Надзелены генам любові

Дзяцінства ў жыцці любога чалавека — гэта той базіс, на якім мацуецца ўвесь яго далейшы лёс. І каб ён быў шчаслівым, неабходна правесці дзіцячыя гады ў акружэнні клапатлівых і мудрых бацькоў. На жаль, здараецца, што некаторыя дзеці не маюць гэтай магчымасці. І тут на выручку прыходзяць прыёмныя мамы і таты, якія, нібы добрыя анёлы, падстаўляюць рукі дапамогі маленькім чалавечкам.
Алена Пятрашава — адна з іх. Яна прафесійны педагог, у гады работы ў дзіцячым санаторыі “Вяззе” пабачыла шмат дзяцей з нядобранадзейных сямей. І кожны раз ёй хацелася чымсьці дапамагчы, адагрэць кожнага. Такая магчымасць прадаставілася, калі яна вырашыла стаць прыёмнай матуляй. Было гэта ў 2006 годзе.
З той пары жанчына выгадавала дзесяць дзяцей. Кожны знайшоў сваё месца ў жыцці. Сярод яе гадаванцаў — прадстаўнікі розных прафесій, ёсць нават чэмпіён краіны па бодзібілдынгу. З усімі падтрымліваюць сувязь. Старэйшыя ўжо маюць уласныя сем’і, але наведваюцца ў госці і да сваіх прыёмных бацькоў.
Нямала бяды выпала на долю Аліны, Уладзіслава і Дзяніса. Малыя раптоўна страцілі родных бацькоў: маці памерла, а тата знайшоў іншы шлях для далейшага жыцця. І вельмі своечасова ім падала руку дапамогі сямейная пара Пятрашавых. Мудрыя прыёмныя бацькі стараюцца, каб дзеці не парывалі сувязь са сваякамі. Яны часта ездзяць у госці да родных бабулі і дзядулі ў Градзянку, тэлефануюць тату ў райцэнтр, ведаюць, што ў іх там ёсць маленькая сястрычка.
— Рабяты павінны ведаць свае карані, мець стасункі з роднымі, — лічыць Алена Леанідаўна. — Мы рады, што яны ўсе трое сябруюць. Аліна трапятліва адносіцца да брацікаў, клапоціцца пра іх: і ўрокі можа дапамагчы зрабіць, і гульні арганізуе. Хлопчыкі таксама добрыя, уважлівыя. Мы наогул не можам нарадавацца на нашых дзетак: такія яны старанныя, цікаўныя, добразычлівыя. Хочацца зрабіць для іх як мага болей.
Рабяты ўжо зараз разважаюць, кім бы яны хацелі стаць у дарослым жыцці. Матуля прыслухоўваецца да меркавання кожнага: няхай думаюць, выбіраюць тую дзейнасць, якая будзе найбольш па душы. А для яе галоўнае, каб яны выраслі сапраўднымі людзьмі — прыстойнымі, спагадлівымі, працавітымі. І робіць усё для гэтага. Дзеці падтрымліваюць парадак у сваіх пакойчыках, мыюць за сабой посуд, а бульбу памагаюць чысціць не толькі трынаццацігадовая Аліна, але і адзінаццацігадовы Улад. Рабяты сябруюць з фізкультурай і спортам. Любяць гуляць у футбол, бегаць, удзельнічаць у спаборніцтвах. Трэцякласнік Дзяніс дэманструе ладны стос грамат і падзячных лістоў, якія яны атрымалі за ўдзел у розных дзіцячых конкурсах і якімі вельмі ганарацца. А для Алены найдаражэйшыя ўзнагароды — падзелкі, якімі яе адорваюць выхаванцы: малюнкі, вырабы з бісеру, аплікацыі, насычаныя дзіцячай любоўю.
Гэта сямейная пара выгадавала дваіх уласных дзяцей, ужо дачакалася і ўнукаў. Але Алена і Андрэй працягваюць дарыць цяпло яшчэ і тым, за каго ўзялі адказнасць, і робяць гэта ад усяго сэрца. Гэтых дзетак лічаць таксама сваімі. Няхай яны маюць розныя ДНК, хіба ж гэта самае важнае? Галоўнае, што ў гэтай сямейнай пары прысутнічае ген любові і клопату. А таму іх дом ніколі не сумуе. Ён заўсёды звініць дзіцячымі галасамі, асвятляецца радаснымі ўсмешкамі і гасцінна прымае ўсіх, хто завітаў.