Зрабілі стаўку на малако

Сям’я Снігіроў у 2017 годзе праславілася на ўсю краіну, атрымаўшы ў падарунак карову Белку ад Прэзідэнта краіны. Тая жываціна і дала пачатак утварэнню асабістай падсобнай гаспадаркі, калі нарадзіла дзвюх цёлак. Зараз Сяргей і Вольга Снігіры даглядаюць 15 галоў буйной рагатай жывёлы, восем з якіх дойныя. Кароў набывалі амаль з усёй краіны — ад Гомеля да Жодзіна, бо шукалі пэўныя пароды. Сёлета сям’я ўзяла 40 гектараў зямлі для выпасу і сенанарыхтоўкі, якія ўжо засадзілі шматгадовымі травамі, і тры — для агародніцтва. Каб было больш зручна апрацоўваць глебу, Сяргей самастойна зрабіў два міні-трактары.
— Жывёлу часцей даглядае муж, — расказвае Вольга. — Я адказваю за перапрацоўку малака. Атрымліваем дамашнія смятану, тварог, масла. Не так даўно зацікавілася вытворчасцю сыроў. Чаму ж не паспрабаваць, калі ёсць з чаго рабіць? Канечне, часу на гэта нямнога, шматдзетныя матулі мяне зразумеюць, аднак некалькі гатункаў сыру ўжо навучылася вырабляць. Акрамя малочных прадуктаў, частуемся хатнімі яйкамі. І не толькі курынымі: набылі яшчэ і перапёлак. Ды і гародніна ў нас свая. Спадзяёмся ажыццявіць мару і набыць вялікі трактар.
Тое, што маладая сям’я ў згодзе з “братамі меншымі”, бачна адразу. Акрамя сельскагаспадарчай, жывуць на падворку яшчэ некалькі сабак і катоў. А ў хляве на зіму знайшоў прытулак бусел. Лёс у птушкі незайздросны: радавое гняздо ў дзіцячым садку ў Старых Дарогах упала на зямлю, і бусел зламаў крыло. Там яго выхадзілі, аднак падчас моцнага ветру птушка неяк патрапіла ў Бабруйск, дзе блукала некалькі дзён. У мінулым месяцы валанцёры прывезлі яе Снігірам на ператрымку.
У сям’і расце шасцёра дзяцей. Пяцёра навучаюцца ў школе, а маленькай Дашы хутка споўніцца два годзікі. Старэйшаму Івану ўжо 12. Летам ён дапамагае назапашваць корм для жывёлы, а зімой — даглядаць гаспадарку. Нягледзячы на вялікі аб’ём работы, Вольга знаходзіць час і на творчасць: сцены дома яна ўпрыгожыла ўласнымі малюнкамі.

Найбуйнейшая гаспадарка сям’і Карсуновічаў, якім належыць СФГ “Барвала”, знаходзіцца ў Грынёўцы і паспяхова развіваецца ўжо больш за дзесяць гадоў.
— Пачыналі мы з 15 кароў, зараз у гаспадарцы налічваецца амаль 80, 60 з іх дойныя, — расказвае Наталля Валер’еўна. — Работаем сямейным падрадам. Муж з сынамі рамантуюць тэхніку, займаюцца корманарыхтоўкай. Пракарміць столькі жывёлы няпроста: пад выпас і сенажаці мы выкарыстоўваем 130 гектараў угоддзяў. Лішкі малака здаём у філіял “Асіповіцкі” ААТ “Бабушкина крынка”, а тры гады таму набылі малакавоз і пачалі перавозіць на завод “белае золата” з уласных гаспадарак усяго раёна. Гэтым таксама займаюцца мужчыны.
Даглядаць жывёлу, даіць яе і ўпраўляцца з малаком жанчына вучылася сама. Не так даўно гаспадары нанялі некалькі работнікаў, якіх Наталля Валер’еўна навучала гэтай справе. Яна і зараз часта бярэцца за прылады працы. Засмучае гаспадыню толькі тое, што шмат часу патрабуецца на вядзенне дакументацыі, а хочацца ўдзяліць яго жывёле.
На жаль, не заўсёды абставіны спрыяюць нават працавітым і прадбачлівым людзям. Калісьці гаспадары набылі ў калгасе два хлявы, але пакуль выкарыстоўвалі толькі адзін. Мінулай зімой Карсуновічаў чакаў непрыемны сюрпрыз: з-за вялікага снегу на пустой пабудове праваліўся дах. І трэба ж было такому здарыцца ў той час, калі пагалоўе павялічылася і жывёлу ўжо неабходна пераводзіць у другое памяшканне, якое зараз патрабуе добрага рамонту. Гэта справа вельмі дарагая, пакуль за яе ўзяцца няма магчымасці.

Валянціна і Павел Яўмененкі змянілі бабруйскую прапіску на заельніцкую каля дзесяці гадоў таму. Адразу бацькоўская хата служыла дачай, дзе сям’я вырошчвала гародніну ды адпачывала ад гарадскога жыцця. Потым завялі свінак, аднак з-за эпідэміі АЧС жывёлы прыйшлося пазбавіцца. Набылі кароў і перабраліся ў вёску на пастаяннае жыхарства.
— Спачатку я вучылася працаваць з малаком, — гаворыць Валянціна. — Вырабляла смятану, тварог, ражанку. Лішкі малака здавалі на перапрацоўку, але вырашылі, што трэба развівацца і варыць сыр. Адразу спрабавала “бабуліны рэцэпты”, але яны не прынеслі жаданага выніку, таму запісалася на анлайн курсы і па ім вучылася гэтай няпростай справе. Першы, які засвоіла, быў “Качота” — італьянскі паўмяккі сыр з водарам арэха. Амаль за тры гады, што займаюся сыраварэннем, набіла руку ўжо на дзесяці відах, сярод якіх брынза, мацарэла, адыгейскі, “Чэчыл” касічка, сулугуні і іншыя. Да таго ж вырабляю масла, ражанку, пахту і ёгурт.
Акрамя дзевяці кароў і некалькіх бычкоў, супругі трымаюць індыкоў, цацарак, курэй і гусей. Таму гаспадарка багата не толькі малочнымі прадуктамі, але і яйкамі. Усё гэта Валянціна і Павел рэалізуюць. Два разы на тыдзень возяць у Бабруйск, ды і “сарафаннае радыё” працуе: у месенджары “Вайбер” існуе група пастаянных кліентаў “Молочко из деревни (ЭКОПРОДУКТЫ)”, якая ўключае больш за 100 удзельнікаў. Вырабляюць сыры і на заказ.
— Мы і ў Асіповічы з задавальненнем прыязджаем, калі ёсць заказчыкі. Кошт, канечне, трошкі вышэй за магазінны, але гэта ж натуральны прадукт і заўсёды свежы. Аднойчы паспрабуеце — і ўжо не адкажаце сабе ў асалодзе есці менавіта дамашні сыр. Некаторыя віды пакідаем на паспяванне, тады смак і водар раскрываюцца ярчэй. Прадукцыю на продаж фасуем з дапамогай вакуумнага ўпакоўшчыка. Словам, робім усё магчымае, каб спажывец атрымаў якасны і смачны прадукт.
