Святлана Шутава: Кожны чалавек разумее слова “радзіма” па-свойму

Святлана Шутава: Кожны чалавек разумее слова “радзіма” па-свойму. Для адных — гэта месца нараджэння, для другіх — горад, дзе сёння жывуць. Але для ўсіх — родная мова, традыцыі, культура…
Многія з нас памятаюць знакамітую песню савецкіх часоў, у якой Радзіма пачынаецца з матулінай калыханкі, малюнка ў буквары, школьных сяброў…
У ліхія 90-я ідэалы, на якія мы раўняліся, былі страчаны. На змену ім прыйшлі іншыя каштоўнасці, героі, рэчы. Але, як неаднаразова падкрэсліваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, універсальныя каштоўнасці, якія доўгі час нам навязвалі, не для нас.
“Няма такой ідэі, дзеля якой ўсе нацыі адмовіліся б ад сваіх этнічнай гісторыі, ладу жыцця і традыцый. Тым больш сёння, калі мы бачым, як руйнуюцца лёсы цэлых народаў, якія бяздумна сякуць карані дрэва сваёй гісторыі, непакояць магілы продкаў, змагаюцца з помнікамі”, — адзначыў беларускі лідар падчас адкрыцця фестывалю “Александрыя збірае сяброў” на сваёй малой радзіме.
Упэўнена, што ўсё пачынаецца з любові да бацькоўскага дома…
Сям’я — гэта і ёсць Радзіма. Дзе бацькі, дзяды, дзеці, унукі — там і вытокі патрыятызму, там — Айчына, Бацькаўшчына.
Калі гляджу старыя фотаздымкі сваіх продкаў, для мяне гэта святыя абліччы, якія напоўнены шчырасцю, дабрынёй і любоўю… Мне пашанцавала, я вырасла ў добрай і працавітай сям’і. Бацькі далі запамінальныя ўрокі. Родныя заўсёды бераглі мяне ад згубы духоўнай і маральнай, іх падтрымку адчуваю і зараз.
Наша жыццё будуецца з маленькіх цаглінак, кожнае дзеянне, сустрэча ўкладваюць у яго сваю часцінку. Цэлае ствараецца не адразу. Яно складваецца паступова, крок за крокам.
Мне давялося пабываць у розных краінах свету і магу з упэўненасцю сказаць, што мая Радзіма — асаблівая, прыгожая, утульная. Беларусь славіцца добрымі людзьмі, гасціннасцю і шчырасцю. Штодня радуюся таму, што мы жывём у міры і згодзе. Так будзе і надалей!
Заўтра, 5 жніўня, Асіповічы будуць адзначаць Дзень горада.
Хачу сказаць вялікі дзякуй людзям, якія праз эканамічныя, сацыяльныя, патрыятычныя, культурныя праекты ствараюць дабрабыт зямлі, на якой жывуць і працуюць. Няхай i надалей захаваюцца ваша мудрасць, працавітасць і жаданне бачыць свой горад квітнеючым і сучасным.
Жывіце з любоўю ў сэрцы! Са святам усіх нас!