Днямі пайшоў з жыцця партызан Міхаіл Падвойскі

Днямі пайшоў з жыцця партызан Міхаіл Падвойскі
У архівах рэдакцыі яшчэ захоўваюцца спісы ветэранаў Вялікай Айчыннай, дзе адных толькі ўдзельнікаў вайны значыцца больш за сотню.
Яны выстаялі, вынеслі, перамаглі і доўгі час служылі для нас прыкладам стойкасці, адвагі і адданасці Айчыне.
Але час бязлітасны… Гады рэгулярна прарэджвалі шэрагі нашых пераможцаў, дабраліся і да Міхаіла Паўлавіча Падвойскага — чалавека, які ўсё сваё жыццё прысвяціў вахаванню падрастаючага пакалення. Не толькі словамі, але і ўласным прыкладам.
Юнаком ён трапіў у партызанскі атрад, дзе служыў правадніком, бо цудоўна ведаў мясцовыя лясы. Наведваўся ў навакольныя вёскі, каб быць у курсе ўсяго, што там адбываецца, захоўваў у спраўным стане партызанскі “флот” — дзве лодкі, якія дастаўлялі байцоў на заданні, а таксама знаходзіў брады праз раку Свіслач. Даручанае выконваў сумленна. Нямала разоў рызыкаваў жыццём.
Пасля вайны Міхаіл Паўлавіч стаў настаўнікам і шмат гадоў працаваў ва ўстановах адукацыі Асіповіччыны. Не толькі ўрокі праводзіў, але і расказваў рабятам пра іх аднагодак, якім выпала жыць у суровы час, пра тых, хто не дачакаўся Перамогі, каб іншыя змаглі яе стрэць і радавацца мірнаму шчасліваму жыццю. Яго ўспаміны клаліся і ў паэтычныя радкі. Сівы ўжо, настаўнік занатоўваў іх роўненькімі радочкамі ў сшытачкі. З гадамі губляўся зрок, страчвалі стройнасць і выведзеныя слупкі, але нішто не магло стрымаць іх, яны патокам ліліся з параненай вайной душы.
Сяброўства рэдакцыі газеты з гэтым чалавекам даўняе. Ён быў не толькі нашым пазаштатным карэспандэнтам, але і дарадцам, матыватарам, старэйшым таварышам. Нярэдка бывалі ў яго дома, наведваўся, пакуль мог, і ён у рэдакцыю. Часта на старонках газеты змяшчаліся матэрыялы, якія расказвалі аб жыцці і грамадскай дзейнасці гэтага легендарнага чалавека.
Пакуль ставала сіл, Міхаіл Паўлавіч удзельнічаў ва ўсіх раённых мерапрыемствах. Асабліва шчымлівым для яго быў, безумоўна, Дзень Перамогі. Ён сам у нейкім сэнсе ўвасабляў для нас аблічча Перамогі…
98 было адмерана ветэрану. Ён пакінуў свет, выканаўшы ў ім сваю пачэсную місію. Адправіўся на сустрэчу са сваімі баявымі таварышамі, партызанскімі камандзірамі, дванаццаццю браценнікамі, якія склалі галовы, мужна абараняючы сваю зямлю, і якім Міхаіл прысвяціў пранікнёны верш, а таксама ўсімі тымі людзьмі, з якімі годна пражыў жыццё і якім ёсць аб чым расказаць…
Алея Герояў
Стаяць шарэнгай роўнаю Героі.
Між дрэў бадзёры ветрык пралятаў,
І песню слухаюць Тварэц і Воін,
Што птушак хор лагодна ім спяваў.
У памятныя дні ці святкаванні
Сюды цякуць людскія ручайкі.
Да стрэлаў-помнікаў асіпаўчане
Нясуць жывыя кветкі і вянкі.
Алея славы нашага раёна —
Айчыны роднай верныя сыны.
Я назаву знаёмых шэсць імёнаў
Герояў мірнай працы і вайны.
Ішоў назначаным яму напрамкам
Сялянскі сын Мікола Каралёў.
Застаўся на чале райвыканкама,
Брыгаду партызан у бой павёў.
Наўчыў каманду вопытных мінёраў
Масквіч адважны Дзмітрыеў Барыс.
Машыны ворагаў ляцелі ўгору,
А з рэек цягнікі спаўзалі ўніз.
Мы зноў сустрэліся, сяржант Раманаў,
Я помню, як каля Малой Гарожы
Агнём гарматным, толавым туманам
Ты засланіў ад танкаў нас варожых.
Антон Гарбацэвіч, работнік старанны,
За справу нялёгкую смела мог брацца.
Выдатна заўсёды спраўляўся з заданнем,
Пасёлак свой родны праславіў ён працай.
Ідуць алеяй двое хлебаробаў:
Камбайнер Кірыновіч, Варабей — старшыня.
Узнагароды іх высокай пробы
Гараць пшанічным колерам зярнят.
Ідуць вітаць герояў нівы новай.
Ужо з дзяцінства ведалі яны,
Што жытні хлеб жыццю ўсяму аснова,
Зярнятку хлебнаму няма цаны.
Героі — гонар наш і слава.
Мы прыклад з іх заўсёды будзем браць.
Іх подзвігі, задумкі іх і справы
Нашчадкі нашы будуць памнажаць.
Бягуць гады, пракрочваюць стагоддзі.
Зямля не спыніць вечны свой палёт.
Легенды ўславяць ратны мірны подзвіг,
Што здзейсніў наш народ.
Міхаіл Падвойскі.