26 красавіка 1986 года чорнай маланкай урэзалася ў летапіс краіны

26 красавіка 1986 года чорнай маланкай урэзалася ў летапіс краіны
Менавіта ў той дзень на чацвёртым энергаблоку Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі адбыўся выбух, які цалкам разбурыў рэактар. Чым гэта пагарджае, як правільна дзейнічаць і адэкватна ўспрымаць, насельніцтва не ведала, бо атамная пагроза навісла над планетай у другі раз за гісторыю (першы быў у жніўні 1945-га).
У ліквідацыі наступстваў аварыі прынялі ўдзел прадстаўнікі розных арганізацый. Былі сярод іх і асіповіцкія чыгуначнікі, у тым ліку Іван Пузік.
Тэрміновую ваенную службу хлопец праходзіў у Германіі, пасля яго адправілі на цаліну. Да дэмабілізацыі паўгода працаваў вадзіцелем сельгаспрадпрыемства. Увесь гэты час салдата чакала любая дзяўчына, з якой пазнаёміліся падчас вучобы ў “сталінскай школе” — так у народзе называлі асіповіцкую СШ № 1.
Потым была жаніцьба, работа на шарыкападшыпнікавым заводзе ў Мінску. Толькі вірлівае жыццё ў сталіцы не прыйшлося па душы маладой пары, таму муж і жонка вярнуліся ў родны горад.
Бацькі Івана працавалі на чыгуначных прадпрыемствах, на стальную магістраль адправіўся і ён. Спачатку працаўладкаваўся ў дыстанцыю ахоўных лесанасаджэнняў, а потым перайшоў у вагоннае дэпо, дзе і атабарыўся амаль на чатыры дзясяткі гадоў. Акрамя папярэдне атрыманай прафесіі вадзіцеля, асвоіў спецыяльнасць электрагазазваршчыка.
Калі адбылася чарнобыльская трагедыя, Івана выклікалі ў ваенкамат
і накіравалі ў Брагінскі раён. У камандзіроўку яго адпраўлялі ўсёй сям’ёй — жонка і двое дзяцей.
Узгадваючы тыя падзеі, Святлана Анатольеўна расказвае: “Праважалі, нібы на вайну. Усе былі ў разгубленасці, бо не ведалі, чаго чакаць. Ды і расказваць каму баяліся”.
А Іван Уладзіміравіч тым часам разам з калегамі пракладаў трубаправод, затым спецыяльным растворам апрацоўваў населеныя пункты. Многія жыхары пакінулі наседжаныя месцы, але былі і такія, хто застаўся. Неабходна было, наколькі магчыма, ачышчаць ад радыенуклідаў пабудовы і глебу.
Жылі ў палатках на беразе Дняпра. Стаяла лета, прырода квітнела, на градах паспявала агародніна. Ліквідатары, не задумваючыся, збіралі апетытныя агуркі ды памідоры і елі іх. Нябачная радыяцыя тады не здавалася такой ужо страшнай. І толькі дазіметр, які насіў кожны ўдзельнік работ, невясёлымі лічбамі нагадваў аб тым, што неабходна пакідаць небяспечную зону.
Праз пэўны час Іван Уладзіміравіч вярнуўся да сям’і, якая яго нецярпліва чакала. Каб гадаваць дзяцей, радаваць родных, працаваць.
У канцы таго ж года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР быў узнагароджаны ордэнам Працоўнай Славы III ступені.
А ў наступным, 1987, годзе Іван Пузік быў пераведзены на пасаду брыгадзіра. Разам з падначаленымі перавыконвалі планавыя заданні пры высокай якасці работ, не раз займалі першае месца ў спаборніцтвах сярод аналагічных падраздзяленняў. Партрэт Пузіка змяшчаўся на Дошцы гонару.
Працоўную дзейнасць скончыў дзесяць гадоў таму, але і сёння ветэран працы з задавальненнем сустракаецца з былымі паплечнікамі, з якімі ёсць пра што ўспомніць. А вось з іншымі ліквідатарамі кантактаў не падтрымлівае: узгадваць падзеі таго страшнага часу лішні раз не хочацца…