Беларуская якасць з мясцовым акцэнтам

Беларуская якасць з мясцовым акцэнтам
Узровень развіцця горада можна ацаніць па тым, наколькі ахвотна вядомыя вытворцы адкрываюць у ім крамы для продажу сваёй прадукцыі. Раёнка пацікавілася, наколькі прывабнай для фірменнага гандлю з’яўляецца наша малая радзіма і ці зручна арганізавана ў іх абслугоўванне.
Пачнём з гандлёвага комплексу “Сіці Мол”. Сярод мноства павільёнаў, якія прапануюць самы разнастайны тавар, маецца толькі адзін фірменны. У ім рэалізуецца жаночая бялізна айчыннага брэнда Verally ПВГУП “ВералиСтиль”. Памяшканне светлае, утульнае, а вольна размешчаныя стойкі дазваляюць з усіх бакоў разглядзець упадабаную адзінку. Для зручнасці пакупнікоў прадаўцы заўжды гатовы даць кансультацыю па выбары, зрабіць неабходныя замеры.
Усё для людзей зроблена і ў недалёка размешчаным Mark Formelle ТАА “Формэль”, які прыцягвае ўвагу стыльнай шыльдай і афармленнем вітрын. Гандлёвая зала абсталявана максімальна камфортна. Да таго ж размяшчэнне паліц не мяняецца ўжо колькі гадоў, таму патрэбную пазіцыю знайсці проста. Імпануе як шырокі асартымент для ўсёй сям’і, так і магчымасць зрабіць замову на сайце вытворцы, а пасля забраць дастаўку ў магазіне.
Для прыхільнікаў якасці, праверанай дзесяцігоддзямі, спакойнай колеравай гамы, натуральных тканін ёсць яшчэ крама ГУП “БлакитТрейдЛогистикс”. Зараз пад шыльдай “8 Марта” рэалізуецца як адзенне аднайменнай гомельскай фабрыкі, так і дамашні тэкстыль брэнда Blakit home, у які ўваходзяць маркі “Паўлінка”, “Блакіт” і Lusso, а таксама калекцыя для самых маленькіх “Блакіт KIDS”. Як і ў папярэднікаў, рабіць пакупкі тут зручна, але, думаецца, патрэбна некаторая рэарганізацыя прасторы: асобнае размяшчэнне камплектаў пасцельных рэчаў дазволіла б лепей іх разглядзець, а таксама дало памяшканню больш паветра.
Асіповіцкі магазін ААТ “Світанак” вядомы большасці жыхароў горада і раёна. Ён славіцца пастаяннымі зніжкамі, акцыямі і багатым асартыментам, але кожны, хто рабіў там пакупкі, памятае, колькі намаганняў патрабавалася, каб дабрацца да патрэбнай рэчы.
Кропка рэалізацыі спартыўнай вопраткі Formatsport ПГВУП “Соло-Пинск” таксама невялікая, але можа пахваліцца арыгінальнай выкладкай тавару, які адсартаваны не толькі па размерах, а і па колерах. Таксама існуе магчымасць паглядзець поўны каталог адзення на сайце вытворцы.
Калі казаць пра такіх волатаў айчыннай абутковай галіны, як “Марко” і Belwest, то работа іх магазінаў у Асіповічах арганізавана такім чынам, каб зрабіць набыццё новых туфляў альбо чаравікаў прыемным заняткам. Зразумелая размерная сетка, шырокі выбар мадэлей, камфортныя пуфікі для прымеркі абутку, заўжды ветлівыя кансультанты і своеасаблівыя “плюшкі”. Так, для ўладальніц нестандартных размераў нагі “Марко” арганізаваў асобны “астравок”, каб не прыйшлося доўга шукаць патрэбную пару, а Belwest прапануе зрабіць інтэрнэт-заказ з дастаўкай як у краму, так і непасрэдна пакупніку.
Таксама ў райцэнтры маюцца фірменныя пункты продажу харчовай, перапрацоўчай, парфумерна-касметычнай і электроннай прадукцыі.
Крама “Мінск Крышталь” ГУП “Торговая компания “Минск Кристалл Трейд” за час свайго існавання атрымала дзясяткі станоўчых водгукаў ад жыхароў Асіповіччыны. Яно і нядзіўна. Прасторная зала аформлена з густам, тавар размяшчаецца на ўзроўні зроку пакупніка. Да таго гэта адзіная кропка, дзе можна набыць айчынныя алкагольныя напоі ў прыгожым і незвычайным сувенірным выкананні.
Магазін прадстаўніка брэнда “Петруха” ААТ “Заднепровье” размясціўся ў цэнтры горада, таму не заўважыць яго нельга. Аднак і тут, як і ў выпадку са “Світанкам”, ёсць мінус — зусім невялікая плошча памяшкання. Прадукцыі з мяса птушкі, вядомай якасцю і смакам, прадстаўлена шмат, але пры вялікай колькасці пакупнікоў добра разгледзець яе складана.
Другі ж вытворца мясных прысмакаў — ТАА “Пуховичимясопрадукт”, які стварыў у нашым горадзе адразу тры аб’екты пад агульнай назвай “Мой мясной”, наадварот, арганізаваў гандлёвыя кропкі такім чынам, каб і тавар было зручна паглядзець, і развярнуцца было дзе. На паліцах наведвальніка чакае ўнушальная колькасць вырабаў са свініны, ялавічыны і кураціны, а таксама розныя віды мяса і субпрадуктаў.
Народнае прызнанне заслужыў фірменны магазін ЗАТ “Атлант”, дзе можна набыць не толькі тэхніку айчыннага вытворцы, але і некалькіх іншых вядомых брэндаў. Нягледзячы на тое што габарыты сучасных тэлевізараў, халадзільнікаў і газавых пліт немаленькія, ганлёвая зала свабодная і акуратная. Таму выбіраць неабходную мадэль лёгка. Вызначаецца магазін наяўнасцю дастаўкі і добразычлівымі кансультантамі.
Беларускую мэблю землякі могуць набыць у дзвюх крамах — “Пинскдрев” ГУП “Пинскдрев-Могилёв” і “АМІ-мебель” ПДУП «Торговый дом “Лагуна”». Унутранае афармленне залаў абодвух аб’ектаў стандартнае: спакойныя колеры, гарманічная расстаноўка ўзораў прапануемай прадукцыі.
На паліцах фірменнага “Мира косметики” ТАА “Белита-Вітэкс-Могилёв” чакаюць свайго пакупніка болей за 200 найменняў прадукцыі: сродкі па доглядзе за тварам, целам, валасамі, дэкаратыўная касметыка, парфум, экстракты раслін, бытавая хімія. Нягледзячы на невялікі памер, крама даволі ўтульная, а прадавец-кансультант заўжды дапаможа ў выбары.
* * *
Падчас гандлёвага ваяжу нельга было не адзначыць, як змяніўся падыход да пакупніка з улікам часу: дзейнічаюць зніжкавыя і бонусныя сітэмы, рэалізуюцца падарункавыя сэртыфікаты. Асобна хочацца спыніцца на рабоце прадаўцоў і кансультантаў. Ні ў адным з азначаных гандлёвых аб’ектаў мы не засталіся без добразычлівага стаўлення і падрабязнай кансультацыі.