Нельга стаяць у баку

Дэпутат — не прафесія
Міхаіла Белага сярод дэпутатаў райсавета можна лічыць гэткім палітычным цяжкавагавіком: у галоўны орган прадстаўнічай улады горада, а пазней — раёна ён выбіраўся ўжо пяць разоў — і, такім чынам, вядзе адлік свайго дэпутацкага стажу з 1991 года. Як кампетэнтны фінансіст да нядаўняга часу Міхаіл Іванавіч займаў пасаду намесніка дырэктара Асіповіцкага філіяла ААТ “Беларусбанк” — Белы доўгі час уваходзіў у пастаянную камісію па фінансах і бюджэце. Сёння ён працуе ў камісіях па самакіраванні і мандатнай.
Дэпутацкая “ратацыя” супала з пераходам на новае месца працы — намеснікам дырэктара УКП ЖКГ. Як прызнаецца Міхаіл Іванавіч, клапотная камунальная гаспадарка пакідае значна меней часу на “савецкія” справы, таму даводзіцца кожную хвіліну ўшчыльняць, наколькі тое магчыма. Вось і размову аб рабоце дэпутата Белага давялося сумяшчаць з паездкай на ферму ў Лучыцах, нагляд за будаўніцтвам якой уваходзіць у спіс службовых абавязкаў намдырэктара камунальнага прадпрыемства.
Прынамсі, па дарозе давялося праязджаць па Юбілейнай выбарчай акрузе № 15, жыхары якой і выбралі ў райсавет Міхаіла Белага.
— Юбілейная акруга знаходзіцца ў “сэрцы” горада, і гэтая акалічнасць у значнай ступені спрашчае многія пытанні, — дае характарыстыку ўзаемаадносін з выбаршчыкамі дэпутат. — Як бы там ні было, а цэнтр Асіповіч — гэта вітрына ўсяго раёна, таму сур’ёзныя пытанні па добраўпарадкаванні, гандлёвым ды медыцынскім забеспячэнні, іншых сацыяльна-бытавых праблемах не ўзнікаюць. Што ж тычыцца асобных “балючых кропак”… Здараецца, што да дэпутата звяртаюцца адзінокія пенсіянеры, што жывуць ва ўласных дамах і па нейкіх прычынах не могуць забяспечыць сябе палівам на зіму, малазабяспечаныя землякі, якім патрэбна дапамога ў рашэнні нейкіх матэрыяльных праблем. Гэта абсалютна нармальна — на тое ж і выбіраецца дэпутат, каб дапамагаць сваім выбаршчыкам у цяжкую хвіліну.
— Але ці звяртаюцца да Вас, як да прафесіянала ў банкаўскай справе, за парадамі ў галіне фінансаў?
— Гады тры назад, калі быў пік будаўніцтва жылля, звярталіся даволі часта. Забудоўшчыкаў цікавілі нюансы атрымання найбольш выгадных банкаўскіх крэдытаў. Пры дасканалым веданні сваіх правоў людзі маглі сэканоміць на будоўлі да 1, 5 тысячы долараў.
Сёння акцэнт фінансавых інтарэсаў маіх выбаршчыкаў змясціўся ў бок платнай адукацыі: людзі ведаюць, што можна зменшыць выдаткі, атрымаўшы льготы па падаткаабкладанні, і ідуць за кансультацыяй, ці маюць на гэта права.
— Калі ўзяць Вашу дэпутацкую дзейнасць, якую справу лічыце сваім найбольшым дасягненнем, а якую — дасягненнем Асіповіцкага райсавета ў цэлым?
— Напэўна, кожнаму дэпутату даводзіцца сустракацца з выпадкамі, калі нейкі зямляк да ўласных спраў ставіцца зусім легкадумна. Дзіўна, але такія недарэчнасці здараюцца зусім не рэдка. Людзі не ідуць за грашыма, якія выдзяляюцца на пахаванне родных, не звяртаюцца своечасова за налічэннем пенсій па выхадзе на заслужаны адпачынак… Дапамагаць такім абыякавым асобам найбольш складана, але ж нельга заставацца ўбаку, калі ведаеш, як выправіць сітуацыю. Адну з выбаршчыц у сабес, дзе яе чакала выплата пратэрмінаванай пенсіі за паўгода, давялося везці амаль прымусова…
Што ж тычыцца райсавета, то ў вялікі плюс трэба занесці яго дасягненні ў галіне фінансавання і кантролю за выкананнем праграм добраўпарадкавання ў цэлым і паўднёвага боку горада ў прыватнасці. Гадоў 10 назад Асіповічы рэальна распадаліся на дэпрэсіўную паўднёвую і перспектыўную паўночную часткі. Сёння такога відавочнага дысбалансу ўжо няма. Тое ж можна сказаць пра яшчэ адну важную для жыцця ўсяго раёна справу: расчыстку дарог зімою. Раней яна займала ад 10 да 15 дзён, зараз — 2-3.
— Дарэчы, пра ўплыў выбаршчыкаў на сваіх дэпутатаў. Якую пазіцыю займалі народныя выбранцы падчас няпростай сітуацыі, што ўзнікла пасля агучвання прапановы аб пераменах у адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле раёна?
— Райсавет быў адзінадушны: такія рашэнні трэба прымаць толькі пасля самага шырокага абмеркавання і з максімальным улікам пазіцыі людзей, жыцця якіх узгаданы падзел тычыцца непасрэдна. Натуральна, дэпутаты зрабілі ўсё, што ад іх залежыць, каб правы і інтарэсы жыхароў Свіслацкага сельсавета не былі ўшчымлены. Як здаецца, скончылася гэтая гісторыя найбольш прымальным для ўсіх зацікаўленых бакоў чынам.
Гутарыў Дзмітрый САЎРЫЦКІ.