Асіповічы: коратка аб розным

ААТ “ГАНДАЛЬ” за студзень-кастрычнік рэалізавала праз свае магазіны звыш 8 мільёнаў цыгарэт — 410 тысяч пачкаў.
ПРАТАСЕВІЦКІ СЕЛЬСАВЕТ зараз вядзе рамонт і ўстаноўку агароджы цэнтральных вуліц у Пратасевічах і Осаве. Усяго адноўлена каля 500 пагонных метраў плоту. Не пакідаецца па-за ўвагай і добраўпарадкаванне могілак, якія ачышчаюцца ад смецця і зараснікаў. Асаблівы клопат — месца апошняга спачыну ў Пратасевічах-2. За апошнія некалькі месяцаў адтуль вывезена каля 200 кубаметраў розных адыходаў.
У РАЙВАЕНКАМАЦЕ ідзе перарэгістрацыя пасведчанняў на права карыстання льготамі ветэранамі баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў, атрыманых яшчэ ў Савецкім Саюзе. Яна павінна скончыцца да 1 ліпеня 2014 года, пасля чаго будуць выдадзены новыя дакументы нацыянальнага ўзору. На дадзены момант працэдуру прайшло каля 90 чалавек з 263.
ТАА “БРОСВІЛ” СТАА “БЕЛХІМГРУП” нядаўна адкрыла новы цэх, у якім наладжаны выпуск парфумерна-касметычнай прадукцыі, у тым ліку — туалетных вод і духоў. Усяго з канвеера сыходзіць каля 30 найменняў прыемных водараў.