Лясная «рэвізія» на Асіповіччыне

Лясная «рэвізія» на Асіповіччыне

З моманту пасадкі лесу да высечкі спелых дрэў праходзіць як мінімум 80 гадоў — жыццё цэлага чалавечага пакалення. І як у людзей прынята лічыць знакавымі гады, што пачынаюць новае дзесяцігоддзе, так і ў лясной справе кожная 10-годка завяршаецца важнай падзеяй — лесаўпарадкаваннем. Сэнс гэтага тэрміна даволі аб’ёмны: сістэма дзяржмерапрыемстваў, накіраваных на забеспячэнне рацыянальнага карыстання, павышэння прадукцыйнасці, аднаўленне, ахову і абарону лясоў, плюс — павышэнне культуры лясной гаспадаркі.

Сёлета чарговае лесаўпарадкаванне прайшло ў Асіповіцкім лясгасе. Праводзілася яно незалежнымі спецыялістамі, якія зрабілі аб’ектыўны аналіз здзейсненага буйнейшым лесакарыстальнікам раёна і распрацавалі дакладны план яго дзеянняў да 2023 года.

У цэлым гаспадарчая дзейнасць нашых лесакарыстальнікаў за мінулыя 10 гадоў атрымала здавальняючую ацэнку, але гэта, зразумела, не азначае, што нагляд і эксплуатацыя лясных угоддзяў вяліся недастаткова збалансавана. Проста лес — складаная жывая сістэма, якая падпарадкоўваецца волі чалавека далёка не ва ўсім.

Аб тым, што ўдалося зрабіць і чым давядзецца займацца прадпрыемству ў будучым, і гаворка з галоўным ляснічым ДДЛГУ «Асіповіцкі доследны лясгас» Віктарам ДАМАРАДАМ.

— Віктар Уладзіміравіч, якія галоўныя падзеі адбыліся ў лясах прадпрыемства за «справаздачны» перыяд?

— Бадай, самая істотная і клопатная справа, якой давялося займацца, — стварэнне новых культур на землях, перададзеных у лясны фонд сельскай гаспадаркай. Плошча былых сенажацяў і пашы была такой значнай, што праектная ўстаноўка лесаўпарадкавання 2003 года была перавышана амаль на чвэрць. Склад новых лясоў атрымаўся такі: сасна — 77,5%, яліна і лістоўніца — 0,9, дуб — 9,8, ясень — 0,2, бяроза — 0,4, вольха чорная — 0,6. Пасаджаныя на гэтых землях дрэвы патрабуюць павышанай увагі, таму што даволі дрэнна прыжываюцца. Прыблізна пятую  частку маладых насаджэнняў — а гэта больш за 800 гектараў — сёння неабходна дапаўняць.

2266Вось так нараджаецца лес у пітомніку лясгаса

Нядрэнны вынік дасягнуты і ў павелічэнні аб’ёмаў спелай драўніны. За дзесяцігоддзе ён узрос з 139,8 тысячы кубаметраў да 276 — амаль удвая! Што ж тычыцца прадукцыйнасці аднаго гектара гатовых да суцэльнай высечкі ўчасткаў, то яна «падскочыла» з 256 да 276 «кубоў». Натуральна, своечасовы і без страт збор гэтага «ўраджаю» будзе адной з галоў-ных задач прадпрыемства ў бліжэйшай будучыні.

— Павелічэнне долі маладых пасадак змяніла ўзроставую структуру лясоў. Наколькі гэтае змяненне можа паўплываць на вынікі гаспадарчай дзейнасці прадпрыемства ў перспектыве?

— На кожную катэгорыю лясоў — маладнякі, сярэдняга ўзросту, прыспяваючыя, спелыя — у ідэале павінна прыходзіцца роўная доля. Сёння ўзроставая структура наблізілася да аптымальнай прапорцыі, таму ўплыў толькі станоўчы. На працягу даволі доўгага перыяду — з 1944 па 1960 год — высечка вялася такімі хуткімі тэмпамі, што ўзроставая структура асіповіцкіх лясоў аказалася моцна парушанай. Бясспрэчна, гэта была вымушаная мера: краіна аднаўлялася пасля Вялікай Айчыннай вайны, і драўніны патрабавалася вельмі многа. Аднак нанесены тады ўрон удалося нейтралізаваць толькі праз паўстагоддзе.

 Прынамсі, за апошнія 20 гадоў самы важны паказчык якасці лесу — банітэт — узрос з 1,6 да 1,5 балаў. На першы погляд — зусім не шмат, але чым бліжэй да ідэалу — «адзінкі», — тым складаней даецца станоўчая дынаміка. Каб узняцца на ўзгаданую «дзясятую долю», лясгасу давялося напружана займацца стварэннем насаджэнняў з палепшанымі якасцямі і праводзіць высечкі нагляду ў маладых лясах з нізкім выхадам ліквіднай драўніны. Гэта вельмі стратныя працэсы, але выдаткі абавязкова акупяцца ў будучыні.

