Праграма “вёскі будучыні” cтартавала ў нашай краіне пяць гадоў назад, і пасёлак Татарка патрапіў у яе адным з першых

Праграма “вёскі будучыні” cтартавала ў нашай краіне пяць гадоў назад, і пасёлак Татарка патрапіў у яе адным з першых.
Планавалася, што ўзгаданая “рэнавацыя” дазволіць вырашыць большасць праблем паселішча, зробіць яго зручным для жыцця людзей і прывабным для рэалізацыі інвестпраектаў, неабходных для развіцця вытворчасці Аб тым, наколькі спраўдзіліся гэтыя разлікі і чаго не хапае Татарцы сёння “для поўнага шчасця”, размаўляем са старшынёй сельсавета Віктарам Рамашкам.
— Увогуле, змена статуса дала плён, — гаворыць Віктар Віктаравіч. — За мінулую пяцігодку адрамантаваны вуліцы, праведзены прыродны газ, пабудавана станцыя абезжалезвання, пачаў працаваць магазін сеткі “Евроторг”, што задала новы стандарт у гандлі. Палепшылася і сацыяльная інфраструктура, таму ўмовы для медыцынскага абслугоўвання, адукацыі, культурнага жыцця патрабаванням пасялкоўцаў адпавядаюць. Выключэнне — хіба паслугі цырульні. Сваёй няма, відаць 562 насельнікаў для прыбытковай работы недастаткова, таму людзі звяртаюцца з адпаведным заказам у сельвыканкам, а мы ўжо дамаўляемся з КБА аб выездзе майстра.
Шмат зроблена ў плане добраўпарадкавання тэрыторыі. Сярод іншага была вырашана даўняя праблема несанкцыянаваных гаспадарчых пабудоў, якія маюць мясцовую мянушку “прышлёпышы”. Яны масава ўзводзіліся напрыканцы 90-х гадоў, калі для жыхароў шматкватэрных дамоў узнікла неабходнасць у падсобнай гаспадарцы. Галоўны мясцовы работадаўца, торфапрадпрыемства “Татарка”, тады ўвайшло ў цяжкі перыяд, і людзям трэба было выжываць. Вось і будаваліся — танна і хутка, толькі “каб было”. Потым патрэба ў натуральнай гаспадарцы страціла вастрыню, але ж пераканаць людзей знесці часовыя — шмат дзе паўразбураныя — пабудовы было вельмі няпроста.
Сёння іх засталося няшмат, прычым гаспадары імі насамрэч карыстаюцца і трымаюць у прыстойным стане. Так што можна засяродзіць намаганні на чарговай “непад’ёмнай” справе — рэканструкцыі парка. Раней ён быў добраўпарадкаваны, але і часу прайшло нямала, і патрабаванні да зон рэкрэацыі змяніліся. Так што ў бліжэйшы час будзем распрацоўваць план і шукаць фінансаванне. Выдаткі чакаюцца вялікія — трэба рабіць сістэму асвятлення, новыя дарожкі, лаўкі, элементы паркавага дызайну, — так што гэта работа на доўгую перспектыву. Але ж галоўнае — пачаць…
Яшчэ адна справа з прыцэлам на будучыню — будаўніцтва новага шматкватэрнага дома. У Татарцы сёння каля 30 чалавек жыве ў бараках, што, канечне, не радуе.
— Раней Татарка была месцам, дзе рыэлтарскія фірмы набывалі таннае жыллё для сталічных маргіналаў, якія прадавалі свае кватэры з вялікай запазычанасцю па камунальных паслугах…
— Апошняе такое перасяленне адбылося летась, усяго сёння каля 30 кватэр у шматпавярховых дамах належаць узгаданай катэгорыі грамадзян. Яны ў Татарцы не жывуць, іх нерухомасць стаіць зачыненая. З аднаго боку гэта плюс: кантынгент усё ж сумніўны. А з усіх іншых — хутчэй мінус. Цяпер уласнікі жылля не плацяць камуналку тут, а калі штосьці адбываецца ў зачыненых кватэрах — пацякла батарэя ацяплення, вылецела шыба з акна, — патрапіць у іх і правесці неабходны рамонт няпроста.
Ды і шкада, што дыхтоўнае жыллё не прыносіць карысці…
— А як з паляпшэннем інвестыцыйнай прывабнасці?
— Рэалізуюцца дзве бізнес-ініцыятывы. Прадпрымальнікі з Мінска стварылі буйныя плантацыі буякоў. У аднаго справы ідуць добра, ён плануе ў хуткім часе пераабсталяваць будынак амбулаторыі ў перапрацоўчы цэх. У другога інвестара штосьці ў планах памянялася, і ён да свайго бізнесу страціў інтарэс. Што з яго плантацыяй будзе далей, пакуль пытанне адкрытае. Тое ж можна сказаць пра рэалізацыю турыстычнага патэнцыялу: мясцовасць вакол Татаркі незвычайная, аднак вандруюць па ёй адзінкі.
Яшчэ адзін кірунак бізнесу, у якім пасёлак зацікаўлены, — маршрутнае таксі. Пасля таго як чыгунка была электрыфікавана, графік руху пасажырскіх цягнікоў праз нашу станцыю стаў не вельмі зручным. Многія татаркаўцы працуюць у Асіповічах і Бабруйску, і, каб скарыстацца маршруткай, ім даводзіцца неяк дабірацца да шашы М5. Калі б мікрааўтобусы-таксі заязджалі ў пасёлак па папярэднім запісе, гэта было б і для нас зручна і для перавозчыкаў нястратна.