Жители Осиповичского района рассказали, что они вкладывают в понятие независимости


Сяргей Садоўскі, плавільшчык металу АЗАА, з сынамі Дзмітрыем і Багданам:
— Незалежнасць — гэта ў тым ліку свабода выбару. Мы жывём у краіне, дзе кожны можа сам вызначыць, дзе яму абаснавацца, дзе вучыцца, дзе працаваць, з кім ствараць сям’ю, колькі мець дзяцей. Я нарадзіўся ў Асіповічах, тут скончыў СШ № 4, тут мой завод. І гэта мой выбар — жыць у родным горадзе і працаваць на агульную карысць. І сваім дзецям прывіваю любоў да нашага райцэнтра і роднай краіны.
Дзмітрый: — Наша краіна самая лепшая!
Багдан: — Не, не самая… А самая-самая!

Анастасія Герасімовіч, настаўнік-дэфектолаг цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі:
— Не залежаць ні ад чыіх меркаванняў. Дзейнічаць самастойна, як ты лічыш правільным. Гэта тычыцца як асобна ўзятага чалавека, так і краіны ў цэлым. Бо што такое краіна? Гэта якраз і ёсць кожны з нас, але ўзятыя ўсе разам з захаваннем агульных інтарэсаў. І беларусам трэба быць удзячнымі кіраўніцтву рэспублікі за тое, што якраз меркаванне сваіх грамадзян і адстойваецца на розных, у тым ліку міжнародных узроўнях. Ну а нашы прыярытэты вядомы ўсяму свету: мір, сям’я, стваральная праца. Ніхто не можа іх у нас адняць, хоць спробы замяніць альбо, дакладней, пасеяць сумніў у нашых каштоўнасцях і робяцца.

Тамара Семянец, пенсіянер, ветэран педагагічнай працы:
— Лічу сябе шчаслівым чалавекам, што жыву ў Беларусі — утульнай, прыгожай краіне. Ну а галоўнае — незалежнай. За шырокімі плячыма Прэзідэнта адчуваю абароненасць. І гэта не проста высокія словы, гэта тое, што сапраўды ёсць у сэрцы. Мне даспадобы пазіцыя нашага лідара наконт усё больш цесных узаемасувязей з іншымі краінамі, з якімі апошнім часам актыўна пашыраем эканамічныя і культурныя сувязі. Мы адкрыты для сяброўства і супрацоўніцтва. Усіх са святам!

Аляксандр Шаплякоў, сантэхнік ЗЖБК:
— Удзячны ўсім тым лю- дзям, якія калісьці ахвяравалі сваё жыццё, каб мы жылі ў незалежнай Беларусі. Паглядзіце навокал: чысціня, парадак, усюды гуляюць дзеці. Мірная і надзейная краіна. Канечне, час ад часу і ў нас бываюць пэўныя пытанні, але яны хутка вырашаюцца.
Каб не сорамна было перад тымі пакаленнямі, якія заваявалі для нас свабоду, мы павінны берагчы тое, што нам засталося ў спадчыну, і памнажаць. Якім чынам? Проста быць гаспадарамі і сумленна працаваць.
Нарадзіўся я ў Казахстане, сям’я сюды пераехала ў 2004 годзе. Выбралі Асіповічы, таму што тут маем карані. Калі прыязджаюць сваякі з Казахстана, ім таксама ў Беларусі падабаецца. Хваляць нашы прадукты, асабліва малочныя — малако, масла, сыркі мясцовага вытворцы. Мець усё сваё — гэта таксама важная частка незалежнасці.

Віталій Гарбачоў, зваршчык, Дар’я Умецкая, дамашняя гаспадыня.
Віталій:
— Для мяне незалежнасць — гэта свабода. Сам я з Гомеля, працую вахтавым метадам у Расіі на будоўлі Курскай АЭС-2 у горадзе Курчатаве. Зручна: і заробак нядрэнны, і дома можна бываць працяглы час. Лічу, што адна з галоўных праяў незалежнасці — гэта бяспека. Чалавек не павінен баяцца, што з ім можа штосьці здарыцца, напрыклад, на вуліцы альбо ў пад’ездзе дома, а жыць спакойна. І ў нашай краіне гэта ёсць.
Дар’я:
— Незалежнасць — гэта ў тым ліку наяўнасць магчымасці развівацца ў тым кірунку, які сам выбіраеш. Я візажыст-цырульнік. Зараз знаходжуся ў пошуку прывабнага для мяне месца працы. Пераканана, што знайду яго. Што ні кажы, а добра стаяць напачатку дарогі, калі наперадзе — безліч перспектыў. Сёння разам з маладым чалавекам ідзём на вяселле нашых сяброў. Так што віншуем Арцёма і Вольгу з гэтай падзеяй. Стварыць сям’ю — гэта іх асабістае рашэнне, і мы за іх рады.