На базе гімназіі прайшла сустрэча маладых спецыялістаў з кіраўніцтвам раёна

На гэты раз мерапрыемства сабрала больш за два дзясяткі педагогаў-навічкоў. Увогуле мэта такіх сустрэч, якія праводзяцца рэгулярна з прадстаўнікамі розных сфер, — аказанне дапамогі і падтрымкі кадрам, што прыбылі ў наш раён для працаўладкавання, садзейнічанне іх далейшаму замацаванню на працоўных месцах з перспектывай прафесійнага і кар’ернага росту.
Прадказальным было жаданне моладзі даведацца больш аб рэгіёне, дзе пачынаецца яе самастойнае жыццё. У гэтым быў карысным прагляд тэматычнага фільма аб галоўных прадпрыемствах горада і раёна, яго гістарычных месцах. Інфармацыю дапоўніў першы намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Ананіч, які расказаў аб сацыяльна-эканамічным развіцці на сённяшнім этапе, звярнуўшы ўвагу на тое, што Асіповіччына — важная складаемая Прыдняпроўскага краю. Закрануў розныя станоўчыя моманты, якія характарызуюць наш райцэнтр, і выказаў спадзяванне, што юнакі і дзяўчаты, якія прыехалі да нас з розных куткоў Беларусі, палюбяць Асіповіччыну і застануцца тут жыць, створаць сем’і, дасягнуць поспехаў у прафесіі. Ну а датычна асіпаўчан, то гэта ўжо проста абавязак — унесці свой уклад у развіццё малой радзімы праз эфектыўную работу на карысць тых людзей, якія тут жывуць.
Ва ўстановы сістэмы адукацыі раёна ў 2021-2023 гадах прыбыло 54 маладыя спецыялісты педагагічных спецыяльнасцей, сярод якіх пераважная большасць — 37 — асіпаўчане. У тым ліку сёлета прыехала 18 чалавек, з якіх дзевяць вучыліся па мэтавых накіраваннях.
Гутарылі ў гэты дзень аб многім. Зразумела, закранулі пытанні адаптацыі на працоўных месцах і матэрыяльна-бытавы аспект. Як паведаміла начальнік аддзела па адукацыі Ірына Сяргейчык, сярэдняя зарплата маладых спецыялістаў у сферы па раёне сёння складае 947 рублёў, самая высокая яна ў настаўнікаў — 1 200. Для таго каб заробак быў больш высокім, трэба своечасова павышаць кваліфікацыйную катэгорыю, удзельнічаць у разнастайных педагагічных конкурсах і ўвогуле працаваць так, каб атрымліваць штомесяц адпаведныя надбаўкі. Так што заробак — у руках кожнага.
Аб тым, якія дакументы трэба прадаставіць, каб засяліцца ў інтэрнат альбо арэнднае жыллё, расказала начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Таццяна Кавеня. Падказала яна і шлях, які падыходзіць “смелым і дзёрзкім”, каб набыць, напрыклад, пустуючы дом. Такія час ад часу рэалізуюцца праз аўкцыёны, каштуюць нядорага, але, канечне, давядзецца прыкласці нямала намаганняў, каб прывесці жыллё ў належны стан. Наконт ільготных крэдытаў і на бытавыя патрэбы, і для вырашэння жыллёвага пытання пракансультавала галоўны спецыяліст аддзела іпатэчнага і льготнага крэдытавання мясцовага ЦБП ААТ “ААБ Беларусбанк” Святлана Пашкоўская. Чаму б і не скарыстацца магчымасцю такой падтрымкі?
Галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Ларыса Волкава спынілася на планаванні экскурсій і іншых культурных мерапрыемстваў для працоўнай моладзі. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Марына Гірэнка падзялілася, у якіх пытаннях маладым спецыялістам можа дапамагчы прафсаюз.
Першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Юліяна Вараўко пасродкам прэзентацыі расказала аб дзейнасці арганізацыі. Спектр задач у маладзёжнай суполкі шырокі: гэта рознабаковае выхаванне — грамадзянска-патрыятычнае, прававое, студатрадаўскі рух, валанцёрства, узаемадзеянне з моладдзю ў інфармацыйнай прасторы, падтрымка таленавітых дзяўчат і юнакоў. А пацвярджаецца эфектыўнасць работы канкрэтнымі справамі. Напрыклад, зараз валанцёры дапамагаюць пажылым і адзінока пражываючым землякам у расчыстцы двароў ад снегу.
Працягам тэмы грамадскай актыўнасці стала размова аб дзейнасці Беларускай партыі “Белая Русь”, раённае аддзяленне якой якраз узначальвае лідар педагогаў Ірына Сяргейчык. Сустрэча была добрай нагодай уручыць партыйныя білеты новым членам — такіх сярод прысутных было трое.
