Цяжкасцей не баімся!

Цяжкасцей не баімся!

У мінулую пятніцу сваіх наведвальнікаў гасцінна сустракаў Клуб маладых спецыялістаў аграпрамысловага комплексу. Ужо далёка не ўпершыню арганізуюць такое мерапрыемства сумесна ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, райкам прафсаюза работнікаў АПК і БРСМ. Кожны раз яно праходзіць на розных прадпрыемствах, і гэта дае магчымасць юнакам і дзяўчатам пашыраць свае веды пра раён, знаёміцца з работай асобна ўзятай вытворчасці.

вп 055

Сёлета пасяджэнне праводзілася на Асіповіцкім вытворчым участку ААТ “Бабруйскі камбінат хлебапрадуктаў”. Распачалося знаёмства з экскурсіі па яго асноўных лініях. Апошнім часам перапрацоўшчыкі ажыццяўляюць рознабаковую мадэрнізацыю, і паказаць моладзі было што. Цікавіла не толькі абсталяванне, але і розныя вытворчыя факты. Напрыклад, далёка не кожны ведаў, што зерне, перш чым стаць крупой, праходзіць шлях у 6 кіламетраў, а самы папулярны прадукт — крупа, якая не патрабуе варкі. Вялікім попытам карыстаецца аўсянка. Прадпрыемствам наладжаны яе экспарт у Расію, Украіну, Сербію, Эстонію, Малдову. У 2014 годзе з канвеера будзе сыходзіць пшанічная мука, якую да гэтага тут не выпускалі.

Экскурсія плаўна перайшла ў дэгустацыю, якую правяла інжынер і старшыня мясцовай прафсаюзнай “пярвічкі” Ірына Кубар. “Распачынаць раніцу буду з асіповіцкай кашы!”— вырашылі для сябе многія, паспытаўшы духмяны і карысны прадукт.

Ірына Валяр’янаўна паведаміла таксама пра сёлетнія дасягненні прадпрыемства, а першы намеснік начальніка райсельгасхарчу Дзмітрый Міхалёў расказаў аб развіцці сельскагаспадарчай галіны ў раёне, падзяліўся планамі тэхнічнай і эканамічнай мадэрнізацыі, шляхамі яе рэалізацыі. Ну і, канечне, выказаў пажаданне, каб юнакі і дзяўчаты заставаліся на нашай зямлі.

Галоўны спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Анастасія Дзяшчэня давяла інфармацыю, што сёлета ў сельгаспрадпрыемствы Асіповіччыны прыбыло 12 маладых спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй і 44 — з сярэдняй спецыяльнай. Якія бонусы мае моладзь? Прадастаўляецца работа па спецыяльнасці, для жылля — асобны добраўпарадкаваны дом або пакой у інтэрнаце, выплачваюцца пад’ёмныя ў памеры службовага аклада, штомесяц ідзе даплата да зарплаты: 2 тарыфныя стаўкі першага разраду, пасля трох гадоў працы — тры.

Тым не менш, праблема замацавання моладзі існуе. Для яе вырашэння і вядзецца актыўна прафарыентацыйная работа з сельскімі школьнікамі. Безумоўна, гараджанам таксама не забараняецца абраць агранамію ці жывёлагадоўлю. Дарэчы, у мэтавых дагаворах, заключаных у гэтым годзе, прадугледжана даплата да стыпендыі ў памеры 5 базавых велічынь для студэнтаў ВНУ, 3 — навучэнцаў ССНУ. Напрыклад, філіял “Белшына-агра” ААТ “Белшына” акрамя прыбаўкі да стыпендыі прадугледжвае яшчэ і заахвочванне ў 2 базавыя велічыні тым, хто паспяхова здаў семестр. На сёння ў раёне адчуваецца дэфіцыт кадраў са спецыяльнасцю “заатэхнія”, “ветэрынарная медыцына”. На такіх спецыялістаў у першую чаргу і робіцца ўпор. Нямала моладзі спалучае працу з завочнай вучобай: 45 чалавек атрымліваюць веды ў ВНУ, 15 — у тэхнікумах і каледжах. У гэтым кірунку лепш за іншых працуюць калгасы “Лапічы”, “Авангард”, філіял “Белшына-агра”.

У сваім выступленні старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Святлана Сідарэнка звярнула ўвагу на рэйтынг раёна ў вобласці: навічкі павінны ведаць, што трапілі ў развіты рэгіён, цанілі гэта і рабілі ўсё неабходнае, каб тут і застацца. Прафсаюз жа, у сваю чаргу, па меры магчымасці будзе садзейнічаць вырашэнню розных пытанняў. Падкрэсліла яна і тое, што ў нас створаны спрыяльныя ўмовы для кар’ернага росту моладзі — гэтаму ёсць нямала прыкладаў.

Галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ларыса Волкава і першы сакратар райкама БРСМ Ганна Калодка запрашалі хлопцаў і дзяўчат далучацца да ўсіх тых добрых спраў, якія праводзяцца маладзёжнай суполкай, што дазволіць зрабіць жыццё больш насычаным і цікавым.

Безумоўна, далі слова і самім спецыялістам. Галоўны заатэхнік з СВК “Калгас “Карытнае” Сяргей Іўчанка прыйшоў у сельгаскааператыў у 2011 годзе. Яму падабаецца працаваць у жывёлагадоўлі, у калектыве добрыя ўзаемаадносіны. Ды і моладзі тут нямала — гэты калгас разам з “Авангардам” і “Белшынай” у ліку гаспадарак, дзе самая вялікая колькасць маладых спецыя-лістаў.

“Праца складаная, але цікавая”, — падвёў вынік Сяргей. Але ж таго, што будзе лёгка, ніхто і не чакаў! Ды і не трэба забываць, што менавіта на калгаснай ферме можна набыць каштоўны вопыт. Якіх яшчэ плюсаў трэба шукаць?

 Гэтая ж думка знайшла пацвярджэнне і ў прыватнай гутарцы з некаторымі ўдзельнікамі сустрэчы. Так, кожнаму хацелася б мець больш высокую зарплату, стабільны графік. Аднак такіх, хто выказваў толькі расчараванне сваім першым месцам працы, няма.

Што тычыцца самой сустрэчы, то яна стала разнастайнай дзякуючы ў тым ліку і музычным нумарам, якія прадставілі навучэнкі мясцовага каледжа. А яшчэ на памяць аб гэтым нерадавым дні засталіся падарункі, падрыхтаваныя арганізацыямі для сваёй моладзі.

Валянціна КОРБАЛЬ.

Последние новости

Общество

Гороскоп на 27 апреля для всех знаков Зодиака

27 апреля 2026
Читать новость
Общество

Истории переселенцев из Чернобыльской зоны

26 апреля 2026
Читать новость
Общество

Гороскоп для всех знаков на 26 апреля

26 апреля 2026
Читать новость
Общество

Чернобыль 40 лет спустя: загрязненные территории: от восстановления к уверенному будущему

26 апреля 2026
Читать новость
Общество

Як супрацьстаяць хатняму гвалту?

25 апреля 2026
Читать новость
Спорт и туризм

Международный Осиповичский марафон прошел 18 апреля

25 апреля 2026
Читать новость