У Дзень ведаў спецшколу-інтэрнат для дзяцей з парушэннем функцыі апорна-рухальнага апарату традыцыйна наведалі шэфы — прадстаўнікі Дэпартамента аховы МУС

У Дзень ведаў спецшколу-інтэрнат для дзяцей з парушэннем функцыі апорна-рухальнага апарату традыцыйна наведалі шэфы — прадстаўнікі Дэпартамента аховы МУС
Яны прывезлі выхаванцам падарункі і яркае тэатралізаванае прадстаўленне: пасля першавераснёўскай урачыстай лінейкі рабяты, іх бацькі і педагогі акунуліся ў сапраўдную казку “Прыгоды Бураціна” з лісой Алісай, катом Базіліо, Мальвінай і, вядома ж, самім драўляным гарэзам.
З пачаткам новага навучальнага года павіншаваў хлопчыкаў і дзяўчынак начальнік Дэпартамента аховы МУС генерал-маёр міліцыі Аляксандр Шэпелеў. Ён пажадаў рабятам поспехаў у вучобе, выказаў калектыву школы падзяку за працу. Таксама Аляксандр Святаслававіч уручыў дырэктару ўстановы Ларысе Гормаш сертыфікат на перадачу школе тэлевізара, а першаклашкам у рамках рэспубліканскай акцыі “Збяры партфель у школу” — ранцы з поўным наборам неабходных для вучобы канцылярскіх прылад.
Свята працягнулася на вуліцы: там вучняў сустракалі раставыя фігуры Сабакі і Савы. Дарэчы, менавіта мудрая сава — сімвал Дэпартамента аховы, а службовыя сабакі — частка яго згуртаванай каманды. Быў на свяце і сапраўдны чатырохногі ахоўнік, які пад кіраўніцтвам міліцыянера-кінолага паказваў цуды дрэсіроўкі.
У завяршэнне мерапрыемства Ларыса Гормаш звярнулася да гасцей са словамі падзякі: “Дэпартамент аховы не толькі стварае ўсім выхаванцам добры настрой, але і падтрымлівае нас матэрыяльна. Прыезд шэфаў заўсёды доўгачаканы, а арганізаваныя імі святы і выступленні для дзяцей з кожным годам становяцца ўсё больш маштабнымі і запамінальнымі. Дзякуй за цеплыню і шчырасць, якую вы кожны раз прывозіце”.