Увогуле, імпанаваў жывы інтарэс да сустрэчы яе ўдзельнікаў: было шмат пытанняў, дарэчы, і такіх, якія тычацца не толькі работы ў школе. Пыталіся, як арганізаваны вываз смецця і чаму нярэдка атрымліваюцца збоі ў гэтай справе, станам дарог, расчысткай вуліц ад снегу. Зразумела, і пра сваё, педагагічнае, таксама гаварылі. Напрыклад, з чаго складаецца прафесійны поспех. Словам, атрымаўся рознабаковы дыялог, а разыходзіліся ўсе ўзаемна задаволеныя.
Пасля сустрэчы пагутарылі, пераважна з асіпаўчанамі, як складваецца іх працоўны шлях.
Яўгенія Мележ, настаўнік пачатковых класаў СШ № 3:
— Удзячна лёсу, што прывёў мяне ў Асіповічы: горад мне падыходзіць па ўсіх параметрах. Сама родам з Хойнікаў, вучылася адразу ў каледжы ў Гомелі, зараз завочна ў дзяржпедуніверсітэце імя Максіма Танка ў Мінску атрымліваю спецыяльнасць псіхолага. Першапачаткова было накіраванне ў Гомель, але потым пераразмеркавалася ў Асіповічы па месцы службы мужа. Ужо праз тры месяцы, як уладкавалася ў СШ № 3, атрымала арэндную двухпакаёвую кватэру ў доме на вуліцы Крыловіча. Дарэчы, якраз у дзень нараджэння мне патэлефанавалі і сказалі, што магу прыйсці за ключамі. Такі вось падарунак атрымаўся. Падабаецца не толькі горад, але і калектыў, і мой любімы 4 “Б”. Так што ўсё пакуль складваецца найлепшым чынам.
Паліна Мірукова, кіраўнік фізічнага выхавання Асіповіцкага дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці:
— Лічу, што калі малады спецыяліст вяртаецца дадому, гэта ў многім спра-шчае задачу. Прыступіла да работы сёлета, вучылася ў МДУ імя Куляшова па мэтавым накіраванні, таму ведала, што прыеду ў Асіповічы. Праўда, вырашыла жыць асобна ад бацькоў: калі чатыры гады вёў сама-стойнае жыццё, хочацца і далей ужо быць незалежным, у фінансавым плане ў тым ліку. Аднак факт, што родныя побач, душу грэе. Складаным для мяне аказалася тое, што вучылася на настаўніка фізкультуры, а прыйшла на працу ў дашкольную ўстанову, дзе зусім іншая методыка заняткаў, патрабаванні. Адаптавацца дапамаглі працоўны калектыў і адміністрацыя цэнтра. І вось ужо літаральна праз лічаныя месяцы адчуваю, што да-шкаляты — якраз маё.
Аляксей Косаў, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства СШ № 1:
— Сам асіпаўчанін, таму праблем з адаптацыяй не было. Думаю, тая акалічнасць, што добра ведаю горад і людзей, робіць маю работу толькі больш якаснай. Адразу, калі прыйшоў у школу, даручылі класнае кіраўніцтва. Так што развіваюся і ў гэтым кірунку. З маімі сямікласнікамі мне заўсёды цікава. Акрамя класнага кіраўніцтва, вяду гурток “Дэбаты”. Толькі з гэтага года пачаў заняткі, і, думаю, поспех не за гарамі. У чым адрозненне сучаснага ўрока ад тых, якія былі 10-15 гадоў назад? Выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій — гэта і інтэрактыўныя дошкі, і тыя ж заданні ў дапаможніках з QR-кодамі. Увогуле, самі падручнікі сталі іншымі. Раней было больш тэкставай інфармацыі, зараз візуальнай. І гэта добра ўплывае на яе ўспрыняцце. Ну а як прыпаднесці матэрыял вучням, каб ён іх зацікавіў і застаўся ў памяці, — гэта ўжо залежыць ад майстэрства настаўніка.
Лізавета Палеўская, выхавальнік Асіповіцкага дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці:
— Пры паступленні ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка брала мэтавае накіраванне. Зараз жыву з бацькамі, дом знаходзіцца побач з дзіцячым садам. Сюды некалі хадзіла ў першым класе. Так што ўсё, можна сказаць, роднае. Працую ў першай малодшай групе, дзе дзеткі малыя, так што адаптацыя і ў іх, і ў мяне. Разумею, што мамы і таты давяраюць выхавальніку самае дарагое, таму адчуваю значную адказнасць. Так як галоўнае для выхавальніка — любіць дзяцей, а гэтай рысай валодаю, то асаблівых праблем няма. Калектыў з’яднаны, заўсёды можна спадзявацца на дапамогу старэйшых калег. Безумоўна, бывае цяжка, бо гэта дзеці, кожны са сваім характарам і жаданнямі, але я на тое і выхавальнік дашкольнай адукацыі, каб знаходзіць адзіныя інтарэсы з дзецьмі і іх бацькамі. У плане развіцця лічу, што зараз, калі спецыяліст мае цікавасць, для яго існуе шмат магчымасцей.