На беларускай зямлі лён апрацоўваюць з даўняга часу. З валакна ткалі палатно і шылі адзенне, стваралі выдатныя прадметы побыту, майстравалі цацкі для дзяцей. З насення рабілі алей і варылі кашу. Блакітныя кветкі гэтай расліны ўпрыгожваюць герб Беларусі, сімвалізуючы дабрабыт.

Лён
На беларускай зямлі лён апрацоўваюць з даўняга часу. З валакна ткалі палатно і шылі адзенне, стваралі выдатныя прадметы побыту, майстравалі цацкі для дзяцей. З насення рабілі алей і варылі кашу. Блакітныя кветкі гэтай расліны ўпрыгожваюць герб Беларусі, сімвалізуючы дабрабыт.
Пра лён спявалі, яму прысвячалі вершы, складалі прыказкі і прымаўкі. Янка Купала апісаў прыгажосць лёну так: “Ой, лянок, лянок мой чысты, валакністы, залацісты!”, а Ларыса Геніюш напісала: “То ня сонца пазалотай пакацілася на загон, то ня ўвосень ля балота загарэўся пышны лён”. У народзе казалі: “Лён усіх апранае”, “Лён — кашуля ў полі”.
Праца з лёнам, дарэчы, вельмі цяжкая і працяглая. Пасеяны ў пачатку лета, вырваны ў канцы жніўня, змяты з першым снегам, прадзены зімой з пакулля ў нітцы, лён пачыналі ткаць толькі вясной. І справа гэта таксама карпатлівая і патрабуе сапраўднага ўмення. Але ў выніку атрымліваецца дзіўная тканіна: яна можа быць і грубай, і далікатнай, пры гэтым экалагічная і карысная для здароўя.
Прыгажосць і зручнасць ільняной тканіны шануюць, папулярнасць яе расце з кожным годам. У Беларусі нават праводзяцца фестывалі, прысвечаныя гэтай расліне. Дарэчы, апошні з іх — “Свята льну. Роднае — моднае” — прайшоў нядаўна ў сталіцы.
Вельмі любіць працаваць з ільняной тканінай народны майстар Ірына Забаўская.
— Вышываю толькі па лёне — ручнікі, строі, сувенірную прадукцыю, а таксама адзенне лялек–званарак з аўтарскага праекта па матывах народных абярэжных лялек-матанак і шмат іншага, — расказвае Ірына Пятроўна. — Льняная тканіна неаднародная, трапляюцца няроўныя, дзесьці больш тоўстыя валокны, з–за чаго ад яе адмаўляюцца некаторыя вышывальшчыцы. Аднак для мяне менавіта ў гэтай недасканаласці і ёсць непаўторнасць і прыгажосць льняной тканіны, да таго ж адразу бачна, што матэрыял натуральны. Паколькі вышываю мікракрыжыкам, старанна падлічваю кожную нітачку і адчуваю сапраўднае задавальненне ад цеснага кантакту з ільном.
У залежнасці ад прызначэння вырабу набываю для работы розную тканіну — абрусную, пасцельную, касцюмную, ручніковую і нават з неабчышчанага лёну для сувенірных мяшочкаў.
Лён суправаджаў чалавека на працягу ўсяго жыцця. Дзіцятка спавівалі ў пялёнкі, зробленыя з прыполу матчынай ільняной кашулі. Жаніх з нявестай павінны былі абавязкова пастаяць на льняным ручніку. На вышытых ручніках апускалі ў зямлю труну з нябожчыкам.
Бабуля расказвала, што ў даўніну шырока выкарыстоўвалі тканіну з выбеленага лёну. У маіх продкаў была ўласная дзягцярня. Яны намыльвалі тка-ніну дзягцярным мылам і пакідалі на сонцы, такім чынам яна выбельвалася. У сучасных умовах даглядаць ільняныя вырабы ўвогуле даволі лёгка. Цікава, што чым больш іх мыеш, тым бялейшыя яны становяцца.
Парада ад майстра. Пры мыцці бялізны рукамі валокны льну махрацца і збіваюцца, таму лепш карыстацца пральнай машынай. Ніякія адбельвальнікі не патрэбны, асабліва калі бялізна вышываная. Дастаткова пакласці рэч у пральную машыну і ўключыць камбінаваны рэжым з беражлівым адціскам. Пральны парашок — для каляровай бялізны. Пасля мыцця трэба страсянуць рэч, каб валокны вярнуліся ў першапачатковае становішча. Важна не перасушыць бялізну, а прасаваць трэба з адпарваннем яшчэ вільготнае.