Ягадны рай. Муж і жонка Корнышавы знайшлі захапленне, якое пераўтварылася ў выгадны бізнес.

Халодны перыяд года яны праводзяць у Бабруйску, а як толькі прыгрэюць прамяні вясновага сонейка, адразу спяшаюцца ў Ясянёўку. Там не проста адпачываюць у дачным доміку. Адпачынкам праведзены ў вёсцы час нават і не назавеш, бо на набытых двух гектарах зямлі яны высадзілі і даглядаюць ягады.
А пачыналася ўсё празаічна. Аднойчы Дзянісу захацелася клубніц, а жонка прынесла жменьку драбноты і сказала, што больш не вырасла. Неяк непрыкметна прыйшло рашэнне насадзіць ягад. Набылі гатунак “хоней” — буйная, прыгожая, але кіславатая ягада. Налета наеліся клубніц, нават лішкі былі. Вось тады і вырашылі заняцца ягадаводствам больш сур’ёзна.
Праз год купілі розных гатункаў, засадзілі імі 25 сотак зямлі і сталі назіраць за вынікамі. Найбольш спадабаўся сорт “азія” — ён самы салодкі. Грошы, заробленыя ад рэалізацыі ягад, уклалі ў набыццё пасадачнага матэрыялу буякоў.
Атрымаўшы пэўны вопыт, вырашылі пашырыць плантацыю. Звярнуліся з прапановай у сельсавет. Старшыня Андрэй Шаціла падтрымаў карысны пачын. Пад асабістую падсобную гаспадарку быў выдзелены гектар зямлі. На ёй адразу заклалі 15 сотак буякоў.
Вядома, дамашнія ягады таму і вырастаюць буйнейшымі і даюць вышэйшую ўраджайнасць, што гаспадары падыходзяць да іх вытворчасці абапіраючыся на навуковыя дасягненні. Дзяніс і Марына заказалі для ягадніку кіслы торф у Татарцы, пілаванне на пілараме, стварылі іншыя ўмовы. Паступова кампанію клубніцам і буякам склалі маліны і ажыны.
Для таго каб займацца ягадаводствам, не абавязкова мець спецыяльную адукацыю, лічыць Дзяніс Корнышаў: галоўнае, каб было жаданне і працавітасць. І пацвярджае словы ўласным прыкладам. Па прафесіі ён зусім не аграном, а слесар кантрольна-вымяральных прыбораў і аўтаматыкі. Працаваў у сістэме ахоўнай пажарнай сігналізацыі. А зараз асвоіў новую для сябе справу.
Клубніцы займаюць на іх землях каля 15-20 сотак, маліны — на пяць сотак больш, буякі — каля 80 сотак, а ажыны дастаткова і 40 кустоў.
— Усе ягады запатрабаваны, — дзеліцца ягадавод. — Асаблівы попыт — на першыя клубніцы: людзі пасля зімы жадаюць свежых “вітамінаў”. Дарэчы, гэтыя ягады патрабуюць шмат увагі: каб яны не драбнелі, неабходна кожныя два гады замяняць кусты, выкарыстоўваючы новы пасадачны матэрыял, абразаць вусы, апрацоўваць да цвіцення і пасля яго. Ажына — укрыўная культура, з ёй таксама даводзіцца пазавіхацца. Пасадачны матэрыял набываем у спецыялізаваных гадавальніках, вывучаем гатунак, спрабуем ягады, а ўжо пасля прымаем рашэнне.
Наогул абавязкі размяркоўваем наступным чынам: мы з жонкай выбіраем ягады, я адвожу на рынак, атрымоўваю адпаведныя дакументы, а мама, Ніна Андрэеўна, прадае. Спадзяёмся, што дочкі, калі падрастуць, далучацца да сямейнай справы.
Пачынаецца зімовы перыяд. Садаводы-агароднікі атрымоўваюць перадышку. Але ягадаводы перыядычна наведваюцца ў свае ўладанні. Напрыклад, для таго, каб пасля першых замаразкаў рэмантантную маліну цалкам, а летнюю — выбарачна зрэзаць, здаровыя галінкі падвязаць. Галіны ажыны, якія адпладаносілі, таксама неабходна ліквідаваць, заставіўшы тры-чатыры самыя моцныя, і накрыць. А затым сачыць, як кусты пераносяць халады. Словам, работы хапае. Затое вясной саджанцы зноў парадуюць буйствам квецені, а летам — мноствам сакавітых і смачных ягад.