— Ад вопытных работнікаў лясной гаспадаркі даводзілася чуць, што раней трываласць нарыхтоўваемай драўніны была значна больш высокай…

— Такое меркаванне ў пэўным сэнсе слушнае. Якасныя паказчыкі лесаматэрыялаў залежаць ад умоў, у якіх расце дрэва. Чым бядней глебы і карацей вегетацыйны перыяд, тым шчыльней і трывалей у іх драўніна. У лесаводаў для агульнай ацэнкі гэтага параметра існуюць адпаведныя тэрміны: кандовая драўніна — найбольш шчыльная, мяндовая — найменш. Да таго ж аптымальным часам для высечкі лічыцца зіма, калі расліны знаходзяцца ў стане спакою.

Калі маштабы лесанарыхтовак былі меншымі, перавага аддавалася кандовым дрэвам, і нарыхтоўка дзелавой драўніны вялася пераважна ў халодны перыяд. Прынамсі, з адборных бярвенняў, высечаных па ўсіх правілах, складзены стары будынак Вяззеўскага лясніцтва: яму больш стагоддзя, а сцены нібы ўчора пастаўленыя.

Аднак для сучасных спажыўцоў піламатэрыялаў узгаданая розніца шчыльнасці рэдка мае істотнае значэнне, таму ў арганізацыі лесанарыхтовак існуе поўная «свабода рук». Гэта важна, паколькі існуючы запас спелай драўніны такі вялікі, што нават пры круглагадовай высечцы лясгас, разам з шэрагам іншых лесанарыхтоўчых арганізацый, паспявае асвоіць толькі крыху больш за 91% разліковай лесасекі.

З іншага боку, якасць прапаноўваемай спажыўцам драўніны залежыць і ад пароднага складу лясоў. Ён апошнім часам змяняецца да лепшага за кошт пашырэння долі шыракалістых парод — у першую чаргу дуба — і перспектыўнай хваёвай — лістоўніцы. Апошняя мае істотныя перавагі ў шчыльнасці, трываласці і ўстойлівасці да гніення перад традыцыйнымі сасной і ялінай, да таго ж, вельмі хутка расце. Так, калі сасна ў тры гады ў сярэднім дасягае вышыні 25 сантыметраў, то лістоўніца — двух і болей метраў.

2411Сёння нават адыходы дрэваапрацоўкі ідуць у справу.
Яны ператвараюцца ў паліўныя трэскі — каштоўны энергарэсурс

На жаль, штогод мы можам ствараць пасадкі гэтага цуда-дрэва толькі на плошчы 4-5 гектараў. Насенне даводзіцца імпартаваць з Польшчы, аб’ёмы яго продажу невялікія. Праблема ў тым, што атрымаць якаснае насенне лістоўніцы вельмі складана. Трэба мець плантацыі элітных спелых дрэў, крона якіх з маленства фарміруецца на вышыні 1,5-2 метры, каб можна было збіраць шышкі. Але галоўная цяжкасць — атрыманне з шышак насення ў прамысловых маштабах. Тэхналогія мае мноства нюансаў, якія гаспадары плантацый лічаць інтэлектуальнай уласнасцю і ні з кім не дзеляцца «вытворчымі сакрэтамі».

— Лістоўніца, нягледзячы на свае карысныя якасці, па сутнасці з’яўляецца інвазійным відам. Наколькі павелічэнне яе долі ў пароднай структуры лясоў можа паўплываць на іх агульныя біялагічныя паказчыкі?

— Нічога дрэннага ад лістоўніцы чакаць не трэба. Яна ўводзіцца ў склад змешаных пасадак, і яе ўплыў на лясныя біяцэнозы зусім нязначны. Звычайныя для нашых лясоў грыбы і ягады адчуваюць сябе побач з лістоўніцай не горш, чым па суседству з сасной.

— Узгадаем яшчэ, якія найбольш сур’ёзныя змены ў дзейнасці лясгаса прадугледжвае новы план лесаўпарадкавання?

— Самае істотнае змяненне — ад лесаводаў патрабуецца стварыць рэпрэзентацыйныя ўчасткі, на якіх сканцэнтравана найбольш характэрная альбо рэліктавая драўнінная расліннасць. На іх забаронена вядзенне гаспадарчай дзейнасці, і, наогул, прысутнасць чалавека абмежавана вядзеннем навуковых назіранняў. Справа ў тым, што Асіповіцкі лясгас, праходзячы сертыфікацыю па міжнародным стандарце лесакарыстання ФСІ, стварыў такія ўчасткі на ўласную рызыку раней, і іх узаконьванне аўтаматычна  вырашае мноства далікатных арганізацыйных пытанняў.

Дарэчы, найбольш цікавымі з такіх участкаў можна назваць элітныя сасновыя і дубовыя лясы ў Брыцалавіцкім лясніцтве. На жаль, выкарыстоўваць насенне гэтых велічных дрэў для селекцыйнай работы немагчыма: яны надта старыя, каб даваць паўнацэннае патомства…

Гутарыў Дзмітрый САЎРЫЦКІ.

Последние новости

Общество

Як супрацьстаяць хатняму гвалту?

25 апреля 2026
Читать новость
Спорт и туризм

Международный Осиповичский марафон прошел 18 апреля

25 апреля 2026
Читать новость
Общество

Зачем спилили деревья

25 апреля 2026
Читать новость
Общество

Пра вопыт, давер, дапамогу

25 апреля 2026
Читать новость
Общество

Куда деть строительный мусор

25 апреля 2026
Читать новость
Общество

46 гадоў працуе ў ПМК № 95 “Вадбуд” Сяргей Русачкоў

25 апреля 2026
Читать новость