Добры настрой і новыя спадзяванні

Вясну чакаюць усе — такое цвёрдае перакананне мелася заўсёды. А каб праверыць, што гэта сапраўды так, пацікавіліся напярэдадні 1 сакавіка меркаваннем землякоў. Аказалася, не памыляліся! Заадно пагаварылі пра тое, якія асацыяцыі выклікае ў асіпаўчан вясна і якія яны маюць планы на гэтую пару.

— Вясна для мяне распачынаецца, мабыць, крыху раней, чым у іншых: 27 лютага святкую дзень нараджэння. А сёлета яшчэ адна важная падзея: 29 лютага ўступаю ў шлюб. Так што, калі выйдзе газета, у мяне ўжо павінна быць іншае прозвішча. Чаму выбралі дзень 29 лютага, якога многія баяцца? Каб памножыць значнасць і эмацыянальную вагу гадавін вяселля: будзем адзначаць раз у чатыры гады, і гэтая дата стане сапраўды асаблівай. Адметны пачатак вясны і на рабоце: выстаўляем на паліцы магазіна святочны асартымент, каб кожны мог набыць прыемны сувенір сваім матулям, каханым, дочкам, унучкам, сяброўкам і падарыць крыху радасці. Так што вясну люблю: яна рознабакова натхняе.

— Прыход вясны, на мой погляд, нясе толькі плюсы: цёпла, добра, можна больш лёгка апранацца і падоўгу бываць на вуліцы. Толькі станоўчы бок і для работы, а працую я на рабатызаваным комплексе ў Вязычыне. Няма маразоў — абсталяванне функцыянуе больш спраўна. Ды і ўвогуле іншы настрой, у думках больш пазітыву, а ў целе — бадзёрасці. Што ні кажы, а сонца для чалавека — важная штука. Як і для ўсяго жывога.

— Чакаю вясну з дваякім пачуццём. З аднаго боку — добра, адраджаецца прырода і жаданне дзейнічаць, штосьці ствараць. З другога, як пагляджу на агарод, а жыву я на вуліцы Фрунзе, сэрца крывёю абліваецца: усё залітае. Не ведаю, ці змагу хаця б у маі туды ўлезці. Трэба штосьці ў “Чаромушках” рабіць з водаадвядзеннем, магчыма, пачысціць канавы. Вясна стала б шчаслівай, каб нарэшце адпаведныя службы вырашылі гэтае пытанне. Бо для многіх жыхароў “Чаромушак” агарод — проста боль з-за таго, што пастаянна пераўвільготнены. Канечне, разумеем, што ў нашай мясцовасці такі рэльеф і ніхто ў гэтым не вінаваты, аднак вельмі просім дапамогі. Людзі сапраўды будуць удзячныя! Так што вясна нясе і новыя спадзяванні.

— Што такое вясна? Гэта ціньканне за акном птушак, а на падваконні — падросшыя каліўцы памідораў, перцаў, агуркоў. Жыву ў Пратасевічах, маю добры надзел зямлі — 35 сотак. Праўда, апрацоўваю пад агарод дзесьці восем, астатняе ў якасці газона. Маю добрую цяплічку. Таму жонка Таццяна ўжо паклапацілася аб тым, каб пасеяць загадзя расаду, і з задавальненнем над ёй “чаруе”. Увогуле, для сельскага чалавека вясна — пачатак новага сельскагаспадарчага сезона. Наперадзе многа работы, аднак гэта і надае цікавасць нашаму жыццю.

— Сказала б, што вясны ўжо хочацца адразу пасля Новага года. Я матуля траіх дзяцей, старэйшы Паўлік ходзіць у першы клас, чатырохгадовая Віка — у дзіцячы сад, а з маленькай Юліяй зараз у дэкрэтным адпачынку. Маладыя матулі мяне зразумеюць, якой цяжкай і доўгай бывае зіма, калі дзеці хварэюць. Таму вясну сустракаем з асаблівым задавальненнем: наперадзе цёплы сезон, можна з малымі больш бываць на свежым паветры. Заўважыла, што і агародніцкія інстынкты ў гэты час прачынаюцца, вось іду на пошту забіраць бандэроль з насеннем. Хоць свайго ўчастка не маем, але ёсць ён у мамы, высаджу там кветкі. А ў агульных планах — развівацца самой і выходзіць на работу. Ведаеце, тройчы з дэкрэта ў дэкрэт — гэта не так і проста. Хочацца ўжо на работу, каб не страчваць прафесійных навыкаў і мець магчымасць рэалізоўвацца не толькі як матуля.