Вялікай Айчыннай вайны. Каля вёскі Усціж знойдзены астанкі аднаго чырвонаармейца, на лясной дарозе Брыцалавічы-Чучча — яшчэ шасці. Магчыма, усе яны загінулі летам 1944 года ў ходзе ліквідацыі “Бабруйскага катла”.
Увогуле, актыўна вядзецца патрыятычная работа. Тут варта ўзгадаць і пра прадстаўнікоў народнага апалчэння, якое створана згодна з Законам “Аб народным апалчэнні”. Атрад узначальвае Іван Шаўчонак — чалавек актыўны і неабыякавы.
— Як можна ахарактарызаваць жыхароў сельсавета ў якасці гаспадароў?
— Прыемна, што з кожным годам гаспадарская жылка ў людзей мацнее. Усё больш становіцца добраўпарадкаваных сядзіб. Вяскоўцы хочуць, каб было не толькі функцыянальна, але і прыгожа. Датычна прыватнай гаспадаркі, то тут прыярытэт, я б сказаў, аддадзены пчалярству — многія займаюцца менавіта гэтай справай, рэалізуюць мёд насельніцтву. І яшчэ важны нюанс: на тэрыторыі сельсавета працягвае актыўна развівацца аграэкатурызм, што і зразумела: найпрыгажэйшыя краявіды, адзіны ў раёне помнік архітэктуры — дом Яцко, рэшткі старажытнага замчышча. Зарэгістравана пяць аграсядзіб, дзе створаны ўсе ўмовы для пражывання турыстаў. Гаспадары могуць знаёміць гасцей у тым ліку з мясцовымі традыцыямі. Найбольшай папулярнасцю карыстаюцца рыбалка, баня, збор ягад і грыбоў, катанне на лодцы, прагулкі — паглядзець ёсць на што!
— У чым сакрэт паспяховай работы старшыні?
— У падтрымцы і ўзаемадзеянні. Перш за ўсё, гэта мая каманда — спецыяліст Ірына Мошчына і кіраўнік спраў Лена Дубатоўка. Без іх дапамогі не справіўся б. Па-другое, прадстаўнікі мясцовага самакіравання — старасты вёсак. Тут варта адзначыць Валянціну Бурак з Шэйпічаў, якая выдатна ўмее матываваць людзей на добрую справу. Нядаўна за ўласныя сродкі ў гэтай вёсцы быў адноўлены помнік чырвонаармейцу Пятру Дашукевічу. Сюды ж можна дадаць і дэпутацкі корпус: людзі абралі сапраўды дзейсных землякоў, якія не шкадуюць уласнага часу для агульных мэт. Напрыклад, Віктар Кадчык з Краснага заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу пры рамонце дарог, Алена Жуковіч арганізавала жыхароў Углаты і Слабады на фарбаванне агароджы могілак. Увогуле, прыемна адзначыць, што апошнім часам грамадзянская пазіцыя землякоў становіцца больш актыўнай, людзі падтрымліваюць ініцыятыву і пачынаюць разумець, што добраўпарадкаванне населеных пунктаў залежыць у тым ліку ад кожнага з нас. Хочацца, каб гэтая станоўчая тэндэнцыя захавалася і надалей.